Чаму нельга біць дзіця?

Дапамагчы добрай радай

    Кс. Павел Салабуда,     псіхолаг

Напэўна, большасць бацькоў скажуць, што маленькі пляскач “не нашкодзіць” дзіцяці, а наадварот, дапаможа ў выхаванні. Знойдуцца нават тыя, хто ўпэўнены, што дзіця часам заслугоўвае папругі. Некаторыя дарослыя, тлумачачы свае “правільныя” паводзіны, гавораць, што ўдарылі з любоўю.
    Безумоўна, не ўсім спадабаецца мой адказ, бо хтосьці падкрэсліць, што святар не ведае, што значыць выхоўваць дзяцей кожны дзень, што “бацькі нас білі, і мы выраслі добрымі людзьмі” і да т. п. Так, згодны, што сённяшняе малодшае пакаленне значна адрозніваецца ад пакалення, якое было, напрыклад, 10-20 гадоў таму. Аднак адказ адназначны – біць дзяцей нельга ні пры якіх абставінах і ніякім чынам. Нельга забывацца, што біццё (нават лёгкі пляскач) з’яўляецца насіллем, а гвалт заўсёды спараджае гвалт.
Трэба памятаць – і гэта вельмі важна – што ахвяры збівання становяцца пазней тымі, хто лягчэй за ўсё возьмецца біць іншых. Бітае дзіця вучыцца, што калі мяне збіваюць, то і я магу біць іншых, напрыклад, слабейшых. Для такога чалавека гвалт успрымаецца як прымальны і эфектыўны спосаб рэгулявання адносін з іншымі людзьмі. З часам ён уключае збіванне ў свой рэпертуар паводзін.
    Я сутыкнуўся з вялікай колькасцю даследаванняў, дзе аўтары адзначаюць, што дзеці, якія церпяць біццё і здзекі бацькоў, становяцца найбольш агрэсіўнымі ў адносінах да аднагодкаў, жывёл, навакольных рэчаў і г. д. Таксама амаль не выклікае сумненняў, што ў будучыні яны будуць біць і сваіх дзяцей.
    Біццё заўсёды спараджае бунт і нянавісць, а лупцуючы і запалохваючы дзіця, мы знішчаем яго самаацэнку. Такое дзіця можа закрыцца ад іншых людзей, маючы поўнае непрыязнасці стаўленне нават да сваіх блізкіх.
    Перш за ўсё, калі бацькі хочуць пакараць сына ці дачку, яны павінны ўтаймавацца і, па магчымасці, суцішыць свае эмоцыі, думаючы пра тое, што перадаць і як навучыць дзіця быць паслухмяным. Вельмі добры метад – замест таго, каб падняць руку, проста абняць ці прытрымаць дзіця і пачакаць, пакуль супакоіцца. Пасля такіх абдымкаў бацькі самі знойдуць спакой і абгрунтавана змогуць ацаніць сітуацыю. Але і дзіця таксама абавязана слухацца старэйшых. Бацькі, школа і грамадства павінны нагадваць яму пра гэта.
    Да кожнага дзіцяці патрэбны падыход і адрозныя выхаваўчыя метады, дзякуючы якім можна нешта растлумачыць і разлічваць на яго супрацоўніцтва. З другога боку, сёння шмат гавораць пра выхаванне без стрэсаў і яго нізкую эфектыўнасць, а таксама пра вялікую бездапаможнасць бацькоў перад сваімі дзецьмі. Таму няхай менавіта малітва будзе падмогай у добрым выхаванні будучага пакалення.