Учынак для цела бліжняга. Напаіць сасмаглых

Практыкаванні ў міласэрнасці

Вада з’яўляецца крыніцай існавання, сапраўдным скарбам, які прымаецца і трактуецца як “бласлаўленне”. У шматлікіх месцах у Бібліі можна знайсці словы пра ваду, пра сасмаглых людзей. Мы бачым іх у момант, калі міласэрны Бог схіляецца над імі, навучаючы, што і чалавек павінен так рабіць. Наталенне смагі раўнасільна падтрыманню жыцця і нават выратаванню ад смерці. Таму другі ўчынак для цела бліжняга знаходзіцца сярод найважнейшых спраў міласэрнасці адносна фізічных патрэб бліжняга. Ён мае індывідуальнае вымярэнне, патрабуючы заспакаення смагі чалавека, якога мы сустракаем на сваім шляху, але ў той жа час і грамадскае – скіроўвае наш позірк у тыя раёны, дзе тысячы людзей пакутуюць ад недахопу вады.
    У той частцы свету, дзе мы з вамі жывём, вады ў дастатку. Нам не даводзіцца думаць пра тое, як яе здабываць і ашчадна выкарыстоўваць. Каштоўнасць вады адчуваецца толькі ў асобных сітуацыях: у спякотны дзень, падчас вандроўкі, пры хваробе і інш. Але недахоп вады з’яўляецца штодзённай драмай жыхароў Паўднёвага паўшар’я.
Асабліва праблематычная сітуацыя назіраецца ў Афрыцы, дзе штодня шмат людзей памірае ад смагі, многія п’юць недабраякасную ваду. Учынак міласэрнасці прыпамінае аб тым, што трэба рацыянальна абыходзіцца з вадой, якая з’яўляецца вялікім дарам, памятаць пра тых людзей, якія не маюць магчымасці задаволіць смагу так проста, як гэта робім мы, праз беражлівыя адносіны клапаціцца пра будучае пакаленне (на што асаблівую ўвагу звяртае папа Францішак у сваёй энцыкліцы “Laudato si´”).
    Побач з жаданнем хлеба і вады чалавек можа адчуваць “смагу” ведаў, адпачынку, простай увагі. Тады “напоем” будзе працягнутая рука ў выглядзе дапамогі па задавальненні такіх патрэб. Але неабходна быць вельмі ўважлівымі і чулымі, каб убачыць, без чаго з цяжкасцю абыходзіцца бліжні.
    Існуе і так званая “духоўная смага”, пра якую кажа псалміст: “Як лань прагне вады з патоку, так душа мая прагне Цябе, Божа. Душа мая прагне Бога, Бога жывога, калі я пайду і з’яўлюся перад Божым абліччам?” (Пс 42 [41], 2–3). У глыбокім сэнсе выраз “напаіць сасмаглых” азначае выйсці насустрач духоўнай патрэбе тых, хто на “пустынях” свету не можа знайсці Бога, спадзеючыся толькі на сябе. Самі таго да канца не ўсведамляючы, яны прагнуць ад бліжняга Добрай Весткі, жэстаў і дзеянняў, якія дапамогуць паверыць у Божую любоў.
    У размове з самаранкай Езус кажа: “А хто б піў ваду, якую Я дам яму, не зазнае смагі навекі” (Ян 4, 14). Вада, дадзеная Езусам – гэта Ён сам. Гэта Любоў, якой Ён з’яўляецца. Падчас укрыжавання з прабітага боку Хрыста выцекла кроў і вада, што сімвалізуе два сакраманты – Эўхарыстыю і хрост. Яны з’яўляюцца знакам таго, што ўсе, хто прымае Езуса і застаецца Яму верным, атрымаюць каштоўнасці, патрэбныя для духоўнага жыцця.
    Напрыканцы можна ўявіць сабе вобраз: сухая зямля літаральна ажывае, калі на яе трапляе кропля вільгаці. Грубая глеба хутка змякчаецца і неўзабаве, калі ў яе падае жывое зерне, прыносіць добры плён.
   
5 прычын здзейсніць учынак міласэрнасці:
    1. Сасмаглы чалавек мае сухі язык і сухое сэрца.
    2. Вада з’яўляецца Божым дарам і пацвярджэннем Яго жыватворчай дабрыні.
    3. Крыніца, якая здольна задаволіць смагу бліжняга, знаходзіцца ў душы кожнага.
    4. Незаспакоеная смага можа настроіць чалавека супраць Бога.
    5. Наталенне смагі нясе абяцанне вечнай узнагароды:
       “Я прагнуў, і вы напаілі Мяне” (Мц 25, 35).

   
kewliukУ людзей, якія жывуць у краіне, дзе няма недахопу пітной вады, можа ўзнікнуць пытанне: “Як жа я магу выканаць гэты ўчынак?”. Адразу прыходзіць на думку тое, з чым сутыкаюся на вёсцы: калі адна студня поіць некалькі двароў, людзі, асабліва ў засушлівае лета, бяруць няшмат вады, каб хапіла суседзям. Успамінаецца, чаму ўсіх нас вучылі з маленства: берагчы ваду як вялікую каштоўнасць. Аказаць міласэрнасць можна праз кубак паднесенай вады пілігрыму, а таксама праз наталенне смагі веры бліжняга. “Жывой вадой” з’яўляецца Добрая Навіна аб збаўленні, якую можа прынесці кожны. Трэба толькі папярэдне дапамагчы чалавеку адкрыць сваё сэрца на Бога.