Учынак для цела бліжняга. Пахаваць памерлых

Практыкаванні ў міласэрнасці

Смерць – абавязковы складнік жыцця кожнага без выключэння чалавека. Гэта не завяршэнне існавання, а яго працяг, звязаны з пераходам у вечнасць, калі душа аддзяляецца ад цела і сустракаецца са сваім Стварыцелем. Веруючага можа страшыць непрадказальнасць і нечаканасць гэтага моманту.
    У той жа час яго непазбежнасць павінна нагадваць аб тым, што трэба ў любы час быць падрыхтаваным да смерці. Як да сваёй, так і да чужой.
    Але калі галавой усё разумееш, то сэрца хутчэй перашкаджае спакойна зірнуць у вочы смерці і прыняць страту як належнае. З найбольшым болем і горыччу сустракаюцца родныя і блізкія памерлага. Яны адчуваюць пустэчу, якую цяжка чымсьці запоўніць. У такія моманты важна быць побач з пакутуючым, суцешыць словам, прапанаваць сваю дапамогу. Часам няпроста знайсці патрэбныя словы, таму найлепшы варыянт – сама прысутнасць і маўклівая падтрымка ў выглядзе ўдзелу ў вырашэнні ўзніклых пытанняў. Кола знаёмых традыцыйна ахвяруе сям’і памерлага фінансавыя сродкі, што мае вялікае значэнне для людзей, якія сутыкнуліся з непрадбачанымі выдаткамі.
У Бібліі гаворыцца, што пахаванне з’яўляецца абавязкам дзяцей, у большай ступені сыноў, а таксама ўнукаў і сям’і памерлага. Але здараюцца сітуацыі, калі, напрыклад, людзі церпяць ад войнаў або паміраюць у адзіноце – і няма каму паклапаціцца пра цела. З гісторыі вядома, што нават у Езуса не было месца, дзе можна было б скласці галаву. Сваю магілу аддаў Яму сябар, Юзаф з Арыматэі. У падобных абставінах хрысціянін павінен памятаць пра свой доўг быць нераўнадушным да бліжняга. У дадзеным выпадку пакліканы паклапаціцца пра пахаванне.
    Паводле Катэхізіса каталіцкага Касцёла, “да цел памерлых трэба адносіцца з павагай і любоўю, што вынікае з веры і надзеі ўваскрашэння. Пахаванне памерлых – гэта ўчынак міласэрнасці адносна цела, ушанаванне дзяцей Божых, якія з’яўляюцца святыняй Святога Духа” (2300). Годнасць чалавечага цела атрымала новую вартасць дзякуючы абмыванню ў вадзе хросту. Указаная ў гісторыі стварэння, яна была пацверджана і ўзвышана ва Уцелаўленні, калі Бог прыйшоў на зямлю ў чалавечым абліччы. Таму арганізацыя годнага пахавання мае такое значэнне.
    У пахаванні выражаецца вера ў стваральную моц Бога, якая грунтуецца на перакананні, што смерць – не канец, а брама да новага жыцця. У прыгожай старазапаветнай алегорыі старасці і смерці знаходзім кароткае вызнанне веры: “Вернецца прах у зямлю, чым ён і быў; а дух вернецца да Бога, Які даў яго” (Экл 12, 7).
    Важна ўсведамляць, што клопат аб памерлым не павінен заканчвацца на пахаванні. Неабходна перыядычна наведваць могілкі, даглядаць за месцам спачыну цела. Усё гэта з’яўляецца выразам павагі да чалавека, які адышоў у вечнасць. Незаменнай дапамогай становіцца малітва ў яго інтэнцыі, замоўленая св. Імша ў гадавіну смерці, дзень імянін і нараджэння.
    Хрысціянская памяць аб памерлых не абмяжоўваецца прыгожым помнікам, кветкамі і свечкамі. Нашмат больш значыць духоўнае заступніцтва перад Богам, выказанае ў малітвах. Для гэтага неабходна мець моцную веру і жаданне працягнуць руку дапамогі бліжняму. Пры тым памятаць словы Збаўцы: “Я – уваскрасенне і жыццё. Хто верыць у Мяне, калі нават і памрэ, будзе жыць. А кожны, хто верыць у Мяне, не памрэ ніколі” (Ян 11, 25–26).
   
5 прычын здзейсніць учынак міласэрнасці:
   
    1. Са смерцю асоба засынае целам, а душой адпраўляецца на сустрэчу з Богам.
    2. “Абалонка” душы павінна ператварыцца ў прах, з якога была створана.
    3. Чалавеку належыць з павагай адносіцца да цела нябожчыка.
    4. Памерламу неабходна паслуга жывых.
    5. Пахаванне немагчыма прадбачыць і запланаваць.

   
кс. Павел АстукевічПасля смерці памерламу неабходна заплюшчыць вочы, прыпадабняючы яго да спячага чалавека. Затым трэба абмыць і апрануць цела. Дома каля крыжа і запаленых свечак – памаліцца.
    У гэты момант варта захоўваць засяроджанасць, далікатнасць, чуласць, спачуванне, жаль. Пасля ў пахавальнай працэсіі накіравацца ў касцёл на св. Імшу, цэлебраваную за душу памерлай асобы. Калі мы ўдзельнічаем у пахаванні як сваякі, суседзі, сябры ці знаёмыя, таксама выконваем сёмы ўчынак міласэрнасці адносна цела. Высакародная і годная справа – споведзь і прыняцце Камуніі ў інтэнцыі памерлага. Пастава спачування, дапамогі, суцяшэння з’яўляецца сведчаннем нашай веры ў жыццядайную моц Пана Бога і надзеі на сустрэчу з памерлымі ў супольнасці збаўленых.