Бл. Малгажата Луцыя Шэўчык: заступніца ўбогіх і сірот

Нашы заступнікі перад Богам

У іканаграфіі бл. Малгажату Шэўчык прадстаўляюць у манаскім хабіце з ружанцам у руцэ.Прысвяціла жыццё патрабуючым. Заснавала бесхабітовую супольнасць, якая апекуецца беднымі. Навучала дзяцей катэхізму, клапацілася пра касцёлы на роднай Валыні. Ва ўсім шукала волю Бога.
Служыла
   самым
   слабым

    Луцыя Шэўчык нарадзілася ў 1828 годзе ў Шэпетоўцы каля Заслаўля на Валыні (Украіна) у заможнай сям’і. Калі ёй было ледзьве 9 гадоў, стала сіратой. Апеку над дзяўчынкай узяла старэйшая зводная сястра. Дзякуючы ёй Луцыя атрымала добрую адукацыю.
Ужо ў маладосці адкрыла ў сабе пакліканне да манаскага жыцця. Аднак у сувязі з палітычнай сітуацыяй на Валыні не магла яго рэалізаваць: кляштары ліквідавалі, касцёлы закрывалі, духавенства высылалі ў Сібір. Таму ўступіла ў ІІІ Ордэн св. Францішка і старалася жыць паводле евангельскіх парад. Клапацілася аб святыні, шыла і вышывала літургічную бялізну, рыхтавала дзяцей да Першай св. Камуніі, апекавалася беднымі.
    Маючы 42 гады, вырушыла ў пілігрымку ў Іерусалім. Цяжкасці падарожжа ахвяравала ў інтэнцыі Касцёла на Валыні. Першы этап дарогі (1800 кіламетраў) прайшла пяшком. Праз Бердычаў і Вінніцу дабралася да Адэсы, дзе села на карабель. На Святой Зямлі знаходзілася каля 3-ох гадоў. Працавала ў шпіталі св. Юзафа разам з французскімі манахінямі і надалей разважала над тым, як можа рэалізаваць сваё жаданне служыць найбяднейшым.
    Пасля вяртання на радзіму пазнаёмілася з а. Ганаратам Казьміньскім, які на акупаваных землях засноўваў таемныя супольнасці. Іх члены жылі як свецкія, евангелізуючы ўпотай. Так паўстала 26 ордэнаў. Сузаснавальніцай аднаго з іх стала Луцыя, якая атрымала новае імя – Малгажата. Яна купіла ў Закрочыме дом і на ўласных плячах унесла ў яго 2-юх першых бабулек. Такі быў пачатак Кангрэгацыі Дачок Маці Божай Балеснай (серафіткі). Затым у Асвенціме жанчына пабудавала кляштар, які стаў генеральным домам кангрэгацыі, што прагнула служыць пакінутым і хворым, а таксама вучыць і выхоўваць на рэлігійных вартасцях дзяцей у адкрываемых дзіцячых дамах і прытулках.
    Памерла 5 чэрвеня 1905 года. Беатыфікавана папам Францішкам 9 чэрвеня 2013 года ў Кракаве.
    Праз заступніцтва бл. Малгажаты адбываюцца шматлікія цуды: вернікі дзякуюць за перамяненне сэрца і вызваленне ад залежнасці, дапамогу ў цяжкіх справах, паспяховую аперацыю і аздараўленне, шчаслівае нараджэнне дзіцяці і ацаленне ад аварыі.
   
    Чаму можам навучыцца ў бл. Малгажаты?
    Бласлаўлёная вучыць поўнасцю давяраць Божаму Провіду. З’яўляецца прыкладам жывой веры і асаблівай пашаны да Маці Божай Балеснай. Праз свае адносіны да Эўхарыс- тыі – крыніцы яе апостальскага запалу – служыць узорам адданага трывання пры Езусе Хрысце.
   
    Цікава!
    Ужо падчас перанясення парэшткаў бласлаўлёнай у кляштарны касцёл прысутная на гэтай урачыстасці жанчына з Асвенціма атрымала ласку поўнага аздараўлення ад шматгадовай хваробы.
   
    З вуснаў бласлаўлёнай
    “Трэба жыць і давяраць Богу – Ён не пакіне, заўсёды будзе нас падтрымліваць”.
   
    Літургічны ўспамін
    Касцёл узгадвае бл. Малгажату 5 чэрвеня.