Цярністы ці просты, або Пра доўгі шлях да святарства

На службе Богу

Часам варта крочыць рознымі сцежкамі, каб выйсці на ўласны шляхНядзелю Добрага Пастыра сёлета адзначаем 25 красавіка і молімся аб пакліканнях да святарства і манаскага жыцця. З гэтай нагоды знаёмімся з жыццёвымі гісторыямі тых святароў нашай дыяцэзіі, што прыйшлі ў семінарыю з “багажом” – працоўным стажам, універсітэтам, адносінамі.
Якую ролю жыццёвы досвед іграе ў распазнанні канчатковага паклікання, чытайце ў сённяшнім нумары газеты “Слова Жыцця”.

   Кс. Аляксандр Сямінскі:
    “Любое пакліканне Бог дае дзеля аднаго – дзеля чалавечага шчасця”
    На св. Імшы, якую цэлебруе кс. Аляксандр, заўсёды затрымліваешся крыху даўжэй. Святар можа падоўгу звяртацца да вернікаў на пачатку службы, разважліва гаварыць казанне і не спяшацца з удзяленнем бласлаўлення напрыканцы – імкнецца ізноў данесці людзям Божае слова. Сярод парафіян не адчуваецца нецярплівасці, яны ўдумліва прыслухоўваюцца. А чаму павінна быць інакш? Прамовы кс. Аляксандра заўсёды вельмі інтэлігентныя, часта наздвычай трапныя. Здзіўленне хутчэй выклікае іншае: у свецкім мінулым кс. Аляксандр – супрацоўнік Гродзенскага завода карданных валаў, слесар.
    “У дзяцінстве і юнацтве я меў сціплы рэлігійны досвед. Бабуля перадала асновы хрысціянскай веры, аднак я наведваў касцёл нерэгулярна. Хутчэй звяртаўся да Бога, калі перажываў пэўныя складаныя моманты, – распавядае кс. Аляксандр. – Пасля школы паступіў у палітэхнічны каледж. Над іншымі варыянтамі нават асабліва не разважаў: я не быў ані залатым медалістам, ані надта амбіцыйным.
    Па прыкладзе бацькі хацеў пайсці працаваць на завод – ён мог пасадзейнічаць”.
    Як прызнаецца святар, праца каля станка яго дысцыплінавала і, як любы іншы занятак, пэўным чынам спрыяла развіццю яго асобы. Руцінная дзейнасць выклікала прагу да духоўнага, разумовага развіцця, і будучы святар пачаў часцей наведваць касцёл. Прымаючы ўдзел у св. Імшы, штораз адчуваў нарастаючае жаданне быць бліжэй да алтара. “Мне было 22 гады, калі вырашыў стаць міністрантам. І на працягу 6-ці гадоў быў членам Літургічнай службы алтара ў сваёй роднай парафіі Паўднёвы ў Гродне. У гэты час мяне нібы ўсё задавальняла. Мы ўсе створаны па вобразе Творцы, і я шчыра цешыўся, калі атрымлівалася штосці добра зрабіць, «стварыць» на працы. А духоўныя патрэбы заспакойвала служба пры алтары”, – узгадвае кс. Аляксандр.
    Аднак пасля 8-мі гадоў працы на заводзе хлопец вырашыў, што хоча паступіць у семінарыю. Сапраўдным прыкладам у святарстве стаў для яго светлай памяці кс. прэлат Юзаф Трубовіч, які шмат маліўся ў інтэнцыі Аляксандра – бачыў у ім будучага святара.
    “Рашэнне стаць семінарыстам далося, з аднаго боку, лёгка, бо мяне рабіла шчаслівым блізкасць да Бога і духавенства. З іншага – складана, бо разумеў, што трэба будзе пераступіць праз сваю свабоду, ізноў стаць больш залежным ад бацькоў фінансава.
    Да таго ж яны, мякка кажучы, не ўзрадаваліся майму намеру. «Ну і што ты нарабіў?!» – пачуў я ад іх. Аднак з цягам часу іх настрой змяніўся, і бацькі самі сталі больш набожнымі і трывалымі ў малітве. У сваю чаргу сябры павіншавалі, а на заводзе не здзівіліся такому рашэнню, бо там я заўсёды стараўся паводзіць сябе, як належыць веруючаму чалавеку: старанна выконваў свае абавязкі, не паддаваўся галоўнай слабасці завадскіх працоўных – час ад часу ужываць алкаголь. Гэта было незвычайна для служачага”, – адзначае кс. Аляксандр.
    Апынуўшыся ў семінарыі, хлопец аказаўся на 10 гадоў старэйшым за палову аднакурснікаў. “Думаю, тое, што я быў не адзін з алюмнаў, якія мелі «мінулае» за плячыма, аблегчыла асвойванне ў Alma mater. Аднак мянушку «дзед» атрымаў менавіта я, – дадае з усмешкай кс. Аляксандр. – Азіраючыся на семінарыйны досвед цяпер, разумею, што якраз «мінулае» дапамагло з большай адказнасцю падысці да навучання і паклікання ўвогуле. У семінарыю я прыйшоў арганізаваным чалавекам, які разумее, ад чаго адмаўляецца і што можа атрымаць. Як паказала практыка, гэта спраўджваецца. З 16-ці чалавек святарскія пасвячэнні атрымалі шасцёра: чацвёра тых, што прыйшлі ў семінарыю пазней астатніх, і двое юнакоў”.
    Калі разважаць пра пакліканне, кс. Аляксандр упэўнены, што тут галоўнае не баяцца памыліцца: “Важна зазірнуць у сваё сэрца і спазнаць: чаго я хачу? А пасля зрабіць першы крок у патрэбным напрамку, бо менавіта гэтага і чакае ад нас Пан, каб павесці далей. І зусім неабавязкова, што па выбраным шляху ты пройдзеш да канца. Магчыма, ён патрэбны, каб адкрыць для сябе штосьці іншае. Гэтак жа з семінарыяй: чалавек можа прыйсці і менавіта там зразумець, што Бог кліча яго да нечага другога. І з любым іншым месцам таксама: стоячы каля станка, раптам усведамляеш, што павінен быць каля алтара”.
   
    Кс. Яўген Амасёнак:
    “У пакліканні да святарства, як і ў сужэнстве, самае галоўнае – вернасць”
    Да кс. Яўгена цягнуцца людзі. Калі ён цябе сустракае, заўсёды ўсміхаецца, лагодна кранае за плячо і не забывае спытацца, як справы. Гучыць шчыра. Можа, таму вернікі да яго і імкнуцца, бо ва ўяўленні большасці святар павінен быць менавіта такім: далікатным, з усмешкай на твары і з цікавасцю да цябе. Хоць, разам з тым, адносна сябе кс. Яўгену ёсць чым падзяліцца. І адна з натхняльных гісторый – неадназначны шлях да святарства.
    “Пра маю сям’ю можна было сказаць так, як звычайна жартуем: «у касцёл хадзілі толькі яйкі асвяціць». Усё змянілася, калі памёр дзядуля і мы звярнуліся да ксяндза, каб арганізаваць пахаванне. Мясцовы святар прапанаваў паўдзельнічаць у катэхезах, і гэта дапамагло нам пазнаць Бога бліжэй. З таго моманту маё жыццё завіравала тыповай для касцёльнага хлопчыка дзейнасцю: служба міністрантам, паездкі на «Канікулы з Богам» і г. д.”, – распавядае кс. Яўген.
    Пасля заканчэння школы хлопец меў думкі адносна святарства, але яны не сягалі глыбока. Гэтак жа ён разважаў і пра медыцыну.
    А працаваць у выніку ўвогуле пачаў у рэстаранным бізнесе. Прысвяціў гэтай справе 7 гадоў: быў барыстай, працаваў у катэрынгу і пякарні. Як сам прызнаецца, праца пыглынала яго з галавой, а ён з задавальненнем у яе занураўся.
    “Распачаўшы самастойнае жыццё, я аддаліўся ад касцёла. Хадзіў у святыню па нядзелях, але не надаваў гэтаму вялікага значэння. Пачаў цікавіцца іншымі рэлігіямі, шмат чытаў пра ўсходнія плыні, – дзеліцца святар. – Калі ўвогуле ацэньваць той перыяд, я меў усё для шчасця: любімую справу, клапатлівую сям’ю, сяброў, дзяўчыну, пэўныя духоўныя імкненні, і адчуваў сябе ў гэтым добра”.
    Аднак хлопца не пакідаў унутраны неспакой. Ён вырашыў сысці з працы і накіраваўся ў пілігрымку Мінск – Будслаў. Там яго ўразіла прастата і ўнутраная гармонія моладзі. “Тыя хлопцы і дзяўчаты не мелі аніякіх выдатных прафесій, не былі добра матэрыяльна забяспечаныя, як большасць маіх знаёмых, але сярод іх адчувалася сапраўдная радасць. Гэтым яны адрозніваліся ад майго асяроддзя, дзе заўважаў пэўную штучнасць”, – дзеліцца кс. Яўген. Пасля ён пачаў граць у хрысціянскім тэатры, дзе двойчы выконваў ролю Хрыста. “Цікава, што той, хто да мяне граў Езуса ў гэтых спектаклях, таксама пайшоў у семінарыю”, – дадае з усмешкай святар.
    Адным з пераломных момантаў для хлопца стала членства ў “Легіёне Марыі”. Яго заданнем было стукацца ў дамы ды кватэры і распавядаць людзям пра Бога. “Было нялёгка, бо людзі рэагавалі па-рознаму. Але тады я ўпершыню адчуў сапраўднае натхненне і супакой ад дзялення Добрай Навіной. Думаю, у той час і ўзнікла думка, што прапаведаваць – сапраўды маё”, – узгадвае кс. Яўген.
    Рашэнне хлопца паступаць у семінарыю не ацаніў ніхто. Аднак яго гэта мала бянтэжыла. Апошняй падказкай правільнасці намеру стала тое, што хлопцу пачалі паступаць прапановы працы, пра якія даўно марыў, але якія на той момант ужо страцілі для яго ўсякую вартасць. Галоўнай каштоўнасцю стаў Хрыстос.
    “Здаецца, у маім рашэнні не было логікі, бо жыццё амаль склалася, пры тым паспяхова. Да таго ж сваім выбарам я рабіў балюча ўсім блізкім. Аднак, як толькі апынуўся ў семінарыі, адчуў усім сэрцам, што знаходжуся там, дзе павінен быць, – дзеліцца кс. Яўген. – Хоць прысутнічаў і вялікі дыскамфорт. Большасць сакурснікаў былі нашмат малодшыя за мяне, з традыцыйных каталіцкіх асяроддзяў. Гэта было проста не маё кола зносін. А нам даводзілася быць разам 24/7, і трэба было знаходзіць агульную мову”.
    Разам з тым, святар упэўнены, што калі ў семінарыю цябе прывяла сапраўдная любоў да Бога, а не захапленне знешнім – сутанай, калараткай, прызнаннем парафіян, – тады пакліканне да святарства спраўдзіцца. “Сама атмасфера ў семінарыі спрыяе таму, каб разглядзець, што канкрэтна цябе сюды прывяло, – дадае кс. Яўген. – Ва ўсякім разе я ўпэўнены, што такая з’ява, як пакліканне, існуе. Веру, што Пан ад пачатку праектуе твае здольнасці і характар, мае бачанне твайго жыцця. Аднак яшчэ больш люблю Бога за Яго далікатнасць. Так як любоў даражыць свабодай, так і Нябесны Айцец будзе бласлаўляць цябе на любым шляху, які б ты ні абраў”.
    Кс. Яўгену прыйшлося шмат рызыкнуць толькі дзеля спробы адкрыць у сабе святара. Затое цяпер яго парады цалкам апраўданы і заслугоўваюць даверу: выходзьце з зоны камфорту і рызыкуйце. “Здаровая рыба плыве супраць цячэння. Думайце сваёй галавой і не бойцеся памылак. Толькі так вы не прапаліце жыццё і будзеце шчаслівыя”, – адзначае на заканчэнне святар.