Сам-насам з Богам. Каштоўнасць маўчання

З Богам праз штодзённасць

Разам з жаданнем штосьці напісаць пра св. Яна Паўла ІІ кожны раз узнікае разгубленасць: а што я ўвогуле ведаю пра яго? Біяграфію больш-менш? У памяці паўстае постаць Папы на кадрах тэлевізійных трансляцый, натоўпы, якія яго атачалі, фразы, што сталі крылатымі…
    Нядаўна мне на вочы трапіла кароткае відэа сустрэчы папы Яна Паўла ІІ з моладдзю ў Кракаве (Польшча) падчас пілігрымкі ў 1979 годзе. У самым пачатку ён сказаў: “Я ўсё думаю, што азначаюць гэтыя апладысменты?”. Напэўна, Ян Павел ІІ ведаў, што такое энтузіязм, захапленне і радасць сустрэчы. Але, здаецца, чакаў большага, і не толькі ад тых маладых людзей, але ад усіх, з кім спатыкаўся: разумення і дзейснай падтрымкі, супрацоўніцтва ў служэнні Богу і людзям.
Сёлета – у год, прысвечаны св. Яну Паўлу ІІ, – ёсць добрая нагода ўзгадаць яго мары аб свеце без войнаў і несправядлівасці, аб хрысціянах, якія жывуць у братэрстве, аб моладзі, якая не баіцца высокіх прагненняў… Спіс можна працягваць доўга, вядома. Што стала з гэтымі марамі? Калісьці здавалася, што словы Яна Паўла ІІ падаюць на добрую глебу. Сёння варта азірнуцца і паглядзець, ці парупіліся мы аб плёне або, прынамсі, аб парастках? У нашы дні Папа ўжо не прыедзе з пілігрымкай, не растлумачыць таго, што за жыццё не паспеў, не напіша ліст да тых, хто хацеў бы спытацца: “І што цяпер, Святы Ойча, што цяпер?”. Засталося, бадай што, самім вырушыць у пілігрымку па яго творах і адкрыць іх нанова, як гарады і краіны. І калі жэсты і ўчынкі св. Яна Паўла ІІ былі красамоўнымі самі па сабе, то чытанне яго спадчыны патрабуе засяроджанасці і ўдумлівасці.
    Гэтак няспешна і ўважліва прапаную прачытаць яго думку пра маўчанне. Але спачатку будзе іншая цытата: “Узрастае чаканне слова як абуджэння, вызвалення, адкрыцця сэнсу. Мова – шум; слова – мадуляцыя цішыні. Вера жыве словам, яна прыходзіць у заняпад ад гаварэння. Сапраўднае слова – гэта слова жыцця, патаемнае і перадаваемае з цяжкасцю. Яно належыць людзям цішыні і спачування і нараджаецца ў творчым святкаванні жыцця і прыгажосці” – з кнігі Аліўе Клемана “Водбліскі Святла. Праваслаўная тэалогія прыгажосці”. Чаму “праваслаўная”? Таму што пра каштоўнасць маўчання св. Ян Павел ІІ піша ў 1995 годзе ў апостальскім лісце “Orientale Lumen” (“Святло Усходу”), у якім стараецца наблізіць заходнім хрысціянам багацце ўсходняй традыцыі: “Трэба прызнаць, мы ўсе патрабуем таго маўчання, пранізанага прысутнасцю Бога, якога адаруем: яго патрабуе тэалогія, каб магла ўпоўні развіць свой павучальны і духоўны характар; яго патрабуе малітва, каб ніколі не забывалася, што бачанне Бога азначае сыходжанне з гары з тварам настолькі прамяністым, што трэба яго прыкрыць заслонай (параўн. Зых 34, 33), і каб нашы супольнасці былі здольныя зрабіць месца для Божай прысутнасці, пазбягаючы самаўсхвалення; яго патрабуе прапаведаванне, каб мы не падманвалі саміх сябе, што шматслоўнасцю можна наблізіць людзей да досведу Бога; патрабуе яго чалавечы высілак, каб не замкнуцца ў змаганні без любові і прабачэння. Патрабуе яго, нарэшце, сучасны аглушаны шумам чалавек, які часта не ўмее маўчаць, бо баіцца спаткаць самога сябе, адкрыць пустку, якая з’яўляецца пытаннем пра сэнс. Усе, веруючыя і няверуючыя, павінны навучыцца маўчанню, якое дазволіць Богу прамаўляць, калі і як Ён пажадае, а нам – разумець Яго слова” (OL, 16).
    Бог, які ёсць паўсюль і заўсёды, нястомна прамаўляе да чалавека. Тым не менш, ад нас залежыць, ці клапоцімся аб прасторы для Яго прысутнасці. Ці звяртаем увагу на тое, як Ён звяртаецца да нас? Не толькі праз выразнае слова, праз значныя падзеі ці нават цуды, але праз саму штодзённасць, якая можа стаць у святле Пасхі “творчым святкаваннем жыцця і прыгажосці”. Тэалогія і мудрае прапаведаванне патрабуюць не ўдасканаленага гаварэння, а слоў, якія нарадзіліся ў маўчанні перад Богам, у слуханні, у адарацыі. На думку Яна Паўла ІІ, досвед Бога немагчыма даць і нават наблізіць праз шматслоўнасць. У наш час гэта стала яшчэ больш актуальным. З распаўсюджаннем сацыяльных сетак, здаецца, кожнаму ёсць што сказаць, і “трыбуна” з глабальным абсягам ужо падрыхтаваная.
    Аднак, на самой справе, слоў стала столькі, што сэнс сказанага ўжо мала каго кранае. Магчыма таму, што занадта часта там яго і няма…
    Затое ёсць змаганне за ўвагу, за бачны вынік, за пахвалу, у канчатковым рахунку. Без маўчання і ўсведамлення велічы Бога, які з’яўляецца Крыніцай усіх дароў, і малітва, і жыццё ў супольнасці стануць нязноснымі, бо кожны будзе захапляцца толькі самім сабой і патрабаваць ад іншых адпаведных знакаў прызнання. Будзем тады да апошніх сіл зацята змагацца “без любові і прабачэння”, але не зразумеем, чаму ўнутры толькі нарастае пустка і расчараванне. Колькі б нас ні хвалілі, будзе замала. Эгаізм ненасытны! Трэба вучыцца паставе адарацыі, аб якой піша св. Ян Павел ІІ, каб з пакорай прыняць, што Бог застаецца для нас неспасціжным нават у тым выпадку, калі, як Майсей, сустрэнемся з Ім падчас малітвы “тварам да твару” (параўн. Дрг 34, 10).
    Тую пустку, якую баімся адкрыць у сабе, можа запоўніць толькі Бог, бо яна сапраўды велізарная. Аднак дзеля таго, каб зразумець, што гэта туга па Богу, патрэбна тое маўчанне, якое дазволіць Яму прамаўляць, а нам – пачуць тое адзінае Слова, у якім ёсць святло, непадуладнае цемры.
    Як навучыцца маўчанню, якое дае месца Богу, cв. Яне Паўле?