Дапамагчы добрай радай

Дапамагчы добрай радай

Кс. Павел Салабуда, псіхолагБеручы пад увагу надзвычайны прагрэс у медыцыне і псіхалогіі, мы можам лепш інтэрпрэтаваць стан і паводзіны: як уласныя, так і іншых людзей. Пры гэтым вера і рэлігія не з’яўляюцца ўзаемавыключальнымі паняццямі – уяўляюць сабой найважнейшыя элементы жыцця. Такая думка натхніла мяне разам з працаўнікамі Каталіцкай кансультацыі Гродзенскай дыяцэзіі стварыць на старонках газеты “Слова Жыцця” новую рубрыку “Дапамагчы добрай радай”.
Нашы спецыялісты дзякуючы адпаведнай кваліфікацыі здольны дапамагчы лепш зразумець сябе і сваіх блізкіх.
Можна сказаць, што мы жывём у часы некампетэнтнасці. Замест таго, каб маліцца за дзіця, калі яно палохаецца, многія накіроўваюцца да “бабак-шаптух”, замест таго, каб пайсці ў групу падтрымкі для ананімных алкаголікаў, спрабуюць разнастайныя “кадзіраванні”, замест таго, каб паразмаўляць са святаром, купляюць параднікі тыпу “дапамажы сабе сам” і г. д. Але праблемы ніколі не існуюць у чыстай форме. Сусветная арганізацыя здароўя адзначае, што на стан чалавека ўплывае таксама спосаб мыслення, пачуцці, якія носіць у сэрцы, неадпаведныя паводзіны і да т. п.
    Ідэал духоўнага здароўя – гэта стан першапачатковай ласкі. Адам і Ева перад першародным грахом не хварэлі ні целам, ні душой: “І стварыў Бог чалавека паводле свайго вобразу, паводле Божага вобразу стварыў яго, стварыў мужчыну і жанчыну” (Быц 1, 27). Сёння чалавецтва пакутуе ад розных хвароб, таму галоўным прадметам нашых разважанняў будзе здароўе: цялеснае, псіхічнае і духоўнае.
    Напэўна, кожны хоць аднойчы перажываў нездаровыя сітуацыі. У цяжкую хвіліну важна натрапіць на асобу, якая сапраўды здольна дапамагчы. Пачуць ад кагосьці словы тыпу “не хвалюйся” – занадта мала. Большасць чакае канструктыўных рэкамендацый адносна таго, як справіцца з напатканымі цяжкасцямі.
    Асноўным заданнем кансультавання з’яўляецца пазнанне іншага чалавека.
    Гэта штосьці большае, чым толькі назіранне за яго фізічным станам, таму што трэба браць пад увагу шмат іншых момантаў: вызнаваемыя каштоўнасці, узровень духоўнага жыцця, атрымліваемыя эмоцыі, успаміны і г. д. Праўда ў тым, што зразумець іншую асобу значна складаней, чым самога сябе.
    Рубрыка “Дапамагчы добрай радай” будзе датычыць пытанняў і праблем, з якімі чалавек сутыкаецца кожны дзень. Паважаныя Чытачы, калі Вас нешта непакоіць, у чымсьці сумняваецеся, шукаеце дакладнага тлумачэння або проста маеце патрэбу ў падтрымцы, можаце дасылаць свае лісты на паштовы або электронны адрас рэдакцыі, які змешчаны на апошняй старонцы газеты. Спецыялісты Каталіцкай кансультацыі з задавальненнем дапамогуць добрай радай!
    Хацелася б падкрэсліць, што ў першую чаргу трэба памятаць пра атрыманыя ад Бога звышнатуральныя дары: малітву, сакраманты, духоўнае кіраўніцтва. Езус з’яўляецца самым цудоўным Лекарам, а сакраманты – найлепшым лякарствам! Веды з вобласці псіхалогіі – таксама Божы дар. Тэрапію нельга супрацьпастаўляць малітве, сакрамантам ці духоўнаму кіраўніцтву. Усё гэта павінна супольна служыць здароўю чалавека.