Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч у Марыйным санктуарыі ў Гетшвалдзе

Свет

Па запрашэнні вармінскага Мітрапаліта арцыбіскупа Войцеха Зембы 12 верасня 2010 г. Мінска-Магілёўскі Мітрапаліт арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч наведаў Гетшвалд (Польшча), дзе ўзначаліў адпустовыя ўрачыстасці ў гонар Божай Маці ў санктуарыі Гетшвалдскай Божай Маці, што ў 20 кіламетрах ад Ольштына.
    Санктуарый у Гетшвалдзе бярэ свае вытокі ад цудоўнага абраза Гетшвалдскай Божай Маці, першыя звесткі аб якім вядомы з 1568 г. Сваю славу ён, аднак, атрымаў пасля аб’яўленняў Божай Маці, што адбыліся з 27 чэрвеня да 16 верасня 1877 г. Тады Панна Марыя першы раз аб’явілася дзецям на клёне, а 8 верасня благаславіла крынічку, адкуль да сённяшняга дня людзі чэрпаюць цудатворную ваду. Менавіта таму Гетшвалдскі санктуарый часта называюць вармінскім Лурдам. Цікава таксама тое, што зараз завяршаецца беатыфікацыйны працэс адной з гетшвалдскіх візіянерак — сястры з супольнасці Сёстраў міласэрнасці св. Вінцэнта дэ Поля с. Барбары Самулоўскай, якая памерла ў 1950 г.
    У наш час Гетшвалдскі санктуарый з’яўляецца адным з найбольш вядомых у паўночна-заходняй Польшчы. І на гэты раз у адпустовых урачыстасцях прынялі ўдзел каля 40 тысяч вернікаў.