Сінадальная камісія па справах кансэкраванага жыцця запрашае глыбей засяродзіцца над манаствам, узгадваючы сінтэз навучання Касцёла на тэму кансэкраванага жыцця, прыглядаючыся да розных яго форм. Камісія выражае радасць у сувязі з росквітам на Гродзеншчыне старажытнага стану прысвечаных Богу паннаў і развіцця стану кансэкраваных удоў. Прадстаўніцы гэтых супольнасцей з’яднаны асаблівай сувяззю з лакальным Касцёлам, якому аддана служаць, аднак застаюцца ў свеце. Таксама члены Камісіі разважаюць над пытаннем, што манаскія асобы могуць прапанаваць Гродзенскаму Касцёлу сёння, указваюць на сучасныя выклікі адносна кансэкраванага жыцця, прапануючы новыя рашэнні ў справах, якія патрабуюць змен. Згодна з дазволам Апостальскай Сталіцы, для духоўнай карысці Касцёла на Гродзеншчыне рэкамендавана заснаванне манастыроў сузіральнага характару. Трываючы ў самотнасці і маўчанні, слухаючы Божае слова, справуючы літургію, практыкуючы асабісты аскетызм, малітву, самакатаванне і братэрскую камунію, пакліканыя ў іх маглі б даваць мясцоваму Касцёлу асаблівае сведчанне любові да Пана і чалавека, а таксама выпрошваць ласкі, неабходныя для душпастырскай дзейнасці.
Дар кансэкраванага жыцця ва ўсёй разнастайнасці харызмаў і інстытутаў з’яўляецца вялікім дабром і багаццем для Паўсюднага Касцёла. Паслуга манаскіх асоб прысутная на розных прасторах. Падчас Дыяцэзіяльнага сіноду вернікі асаблівым чынам заклікаюцца да адданай малітвы, каб паглыбіць разуменне харызматычнай натуры манаскага жыцця, а не толькі яго апостальскага вымярэння.