Каб пачуць Бога, неабходна навучыцца слухаць сябе!

Выплыві на глыбіню

Кл. Уладзіслаў Малышка, алюмн 5 курса Гродзенскай ВДС Паходзіць з парафіі св. Вацлава ў ВаўкавыскуНе сакрэт, што ўсе хочуць быць выслуханымі, быць патрэбнымі, мець сэнс жыцця. Але каб цябе пачулі, трэба, перадусім, слухаць самому, у першую чаргу – Бога, які прамаўляе як у сэрцы, так і праз іншых людзей.
Пра паліканне
    Мабыць, упершыню я задумаўся аб сваім пакліканні, калі стаў прыслужваць міністрантам. Пачаў прыглядвацца да святароў, што неслі паслугу ў парафіі, і мяне гэта захапляла. Менавіта прыклад іх жыцця, а асабліва кс. пробашча Антонія Філіпчыка, натхніў мяне стаць такім жа. Стаць святаром!
З часам усур’ёз задумаўся над тым, каб прысвяціць сваё жыццё Богу і людзям. Гэтаму вельмі паспрыялі рэкалекцыі па распазнанні пакікання для юнакоў, якія ладзяцца ў гродзенскай семінарыі. Тады, як і многія аднагодкі, я не мог вызначыцца са сваімі жаданнямі і абраць штосьці адно на ўсё жыццё. У 9 класе, дарэчы, хацеў стаць настаўнікам англійскай мовы. У 10 класе разглядаў варыянт працы псіхолагам. Бачыў, як шмат сучасных людзей патрабуюць персанальнай увагі – прагнуў ім дапамагчы. Свой выбар заўсёды супастаўляў з уласнымі здольнасцямі, магчымасцямі, карысцю, якую мог прынесці. Мне хацелася дзяліцца ведамі, быць побач з людзьмі ў цяжкасцях. У пэўны момант прыйшоў да высновы, што ўсё гэта не супярэчыць таму жыццёваму пакліканню, пра якое доўга разважаў, – святарству! Святар – гэта чалавек, які распаўсюджвае збаўчую навуку Хрыста і гатовы кожнаму дапамагчы духоўна, у тым ліку псіхалагічна.
   
   Пра семінарыю
    Трапляючы ў семінарыю, трапляеш у сям’ю. Як у любой сям’і, здараюцца і добрыя моманты, і негатыўныя. Усё гэта вучыць нас прыстасоўвацца адзін да аднаго, выходзіць па-за межы асабістага “я”. Ды і жыць прасцей, калі маеш побач старэйшых братоў. Нярэдка яны своечасова звяртаюць на штосьці тваю ўвагу, дзякуючы чаму пазбягаеш памылак, якія б маглі мець месца ў жыцці. У семінарыйнай супольнасці разам з Богам намагаемся пазбавіцца такой заганы, як пыха. Вучымся несці цяжкасці брата, так як кожны нясе твае.
   
    Пра таленты
    Кожны з нас мае таленты. Яны дапамагаюць служыць Хрысту і Яго справам. Я, напрыклад, не ўяўляў, як магу задзейнічаць свае музычныя здольнасці, лічыў, што для рэалізацыі майго паклікання яны не спатрэбяцца. Але як жа быў здзіўлены, калі раптам прыйшоў да высновы: музыка – своеасаблівы шлях да Бога. У гурце “AVE” я зразумеў, што хрысціянская музыка – гэта нефармальны дыялог з тымі, хто баіцца быць бліжэй да Бога або баіцца аб нечым спытацца святара. Чалавек можа нават не мець нічога супольнага з Касцёлам, але праз любімы жанр, а пасля і праз тэкст упадабанай песні знайсці тое, чаго прагне душа.
   
    Думаю, што…
    Сёння нам не хапае адчувальнасці на іншага чалавека, бо засяроджаны галоўным чынам на сабе. Жадаю ўсім адкрытасці і ўспрымальнасці. Гэта павінна навучыць нас любіць па-сапраўднаму, як чалавека палюбіў Бог. Гэта павінна прывесці нас да святасці, да якой кожны запрошаны Стварыцелем.