З Богам магчыма ўсё!

Выплыві на глыбіню

Андрэй Януль, алюмн 1 курса Гродзенскай ВДС Паходзіць з парафіі Божай Міласэрнасці ў ПагошчыУ жыцці кіруюся словамі са Святога Пісання: “Усё магу ў тым, хто мяне ўзмацняе” (Флп 4, 13). Калі надыходзяць цяжкія моманты, цалкам давяраюся Богу, і Ён дае сілы крочыць далей.
Пра паліканне
    Аб святарстве я пачаў разважаць пасля хросту, які прыняў у 14 гадоў. Спярша не надаваў гэтым думкам сур’ёзнага значэння, меркаваў, што яны мінуць так хутка, як і з’явіліся. Аднак праз некаторы час яшчэ больш захапіўся паслугай святара. Мне моцна захацелася служыць пры алтары. Кожны раз, калі святар падчас св. Імшы падымаў Гостыю, я заўжды ўяўляў сябе на яго месцы.
    Гэтыя думкі не давалі мне спакою – трэба было з кімсьці параіцца, пажадана з кампетэнтнай асобай. З такім намерам накіраваўся да пробашча нашай парафіі кс. Славаміра Самковіча. Ён распавёў пра свае семінарыйныя гады, пра сваё пакліканне. Пахваліў мяне за адважнае рашэнне, сказаў, што маю добрае жаданне і што трэба падыходзіць да гэтай справы вельмі адказна. Пасля школы я паступіў у прафесійна-тэхнічны каледж. Мае планы на будучыню і жаданні некалькі разоў змяняліся, ажно пакуль не прыйшоў да высновы, што павінен служыць Богу як святар. Сёння дзякую Усявышняму за тое, што навучаюся ў семінарыі, што хапіла адвагі зрабіць такі няпросты выбар.

   Пра семінарыю
    Семінарыя – гэта месца, дзе клерык разважае над сваім пакліканнем. Тут пануе асаблівая атмасфера, якая спрыяе глыбокаму засяроджанню над жыццёвым шляхам. Тут таксама створаны ўсе ўмовы для плённай падрыхтоўкі да святарства. Дзякуючы гэтаму выпускнік духоўнай навучальнай установы ідзе ў жыццё гатовым да здзяйснення важнай місіі.
     
    Пра малітву
    Малітва – асаблівая і вельмі важная форма размовы з Богам, якая мае вялікую вартасць. Менавіта праз малітву мы можам атрымаць неабходныя дары і падтрымку ад Стварыцеля, які прагне атуліць кожнага бязмернай любоўю і пяшчотай. У цішыні сэрца Бог дае адказы на непакоячыя пытанні, адорвае спакоем і падказвае рашэнні ў складаных сітуацыях.
   
    Пра святарства
    Святарства з’яўляецца асаблівым Божым дарам. Менавіта праз святароў, праз іх паслугу, праз здзяйсненне Эўхарыстыі мы можам бачыць жывога Бога, утоенага ў Гостыі. Праз сакрамант хросту святар прыводзіць чалавека да Пана, дапамагае яму крочыць шляхам да збаўлення.
   
    Думаю, што…
    У любых абставінах жыцця трэба вучыцца бачыць не толькі дрэннае. Варта заўважаць добрыя моманты, хоць і можа здавацца, што досыць цяжка. Але праз гэта і ў гэтым мы сузіраем Бога, які заўсёды прагне для чалавека толькі дабра.