Бог любіць мяне больш, чым я сам

На службе Богу

айцец Яўген Голуб

Сёння сваю гісторыю распавядае айцец Яўген Голуб з Ордэна Братоў Меншых Канвентуальных.
З “нядзельнай” сям’і католікаў
    Айцец Яўген паходзіць з Івянца з сям’і тавараведа і гісторыка.
    “Я выхоўваўся ў традыцыйнай «нядзельнай» сям’і католікаў. З-за таго, што бліжэйшы адкрыты касцёл знаходзіўся ў Рубяжэвічах, у 60 км ад горада, так атрымлівалася, што літургію можна было перажываць толькі на святы ды ўрачыстасці. Нягледзячы на гэта, родныя заўсёды маліліся, ездзілі на св. Імшу, адзначалі касцёльныя святы – то бок стараліся жыць з Богам. А з часам святыні адбудавалі ў Івянцы...”.
    Таму ахрышчаны хлопчык быў таемна ў касцёле ў Рубяжэвічах, а Першую святую Камунію прымаў ужо ў Івянцы.
    “Я быў крыху старэйшы за дзяцей у групе, якія рыхтаваліся да першай сустрэчы з Хрыстом у таямніцы Эўхарыстыі. Але, памятаю, я сам гэтага захацеў. І перажываў гэты момант з вялікай свядомасцю”.
    Маці хлопчыка спявала ў парафіяльным хоры, а ён прыслужваў пры алтары.

   Спазнанне францішканскай харызмы
    Праз нейкі час хлопец пасябраваў з францішканцамі, якія служылі ў роднай парафіі і ваколіцах. Айцы ладзілі футбольныя матчы для міністрантаў, спатканні для моладзевай супольнасці. Была і малітва: супольнае чытанне Святога Пісання, рэгулярныя адарацыі Найсвяцейшага Сакраманту, Літургія гадзінаў, чуванні і рэкалекцыі. Айцы запрашалі маладых людзей у паломніцтвы і палатачныя паходы, каб у цішы паразважаць над Божым словам.
    “Паволі я спазнаваў францішканскую харызму: у цэнтры жыцця – Хрыстос і Яго Евангелле, пакора, беднасць і свабода, якая з гэтага вынікае. Такое жыццё на валізках! Сёння тут, а заўтра там. Ты ўвесь час як пілігрым. Прапускаў праз сябе пачуццё еднасці, любові да свету, адкрытасці на яго. Зведаў супольнасць як месца, дзе спазнаеш сябе сапраўднага і вучышся любові”.
    А пазней хлопец зацікавіўся “цяжкай” музыкай. Метал, хардкор і панк загасцілі ў яго навушніках.
    “У нас быў свой гурт. Мы збіраліся і гралі, пісалі свае песні. Захопленыя колькасцю дэцыбелаў, ставілі на вушы ўвесь раён! У перыяд гэтага падлеткавага бунту я ўсё ж такі заставаўся ў касцёле. Хрыстос не пераставаў быць для мяне блізкім Сябрам і Праўдай”.
    Юнак стаў часцей задумвацца над пытаннем, кім жа ён хоча быць у далейшым жыцці.
   
    Пакліканне, відавочнае для ўсіх
    “Мяне вабіла журналістыка. Я разумеў яе магчымасць уз-дзейнічаць на другога чалавека, праз слова прывесці кагосьці да праўды”.
    І вырашыў паступаць у Люблінскі каталіцкі ўніверсітэт ім. Яна Паўла ІІ на спецыяльнасць “журналістыка”. Накіраваўся да пробашча, каб атрымаць характарыстыку. Той быў заняты і сказаў прыйсці заўтра. На другі дзень перапрасіў і адклаў размову яшчэ на адзін дзень. Хлопец пастанавіў, што калі сустрэча не здарыцца і на трэці дзень, кіне гэтую задуму. Размова ўсе ж такі адбылася.
    “Пайшоў за подпісам для Любліна, а атрымалася так, што папрасіў... каб мяне прынялі ў Ордэн (смяецца – заўв.аўт). Сам не ведаю, як гэта з мяне «вылезла». Але пасля я адчуў вялікі спакой. Насамрэч, я доўга разважаў над сваёй будучыняй. Бог даў мне такі час, калі я шмат чытаў Святое Пісанне, вучыўся распазнаваць Яго волю, удзельнічаў у рэкалекцыях, ха-дзіў у паломніцтвы ў Будслаў. І вось усё гэта наспявала і, урэшце, «вылілася» ў сапраўднае жаданне, якое я нечакана – нават і для сябе – агучыў свайму айцу пробашчу”.
   
    Браты францішканцы пачалі маліцца за юнака.
    “Яны смяяліся, што маё пакліканне было відавочным для ўсіх, акрамя мяне самога. На самой справе, Бог паказваў мне нейкія дробныя знакі, такі духоўны GPS. Аднойчы я знайшоў францішканскую ўлётку, якую айцы шмат гадоў таму прапанавалі маёй маме. А яшчэ памятаю абраз св. Максімільяна Кольбэ на паліцы і стары абраз св. Францішка ў хаце маёй бабулі...”.
    Некалькімі месяцамі раней хлопец разважаў над кангрэгацыямі кармелітаў і дамініканцаў. Яго цікавілі розныя харызмы. Але пасля размовы са знаёмай манахіняй юнак зразумеў, што галоўнае ў манаскім жыцці ісці за Хрыстом “ва-банк”. Так і зрабіў.
   
    Каб жыць упоўні
    Восенню 2005 года хлопец паехаў у пастулят у Лодзь (Польшча). Праз год паступіў у навіцыят у Смардзэвіцах. Далейшая фармацыя доўжылася ў семінарыі ў Лодзі-Лагеўніках. Падчас семінарыйнай дзейнасці хлопец займаўся катэхізацыяй дзяцей-сірот і вязняў. Дапамагаў у выпуску часопіса “Nasze życie”, займаўся францішканскім харалам, разам з іншымі братамі-студэнтамі граў у гурце “Pokój i Dobro” хрысціянскую рок-музыку.
    “Цікава, што ў Ордэне я ад пачатку рабіў тое, што люблю і ўмею рабіць. Бог не знішчае ніводнага таленту, які Яму ахвяруеш”.
    15 верасня 2007 года ў Смардзэвіцах склаў першыя манаскія абяцанні, а на свята Беззаганнага Зачацця Панны Марыі 8 снежня 2013 года ў Івянцы – вечныя. Там жа ва ўспамін святога Яна Хрызастома 13 верасня 2014 года атрымаў святарскае пасвячэнне. З таго года служыць у парафіі Маці Божай Анёльскай у Гродне. З’яўляецца апекуном міністрантаў і моладзі. Адказны за душпастарства пакліканняў у беларускай дэлегатуры Ордэна.
    “Аднойчы Бог прамовіў да мяне праз Святое Пісанне: «Я прыйшоў дзеля таго, каб мелі жыццё і мелі ўдосталь» (Ян 10, 10). Гэты ўрывак я пасля змясціў сабе на памятцы аб прыміцыйнай св. Імшы. У маім сэрцы жыве вялікае жаданне, каб і я, і людзі, якія вакол мяне, жылі ўпоўні, каб гэта не было простым існаваннем. Ведаю, што гэта можа здзейсніць толькі Бог. У маім жыцці Ён прысутнічае як любячы Айцец, Сябар, Брат, Хрыстос-Збаўца. Бог – гэта Святы Дух, які дзейнічае праз мяне і, перш за ўсе, хоча, каб я быў шчаслівы і гэтым шчасцем дзяліўся. Бог – гэта Любоў. Ён аддаў за мяне жыццё і ўваскрос. І любіць мяне нават больш, чым я сам”.