Малітва любячай увагі. Заканчэнне

З Богам праз штодзённасць

З Богам праз штодзённасць
У двух апошніх артыкулах мы даволі пільна прыглядаліся да рахунку сумлення. Пачалі з яго класічнай формы, разабралі прагляд дня і малітву любячай увагі, іх адметнасці і этапы. Засталося зрабіць яшчэ адзін крок, а менавіта адступіць крыху назад, каб павялічыць шырыню агляду.
    У Божую прысутнасць я прыходжу як рэальны чалавек, а не выдуманы герой, які ўсё робіць на выдатна ды яшчэ з дня ў дзень удасканальваецца. Што сёння будзе маёй шчырасцю ў адносінах са Створцам і Збаўцам? Плынь слоў і думак ці маўчанне? Усмешка ці схаваны ў далонях твар? А можа, увогуле адмаўленне ад актыўнага пазнання сябе і простае прабыванне пад позіркам Бога, які бязмежна і безумоўна любіць мяне?
Жывая малітва багатая мноствам адценняў і варыяцый. Цікавым назіраннем дзеліцца а. Уільям Ламберт SJ, які шмат увагі ў сваіх кнігах прысвячае рахунку сумлення: “Многія сужэнствы адкрылі для сябе, што апавядаць адно аднаму аб пражытым дні – добры спосаб зрабіць прагляд дня і адначасова ўмацаваць адносіны з партнёрам. Я ўражаны звычаем адной пары, з якой асабіста знаёмы. З-за напружанага працоўнага графіка сняданак – адзіны час, калі яны могуць пабыць сам-насам. На працягу гэтай каштоўнай паўгадзіны муж і жонка размаўляюць толькі пра сябе і пра тое, што датычыцца іх абодвух. Калі штосьці іншае прасочваецца ў размову сужэнцаў, яны задумваюцца, ці ўсё добра ў іх адносінах”.
    А ці не прасочваецца ў нашу малітву ацэньванне (і нават абясцэньванне) іншых людзей, зацыкленасць выключна на сваіх поглядах і памкненнях, схільнасць да наракання больш, чым да падзякі? Сцісла кажучы, ці ўсведамляем мы тады, з Кім размаўляем? Нездарма а. Ламберт згадвае сужэнцаў. Бог праз святых і прарокаў карыстаецца катэгорыямі сужэнства, каб паказаць чалавеку, да якіх адносін з Ім трэба імкнуцца. Праз прарока Осію так кажа Пан: "Я заручуся з табою навекі; заручуся з табою ў справядлівасці і правасуддзі, у міласці і міласэрнасці. Заручуся з табою ў вернасці, і ты пазнаеш Пана” (Ос 2, 21–22).
    Бог прагне быць для чалавека той Асобай, размовы з якой будуць нязмушанымі і сардэчнымі, як у доме, дзе пануе шчырасць і згода. Бог прагне быць Тым, каго не будуць ігнараваць, але слухаць, задаваць пытанні, каму будуць распавядаць нават нязначныя дробязі, дзяліцца трывогамі і радасцямі. Ён жадае сапраўдных жывых адносін, а не захавання дыстанцыі.
    А. Ламберт перакананы, што, “як і ў сям’і, глыбіня і любоў прычыняцца да фарміравання ў нас асабістага стылю малітвы, адпаведнага стану нашага жыцця і веры, стылю разнастайнага і звычайнага, як сама штодзённасць. Сэнс у тым, каб падыходзіць да свайго жыцця, як да мастацкага твора, які паступова нараджаецца ў сутыкненні спантаннасці і звычкі, выпадковасці і дысцыпліны, карыстаючыся дапамогай пастаяннай, падсвядомай і засяроджанай увагі”. Такі творчы падыход дапамагае знайсці свой уласны спосаб заканчэння дня ці малітоўнага перапынку падчас абеду ці шпацыру. Магчыма, некаторыя яго падказкі будуць карысныя чытачам у той ці іншы перыяд жыцця.
    Ці падчас малітвы павольна, у рытме дыхання, молімся “Ойча наш”;
    ці ствараем асабісты псалом;
    ці дазваляем дню, як фільму, разгарнуцца перад нашымі вачыма;
    ці ператвараем якую-небудзь асобную сітуацыю ў слайд, які можна выкарыстаць у “медытацыі над вобразам”;
    ці спрабуем суцішыцца, бо адчуваем, што шум і паспех заглушаюць голас унутранага свету;
    ці дазваляем святлу сённяшняга чытання Евангелля праліцца на ўзлёты і падзенні гэтага дня;
    ці перажываем наноў нейкае здарэнне, каб дзень не скончыўся раптоўным тармажэннем, але запавольваннем тэмпу і адпачынкам;
    ці імкнёмся заўважыць, як духоўная атмасфера ранішняй медытацыі амаль нячутна, але адчувальна насычала атмасферу ўсяго дня;
    ці, як параход, “выпускаем пар” з надзеяй, што ён узнімецца высока ў неба, як дым кадзіла;
    ці нагадваем сабе, што “патрэбна толькі адно”;
    ці ўглядаемся ў постаць святога, якога ўспамінаем у гэты дзень, і стараемся “заразіцца” ад яго “вірусам” любові;
    ці складаем спіс падзяк;
    ці звінаем абрысы дня ў “залатой думцы” альбо вершы;
    ці спісваем чарговую старонку свайго дзённіка;
    ці вымаўляем любімую малітву;
    ці спрабуем свядома прыняць нейкую цяжкую сітуацыю;
    ці аналізуем чарговы раз важную здагадку, прасвятленне, дадзенае нам сёння;
    ці проста чакаем моўчкі;
    ці ўнутрана канфрантуем з газетнымі навінамі або асабістым лістом, які нас узрушыў;
    ці стараемся быць прысутнымі без слоў у чуйнай паставе цела;
    ці рыхтуемся да споведзі альбо духоўнай размовы;
    ці ўспамінаем важныя моманты апошніх рэкалекцый, якія не хацелася б страціць у штодзённай заклапочанасці;
    ці разважаем пра свае адзнакі і задаём сабе пытанне, як здалі экзамены па чалавечнасці і хрысціянстве;
    ці стараемся прадумаць хрысціянскую стратэгію паводзін з людзьмі;
    ці падыходзім да кагосьці пасля гарачай сваркі і спрабуем пачаць усё спачатку…
   
    Кожны пералічаны вышэй пункт можа стаць спосабам малітвы любячай увагі, аналізу, разважання над жыццём, прагляду дня.