Св. Дамінік Савіо: заступнік дзяцей і моладзі

Нашы заступнікі перад Богам

Іканаграфія паказвае св. Дамініка Савіо з ліліяй ці з крыжом у далоні. Часам ён стаіць перад фігурай Маці Божай. Бывае прадстаўлены з анёлам.Належыць да кола самых малодшых вызнаўцаў Хрыста, кананізаваных Касцёлам. Памёр, маючы няпоўныя 15 гадоў. Яго кароткае жыццё характарызавалася сумленным выкананнем абавязкаў, паслухмянасцю і цярпеннем, а таксама радасцю і святасцю. Св. Дамінік з’яўляецца заступнікам міністрантаў, хлапечых хораў, маці ў бласлаўлёным стане і сужэнстваў, якія прагнуць мець патомства.
Лепш памерці, чым зграшыць
    Дамінік Савіо з’явіўся на свет 2 красавіка 1842 года ў Рыва дзі К’еры непадалёк ад Турына (Італія) у набожнай і любячай шматдзетнай сям’і. Бацька быў рамеснікам, маці – краўчыхай. Хлопец нарадзіўся вельмі слабым, таму бацькі, баючыся, што дзіця можа памерці, ахрысцілі яго ў той жа дзень. Нованароджанаму далі імя Дамінік, што значыць “які належыць Богу”.
Ва ўзросце 5-ці гадоў хлопчык пачаў прыслужваць падчас св. Імшы. Не раз прыходзіў у касцёл значна раней да пачатку Эўхарыстыі. Тады станавіўся на калені перад зачыненай святыняй і маліўся. Вельмі часта адараваў Пана Езуса ў Найсвяцейшым Сакраманце. Маючы 7 гадоў, прыступіў да Першай св. Камуніі. Гэта было дастаткова незвычайна, таму што ў тыя часы да сакрамантаў пакаяння і св. Камуніі дапускалі ў значна старэйшым узросце. Аднак св. Дамінік ужо тады выразіў сваю духоўную сталасць, запісаўшы ў сваёй кніжцы да набажэнстваў: “Лепш памру, чым зграшу”.
    Да гэтай пастановы дадаў яшчэ некалькі: “Буду часта спавядацца і прыступаць да Камуніі столькі, колькі мне дазволіць спаведнік”, “Буду святкаваць святы дзень”, “Маімі сябрамі будуць Езус і Марыя”.
    Калі меў 12 гадоў, пазнаёміўся з кс. Янам Боско. Святар прыняў Дамініка ў свой турынскі араторый – школу і інтэрнат для хлопцаў. Паміж маладым чалавекам і заснавальнікам салезіянскай сям’і ўзнікла асаблівая духоўная сувязь. Дон Боско адразу заўважыў у Дамініку “Божую іскру”. З таго часу хлопец дапамагаў яму ў выхаваўчай працы, а праз 2 гады заснаваў з некалькімі сябрамі Таварыства Беззаганнай. Задачай Дамініка была апека над разумова і маральна слабейшымі калегамі.
    Хлопец заўсёды дапамагаў сябрам, суцяшаў і клапаціўся пра слабейшых, вадзіў іх у касцёл. Любіў май – марыйны месяц. Дзе толькі мог аздабляў алтарыкі, збіраў перад імі таварышаў, каб разам маліцца і спяваць. Падчас гэтых набажэнстваў Дамінік амаль заўсёды меў апушчаныя вочы. На пытанне “Чаму?” адказваў: “Я хачу захаваць іх для сузірання Маці Божай у Небе”.
    Памёр ад хваробы лёгкіх 9 сакавіка 1857 года. Перад смерцю сказаў свайму бацьку: “Да пабачэння, тата! О, якія ж цудоўныя рэчы я бачу!”. У 1950 годзе Святы Айцец Пій XII абвясціў св. Дамініка Савіо бласлаўлёным, а праз 4 гады – на 100-годдзе абвяшчэння догмы аб Беззаганным Зачацці Найсвяцейшай Панны Марыі – Папа далучыў яго да ліку святых.
   
    Чаму мы можам навучыцца ў св. Дамініка Савіо?
    Святы зачароўвае сваёй вернасцю ідэалам. Адданасць маладога чалавека Богу і Касцёлу з’яўляецца для сучаснікаў узорам супрацьстаяння духоўнай абыякавасці, культуры спажывання і пачуццёвага задавальнення.
   
    Цікава!
    Нават праз 30 дзён пасля смерці Дамініка яго бацька надалей горка аплакваў страту. Тады перад ім з’явіўся сын. Мужчына быў настолькі ўражаны, што не здолеў прамовіць ні слова. Нарэшце спытаўся, ці хлопец знаходзіцца ў Небе. Дамінік даў пазітыўны адказ і абяцаў маліцца за блізкіх.
   
   З вуснаў святога
    “Мне не патрэбна нічога з гэтага свету, каб быць шчаслівым. Трэба толькі бачыць Езуса ў Небе, якога я сузіраю і адарую на алтары вачыма маёй веры”.
   
    Літургічны ўспамін
    Касцёл узгадвае св. Дамініка Савіо 9 сакавіка.