Св. Джана Берэта Мола: заступніца ўрачоў

Нашы заступнікі перад Богам

У іканаграфіі св. Джана Берэта Мола прадстаўлена як клапатлівая маці,  часцей за ўсё ў акружэнні дзяцей.

З’яўляецца апякункай сужэнстваў, сямей, зачатых дзяцей, цяжарных маці, а таксама арганізацый, якія аб’ядноўваюць урачоў акушэраў-гінеколагаў на службе жыццю.

    Гераічная маці
    Джана з’явілася на свет у Маджэнта каля Мілана (Італія) 4 кастрычніка 1922 года ў шматдзетнай сям’і. Ужо ва ўзросце 16-ці гадоў задумвалася аб місійнай працы дзе-небудзь далёка ў трапічных краінах. Запісала тады ў нататніку: “Езу, я абяцаю паддацца ўсяму, чаму Ты дазволіш са мной здарыцца. Учыні толькі, каб я распазнала Тваю волю”. А потым выпісала 11 жыццёвых дэвізаў. Між іншым, што ў кіно пойдзе толькі тады, калі даведаецца, ці адпавядае фільм маральным нормам, што кожны дзень будзе маліцца “Вітай, Марыя” ў інтэнцыі добрай смерці і прасіць Пана Езуса, каб не быць асуджанай у пекле.
У 1949 годзе атрымала дыплом у галіне медыцыны і хірургіі, а праз 3 гады здабыла таксама спецыялізацыю педыятра. Па стане здароўя адмовілася ад выезду на місіі ў Бразілію, дзе служыў місіянерам яе брат. Аднак часта дабіралася да хворых у аддаленых і закінутых мясцовасцях. Неўзабаве стала медыцынскім дырэктарам ясляў і бясплатна працавала ўрачом дзіцячага садка і агульнай школы, якую ўтрымлівалі сёстры кананічкі ў Понтэ Нуова дзі Маджэнта.
    У 1955 годзе Джана выйшла замуж за 43-гадовага Пятра Молу, уносячы ў шлюбнае жыццё радасць і спантаннае жаданне нарадзіць шмат дзяцей. З вясельнага падарожжа пісала сваёй малодшай сястры манахіні: “Малюся, каб Пан Бог у хуткім часе падарыў мне многа паслухмяных і святых дзяцей”. Праз год пасля шлюбу ў іх нарадзіўся сын П’ерлуіджы, які быў ахвяраваны Маці Божай Добрай Рады. Яшчэ праз год на свет з’явілася Марыя Зіта, якую пяшчотна называлі Марыялінай. Праз 2 гады нарадзілася Лаўра. Добра арганізаваная, Джана прысвячала свой час сям’і, якая хутка павялічвалася, і клапацілася аб развіцці ўласнага духоўнага жыцця. Штодзённа раніцай удзельнічала ў св. Імшы, а вечарам на каленях малілася разам з мужам.
    У верасні 1961 года, будучы на 2-ім месяцы цяжарнасці, даведалася аб сваім сур’ёзным захворванні, а таксама аб тым, што выратаваць яе можа толькі аперацыя, якая будзе пагражаць жыццю дзіцяці. Рашэнне маці было адназначным: “Выратуйце дзіця любой цаной”. За некалькі дзён да родаў яна яшчэ раз сказала мужу і ўрачам: “Абавязваю вас выбраць дзіця”. Раніцай 21 красавіка 1962 года свет убачыла Джана Эмануэла, здаровая і прыгожая дзяўчынка. Гераічная маці памерла з малітвай на вуснах праз тыдзень пасля нараджэння дзіцяці. Муж нават не думаў пра тое, каб ажаніцца яшчэ раз, паколькі Джана была ў яго вачах непараўнальнай жонкай і маці.
    Джана беатыфікавана 24 красавіка 1994 года, кананізавана – 16 мая 2004 года.
   
    Чаму мы можам навучыцца ў св. Джаны Берэты Молы?
    Для сучасных жанчын святая з’яўляецца прыкладам гераічнай маці і ўзорам хрысціянскай жонкі. Яе жыццё вучыць удзячнасці за ўсё: не толькі за добрае, прыемнае і лёгкае, але і за крыж. Сведчыць пра тое, як прымаць Божую волю з пакорай і лагоднай усмешкай.
   
    Цікава!
    Свае афіцыйныя заручыны пара пачала св. Імшой і прыняццем Камуніі. Затым нарачоныя паехалі на лыжы. Пасля вызначэння даты шлюбу Джана прапанавала будучаму мужу падрыхтавацца да гэтай падзеі праз 3-дзённы пост і супольную малітву.
   
    З вуснаў святой
    “Кахаць – значыць прагнуць удасканальваць самога сябе і любімага чалавека, пераадольваючы ўласны эгаізм”.
   
    Літургічны ўспамін
    Касцёл узгадвае св. Джану 28 красавіка.