Цікаўнасць: добра гэта ці дрэнна?

Роздум - Дапамагчы добрай радай

Думаю, што адназначнага адказу на гэтае пытанне мы не пачуем, бо колькі людзей, столькі і меркаванняў. Са свайго боку, я хацеў бы нагадаць, наколькі, усё ж, цікаўнасць можа дапамагчы нам у жыцці. Адзін вялікі мысліцель аднойчы сказаў: “Калі б не мая цікаўнасць, я б не быў тым, хто я ёсць. Я ёй многім абавязаны”. Як паказваюць даследаванні, цікаўнасць дапамагае нам прыняць самыя важныя рашэнні, пераадолець страх, даведацца, што будзе далей.
    Гэта толькі некалькі пераваг цікаўнасці, але пра ўсё па чарзе.

З апошніх доследаў нейрабіёлагаў над нашым мозгам высвятляецца, што ў ім ёсць прастора, якая адказвае за з’яўленне цікаўнасці. Варта прыгадаць, што менавіта пазнавальная цікаўнасць прыводзіць да неардынарных адкрыццяў. У жыцці ўжо нават існуюць некаторыя правілы, звязаныя з цікаўнасцю: жанчына заўсёды цікаўная і ўсё роўна даб’ецца свайго, у сітуацыі з дзіцём цікаўнасць дапамагае ў развіцці. А калі паслухаць Альберта Эйнштэйна, то цікаўнасць важнейшая за веды, таму што яна ніколі не заканчваецца.Кс. Павел Салабуда,     псіхолаг
    Шэраг даследаванняў паказвае, што задавальненне цікаўнасці вельмі важнае для псіхічнага здароўя. Кожны з нас павінен пастаянна развівацца. Дзякуючы цікаўнасці, якая, безумоўна, павінна быць здаровай, мы можам стаць творчымі, здольнымі ўспрымаць навакольны свет і яго развіццё, лепш разумець сябе і свае патрэбы. Мноству з нас цікаўнасць можа дапамагчы стаць больш упэўненымі ў сабе, мець больш энергіі і пастаяннае жаданне дзейнічаць, часцей бачыць сэнс сваёй працы і мець вышэйшае пачуццё мэтанакіраванасці.
    Цікаўнасць можна развіць. Чалавек не павінен абмяжоўваць магчымасці свайго развіцця, а ставячы перад сабой новыя задачы, ён заўсёды будзе імкнуцца цікавіцца жыццём і сваім захапленнем. У адным з часопісаў я знайшоў некалькі парад, як развіваць цікаўнасць. Вось яны:
   
    1. Не думайце, што ўсё, што Вы ведаеце, відавочна.
    2. Паспрабуйце, як дзіця: з цікаўнасцю і ўважлівасцю азірайцеся навокал. З дзіцячага ўзроўню лепш за ўсё быць цікаўным.
    3. Тое, чаму мы навучыліся аднойчы, не застанецца назаўжды.
    4. Пытайцеся, калі чагосьці не ведаеце.
    5. Спытайце іншых і спытайце сябе. Заўсёды можна параўнаць дзве крыніцы пошуку.
    6. Цікаўцеся светам, іншымі людзьмі і сабой.

   
    Таксама варта адзначыць, што цікаўнасць бывае як добрай, так і дрэннай, і трэба навучыцца адрозніваць два гэтых тыпы, бо наша жыццё поўнае рэчаў цікавых і не вельмі. Добрая цікаўнасць заўсёды служыць развіццю. Па прыкладзе дзіцяці задаючы сабе і іншым пытанне накшталт “чаму?”, мы заўсёды будзем шукаць адказы. А дрэнная цікаўнасць, як, напрыклад, балбатня і да т. п., паводле папы Францішка, “заўсёды будзе спакусай, якая ніколі не пакіне”.
    Дык няхай наша цікаўнасць будзе здаровай і добрай. Заўсёды варта мысліць здарова.