Як дапамагчы чалавеку, які трапіў у секту?

Роздум - Дапамагчы добрай радай

Адразу хачу сказаць, што я разглядаю секту як залежнасць. Апынуўшыся ў секце, чалавек губляе ўнутраную свабоду, надзявае розныя маскі рэлігійных заблытанняў, з якіх ужо не можа вырвацца самастойна, таму яму патрэбна дапамога. Часам дастаткова падтрымкі кагосьці блізкага, але часцей за ўсё сітуацыі бываюць настолькі складанымі, што патрабуецца дапамога спецыяліста.
Чалавек, які трапляе ў секту – а даследаванні паказваюць, што часцей за ўсё гэта маладыя людзі, – сам не будзе прасіць дапамогі. Засігналізаваць аб гэтым могуць яго блізкія, якія заўважылі дзіўныя змены ў паводзінах такой асобы. Няма розніцы, якую назву мае секта: кожная з іх адымае ў чалавека ўнутраную свабоду, а часам нават і розум. Таму, каб вярнуцца да нармальнага жыцця, чалавек павінен зноў знайсці свабоду і здольнасць думаць.
    Кожная секта выкарыстоўвае свае метады вярбоўкі, і трэба быць вельмі ўважлівым да таго, хто і што нам прапануе. Напрыклад, вядомы такія метады, як хаджэнне па хатах у пошуку адзінокіх, хворых асоб або тых, хто адчаіўся, арганізацыя якіх-небудзь лагераў адпачынку або дабрачыннай дзейнасці. Варта памятаць, што секта патрабуе падпарадкавання, яна пачынае вырашаць усе аспекты жыцця сваіх членаў, а таксама выкарыстоўвае такія метады, як дэзінфармацыя і камуфляж.
   Кс. Павел Салабуда,     псіхолаг    Дапамога чалавеку, які трапіў у секту, вельмі складаная і патрабуе вялікіх намаганняў і цярплівасці. Добра, калі да такой дапамогі далучаецца ўся сям’я. Перш за ўсё, варта запомніць і паспрабаваць наступныя крокі:
    1. Нельга панікаваць. Кожнае дзеянне неабходна абдумаць, бо эмоцыі ў такой сітуацыі могуць толькі перашкодзіць.
    2. У сям’і павінны быць цёплыя адносіны і пастаянны кантакт. Варта шмат размаўляць і праводзіць час разам, напрыклад, плануючы сумесны адпачынак, розныя мерапрыемствы. Чалавек, які апынуўся ў секце, не павінен замыкацца ў сабе.
    3. Можна стварыць спецыяльную групу людзей, з кім асоба мела добрыя кантакты да таго, як далучылася да секты (напр. бацькі, знаёмыя, блізкія сябры, настаўнік і г. д.).
    4. Не нападаць на такіх людзей, а наадварот, аказваць сардэчнасць, цікавасць. Часцей гаварыць пра сваю любоў да гэтага чалавека.
    5. Паспрабаваць разабрацца ў сітуацыі і знайсці прычыны, па якіх асоба трапіла ў гэтую групу. Неабходна збіраць інфармацыю.
    6. Варта заахвоціць чалавека задумацца над сваімі паводзінамі, паспрабаваць звярнуцца да сувязяў, якія вас яднаюць, узгадаць шчаслівыя падзеі, якія вы раней перажылі разам.
    7. Калі вышэйпералічаныя метады не працуюць, трэба звярнуцца па дапамогу да спецыялістаў, напрыклад, да святара або псіхолага.
    На жаль, у Беларусі няма спецыялізаваных цэнтраў дапамогі такім людзям ці іх сваякам, але варта паспрабаваць спачатку паразмаўляць са сваім пробашчам, які ўжо пакіруе ўсёй гэтай справай.
    Было б вельмі добра, калі б пасля прачытання гэтага артыкула знайшліся людзі, якія ўжо перажылі падобную праблему і выйшлі да супрацоўніцтва, каб стварыць своеасаблівую каманду дапамогі ўсім тым, хто цяпер трапляе ў секты. Прашу звяртацца ў рэдакцыю газеты, якая ўжо паведаміць мне. Памятайма, што сект шмат і іх дзейнасць вельмі шкодная.