Учынак для цела бліжняга. Адзець нагіх

Практыкаванні ў міласэрнасці

Першыя людзі не мелі адзення. “І былі абодва голыя, Адам і жонка ягоная, але не саромеліся” (Быц 2, 25). Усё радыкальна змяніў грэх. “І адкрыліся ў іх абоіх вочы, і пазналі яны, што голыя, і сшылі лісты смакоўніцы, і зрабілі сабе павязкі” (Быц 3, 7).
    Галізна, якая была чымсьці натуральным, стала сарамлівай, тым самым пацвярджаючы аддаленне людзей ад Бога ў выніку граху.
    З таго часу чалавек не ўяўляе сваё жыццё без адзення. Акрамя заспакоенай няёмкасці, яно абараняе цела ад неспрыяльных умоў надвор’я, а таксама выконвае эстэтычную функцыю. Адсутнасць адзення можа прывесці да хваробы ці нават смерці, але таксама становіцца прызнакам убоства і выстаўляе чалавека на смех і ганьбу. Асоба міжвольна страчвае годнасць і становіцца заложнікам абставін, у якіх апынулася.
Не будзем падманвацца, усе па-іншаму глядзяць на добра апранутага чалавека, чым на кагосьці ў брудных лахманах. Нядаўна дзіцячы фонд ААН у Грузіі правёў сацыяльны эксперымент, які паказаў, наколькі моцна залежыць меркаванне людзей ад адзення, якое носіць чалавек. Cпецыялісты ЮНІСЕФ знялі схаванай відэакамерай, як прахожыя на вуліцы рэагавалі на “пакінутую” дзяўчынку, апранутую па-рознаму: у прыгожай чыстай вопратцы і як бяздомную. У першым выпадку людзі падыходзілі да яе, пыталіся, дзе бацькі. У другім выпадку перасталі заўважаць дзяўчынку, прасілі ахоўнікаў вывесці яе з кафэ, куды тая зайшла. Эксперымент паказаў, што бедныя людзі на вуліцы звычайна сутыкаюцца альбо з абыякавасцю, альбо з агідай.
    А такіх патрабуючых вакол нас шмат. Дастаткова адкрыць вочы, каб іх заўважыць. Гэта могуць быць людзі з цяжкім фінансавым становішчам або тыя, хто часова зведвае патрэбу. Дарэчы, нават у Хрыста адабралі адзенне, пазбавілі Яго чалавечай годнасці. Салдаты, калі ўкрыжавалі Езуса, узялі шаты і раздзялілі паміж сабой на чатыры часткі. Таму і Хрысту ў смяротны час давялося стаць мішэнню абраз, зняваг і здзекаў. Нягледзячы на гэта, Ён выпрасіў у Айца прабачэнне для людзей і збавіў свет...
    Адзенне аднолькава важна і неабходна, як піццё і ежа. Пра гэта згадваецца ў Кнізе Сіраха: “Галоўныя жыццёвыя патрэбы: вада, хлеб, адзенне і дом, каб прыкрыць галізну” (Сір 29, 21). У Новым Запавеце св. Павел толькі пацвярджае гэтую ісціну: “Але, маючы спажытак і чым прыкрыцца, будзем жа задаволеныя гэтым” (1 Цім 6, 8). Таму няма нічога дзіўнага ў тым, што вобраз Апошняга Суда ў навучанні Хрыста ўключае абяцанне ўзнагароды – “быў голы, і вы апранулі Мяне” (Мц 25, 36) – і пакарання – “быў голы, і вы не апранулі Мяне” (Мц 25, 43).
    Дадзены ўчынак міласэрнасці мае таксама і духоўнае вымярэнне. Апрануць нагіх у інтэрпрэтацыі св. Паўла значыць пайсці за Езусам і прыняць хрост: “Бо ўсе вы, хто ахрысціўся ў Хрыста, у Хрыста апрануліся” (Гал 3, 27). Вера гарантуе пераапрананне ў новага чалавека, створанага па вобразе Бога.
    Духоўнае тлумачэнне пацвярджаецца ў Апакаліпсісе св. Яна. У вобразе трыумфу выбраных з’яўляецца абяцанне, што “яны стаялі перад тронам і Баранкам, апранутыя ў белыя шаты і з пальмовымі галінкамі ў руках сваіх” (Ап 7, 9). На пытанне, хто яны, гучыць адказ: “Гэта тыя, хто прыйшоў з вялікага ўціску і абмыў шаты свае, і выбеліў іх у крыві Баранка” (Ап 7, 14). Кроў Баранка, Езуса Хрыста, ачысціла ад грахоў. Белае адзенне – гэта сімвал прабачэння він і вяртання страчанай годнасці праз атрыманне дару збаўлення. Апрананне нагіх побач з неадкладнай дапамогай азначае таксама абавязак дзяліцца дарам Евангелля, прыняцце якога робіць чалавецтва здольным да ўдзелу ў славе, распачатай ад уваскрасення Хрыста.
   
5 прычын здзейсніць учынак міласэрнасці:
    1. Дзякуючы адрасату, можна рэалізаваць сваю любоў да бліжняга.
    2. Дапамога патрабуючым – знак бласлаўлення, які збліжае і аб’ядноўвае людзей.
    3. Дабрачыннасць з’яўляецца сведчаннем сардэчнасці і братэрства.
    4. Адзець нагога – значыцца вярнуць чалавеку страчаную годнасць.
    5. Духоўная вопратка ўяўляе сабой “шаты збаўлення”.

   
Кс. Віталій ДабраловічУменне кіраваць сваім духоўным і матэрыяльным багаццем на карысць бліжняму стварае фундамент Божага духа. Праз міласэрнасць мы вучымся і вучым іншых нястомна клапаціцца адзін пра аднаго на працягу ўсяго жыцця. Часта ўзнікае пытанне: як я, просты чалавек, магу дапамагчы патрабуючаму? У дадзеным выпадку варта задаць сабе другое пытанне: што я раблю з рэчамі ў добрым стане, якімі ніхто не карыстаецца? Непатрэбным абуткам, адзеннем, гаспадарчым інвентаром можна падзяліцца з бліжнім, каб уратаваць таго ад холаду або палепшыць яго быт да вышэйшага ўзроўню. У каталіцкім Касцёле добрыя справы можна здзяйсняць праз парафіяльныя супольнасці, дабрачынныя арганізацыі (у межах нашай краіны – гэта “Карытас”). Але не толькі матэрыяльныя рэчы складаюць практычную міласэрнасць нашага жыцця. Гэта і, напрыклад, дабравольна ахвяраваны ўласны час. Кожны з нас мае нешта асабістае, чым можа падзяліцца з другой патрабуючай асобай.