Учынак для цела бліжняга. Адведаць хворых

Практыкаванні ў міласэрнасці

У часе хваробы чалавек сутыкаецца з цярпеннем. Нездаровы, ён адчувае слабасць, разбітасць, пакінутасць. Выпадае з “нармальнага” жыццёвага русла, застаючыся сам-насам з сабой і хваробай. Усё, што вакол, адыходзіць на другі план. У цэнтры ўвагі – здароўе. Аб яго каштоўнасці пісаў яшчэ Сірах у сваёй Кнізе мудрасці: “Больш варты здаровы і моцны бядняк, чым багач са знясіленым целам. Здароўе і моц лепшыя, чым усё золата, а моцнае цела – чым вялізныя багацці. Няма багацця большага, чым цялеснае здароўе, і няма радасці вышэйшай за радасць сардэчную. Лепш смерць, чым журботнае жыццё, і лепш вечны адпачынак, чым пастаянная хвароба” (Сір 30, 14–17).
    Часам недамаганне моцна змяняе чалавека. Ён перастае радавацца таму, што любіў раней, становіцца абыякавым да рэчаў, якімі цікавіўся, з-за дробязей упадае ў адчай. Тут бліжняму варта праяўляць цярплівасць і чуласць, не дазваляючы сабе апускацца да шкадавання (тым болей, штучнага). Нездаровым людзям не падабаецца, калі да іх адносяцца з жалем. Тады хворыя адчуваюць сябе “нікчэмнымі”, прыніжанымі ў сваім няшчасным становішчы. Добры прыклад таму паказаў Дрыс – герой французскай камедыйнай драмы “1+1. Недатыкальныя”. Яго непасрэднасць і натуральнасць у адносінах да паралізаванага арыстакрата вярнула хвораму прагу да жыцця, што, мабыць, самае галоўнае ў такой сітуацыі.
Калі хвароба прыходзіць да блізкіх ці знаёмых, узнікаюць пытанні: “Чаму?”, “За што?”. Варта задаць іншае – “Навошта?”. Бог не карае чалавека за правіны пры жыцці, а толькі вядзе шляхам ыпрабаванняў дзеля мэты, сэнс якой вядомы толькі Яму.
    Дзякуючы Езусу любое цярпенне мае збаўчую вартасць. Св. Павел гаворыць аб тым, што праз пакуты хрысціянін “дапаўняе ў сваім целе недахоп пакут Хрыста за Ягонае цела, якім ёсць Касцёл” (параўн. Кал 1, 24). Таму так важна наяўнасць распяцця ў бальніцы і любым іншым месцы, дзе знаходзіцца хворы. Гэта напамін аб удзеле церпячага ў пакутах укрыжаванага Езуса. Чалавек, які ўсведамляе “цану” сваіх пакут, вытрымае нашмат больш, чым той, хто знаходзіцца ў роспачы, узлаваўся або наракае.
    Неабходна асобна спыніцца над сітуацыяй з невылечна хворым. Дадзеныя абставіны патрабуюць шмат такту і любові. Самае страшнае для такога церпячага – адчуць сябе забытым. Можа хваляваць той факт, што ён становіцца для блізкіх “цяжарам”, што вядзе да замыкання ў свеце фобій і падазронасці. Прысутнасць побач з хворым, дапамога яму ў нясенні грузу пакуты мае вялікае значэнне. Церпячы павінен адчуваць заклапочанасць яго жыццём, а таксама тое, што ён вельмі патрэбны і важны.
    Сам Езус часта спатыкаў хворых. Ён аздараўляў іх, праяўляючы сябе як Месію, Бога. “І куды б Ён не прыходзіў, у паселішчы, гарады ці ў вёскі, клалі хворых на плошчах і прасілі Яго дазволіць ім дакрануцца хоць да краю вопраткі Ягонай. І тыя, што дакраналіся да Яго, выздараўлівалі” (Мк 6, 56). Сляпым дараваў зрок, глухім – слых, пракажоных ачышчаў, памерлых уваскрашаў. І сёння Езус прадаўжае аздараўляць людзей. У свеце занатаваны тысячы выпадкаў цудоўных ацаленняў.
    Трэба адзначыць, што разам з целам хварэе і душа. Таму яе таксама неабходна дыягнаставаць. Найлепшы лекар у гэтай сітуацыі – Хрыстос, хуткая дапамога – канфесіянал. Кожны можа стаць пасрэднікам у аздараўленні душы, калі бачыць “хваробу” бліжняга і далікатна, з любоўю звяртае ўвагу чалавека на трывожныя сімптомы.
   
5 прычын здзейсніць учынак міласэрнасці:
   
    1. Хворы патрабуе блізкасці іншага чалавека, спагады і дапамогі.
    2. Наведванне хворага прыносіць яму палёгку.
    3. Задавальненне з выніку добрых учынкаў падымае настрой.
    4. Пакутуючы чалавек – гэта пакутуючы Хрыстос.
    5. “Шчаслівыя міласэрныя...” (Мц 5, 7).

   
кс. Юрый ПавайбаНапэўна, сярод знаёмых ёсць хаця б адзін чалавек, які знаходзіцца на лячэнні. Дадзены ўчынак міласэрнасці прыпамінае аб тым, што на месцы хворага можа апынуцца кожны. А гэта даволі непрыемная справа. Любая хвароба пазбаўляе чалавека добрага самаадчування і пачуцця бяспекі. З ёю звязаны страх перад болем і смерцю. Нездаровыя людзі часам перажываюць самоту, таму асабліва патрабуюць кантакту, блізкасці другога чалавека. Такая прысутнасць нярэдка значыць больш, чым лекі. Яна дадае сіл у барацьбе з хваробай і дапамагае акрыяць духам. Варта прыйсці да хворага і прысвяціць яму свой час. Прапанаваць дапамогу (напрыклад, схадзіць у краму, прыбрацца дома, прыгатаваць абед). Вельмі важна падтрымліваць чалавека малітвай. Для хрысціяніна наведванне хворых з’яўляецца спатканнем з Езусам, прысутным у кожным чалавеку. Таму не сумнявайцеся ў тым, каб здзейсніць дадзены ўчынак міласэрнасці, бо ўсё, што мы зробім для хворага, зробім Богу.