Бог – цярплівы Айцец, які выхоўвае да святасці

На службе Богу

айцец Казімір ЕнджэйчакСёння сваю гісторыю распавядае айцец Казімір Енджэйчак з Супольнасці Місіянераў Аблатаў Марыі Беззаганнай.
Малым дзіцём бавіўся “ў ксяндза”
    Айцец Казімір паходзіць з Познаньскай архідыяцэзіі ў Польшчы з сям’і рабочых. Старэйшы з чатырох дзяцей. Быў ахрышчаны ў Кэмблаве. Першую св. Камунію прыняў ва ўзросце 8 гадоў у Бніне.
    “Я адчуў вялікі супакой і радасць ад таго, што Пан Езус прыйшоў у маё сэрца. Пасля абеду ў суботу, адразу ж пасля споведзі, я вярнуўся дадому і пайшоў спаць, каб ужо не зграшыць перад прыняццем Езуса ў святой Камуніі. Ва ўзросце 12 гадоў з поўнай свядомасцю я прыняў сакрамант канфірмацыі, які пакінуў моцны адбітак у маёй душы. Я пачаў думаць аб прысвячэнні жыцця Богу”.
    У Бніне хлопец хадзіў у школу. Кожную нядзелю з усёй сям’ёй прымаў удзел у святой Імшы.
    “Бацькі ўспамінаюць, што ў дашкольным узросце я любіў бавіцца «у ксяндза», асабліва пасля нядзельнай святой Імшы. Я надзяваў доўгі шалік і вітаў усіх словамі: «Пан з вамі»”.

    Перад цудоўным абразом Маці Божай Чанстахоўскай
    Пакліканне да святарства хлопец адчуў ва ўзросце 13-14 гадоў пад уплывам прыкладу ксяндза вікарыя Андрэя, які імпанаваў яму стылем быцця пры алтары, на катэхезе, у размове і штодзённым жыцці. Таксама і ксёндз пробашч Рамуальд быў прыкладам сталасці ў веры і клопату аб збаўленні даручаных яму душ.
    Пакліканне да манаскага жыцця нарадзілася ў 1975 годзе, калі хлопец вучыўся ў ліцэі ў Курніку, падчас перэгрынацыйнай місіі перад прыбыццём у парафію копіі цудатворнага абраза Маці Божай Чанстахоўскай. Тыднёвыя місіі праводзілі айцы аблаты Марыі Беззаганнай. “Узнёслая рэлігійная атмасфера, доўгія чэргі ў канфесіяналы, напоўненыя глыбокім духоўным зместам навукі і канферэнцыі... Я перажыў незвычайную споведзь, падчас якой пачуў пытанне: ці хочаш стаць святаром? Гэтае пытанне не засталося ў маім сэрцы без адказу. У апошні дзень місій, які быў днём наведвання цудоўнага абраза, ад імя моладзі я вітаў Маці Божую ў Яе выяве, што аказала на мяне вельмі вялікае ўражанне. З таго часу і дагэтуль я штодзённа адгаворваю акт ахвяравання сябе Маці Божай: «Маці Найсвяцейшая Беззаганная Марыя, Табе прысвячаю сваё цела і душу»”.
   
    Пад сцягам Беззаганнай
    У другім класе ліцэя ўзнікалі сумненні адносна паклікання. Тады ў харцэрскім лагеры хлопец сутыкнуўся з дэмаралізаванай моладдзю і, парадаксальна, гэта ажывіла жаданне быць святаром, каб ратаваць маладых людзей. Ён пачаў штодзённа чытаць Евангелле і сустрэўся з жывой асобай Езуса.
    “Я захацеў прысвяціць сваё жыццё Богу пад сцягам Беззаганнай і вырашыў рэалізаваць сваё пакліканне ў манаскай супольнасці, што носіць Яе тытул – «oblatus», што ў перакладзе з лацінскай мовы азначае «прысвечаны», «ахвяраваны». Маё пакліканне ўзмацніў выбар Папы святога Яна Паўла ІІ: у 1978 годзе ён «паставіў» на адданасць Маці Божай”.
    8 верасня 1979 года хлопец уступіў у навіцыят Аблатаў Марыі Беззаганнай на Святым Крыжы, дзе знаходзяцца рэліквіі Крыжа Пана Езуса. Дакладна праз год склаў першыя манаскія абяцанні і пачаў вывучаць філасофію ў Вышэйшай духоўнай семінарыі Аблатаў у Обры. Пазней вывучаў тэалогію ў Грэгарыянскім універсітэце ў Рыме.
    “Я знаходзіўся ў Міжнародным схаластыкаце пры генеральным доме нашай супольнасці. Там я пазнаёміўся з многімі выдатнымі братамі аблатамі з усяго свету. Маім сябрам і духоўным кіраўніком у гэты перыяд быў айцец Ёс Янсэнс SJ, якому я абавязаны ўзмацненнем свайго манаскага паклікання. Я меў магчымасць часта ўдзельнічаць у набажэнствах, якія праводзіў святы Ян Павел ІІ. Некалькі сустрэч са Святым Айцом глыбока запісаліся ў маім сэрцы, што немагчыма выразіць словамі”.
    Вечныя манаскія абяцанні склаў у Обры 8 верасня 1985 года.
   
    У душпастарскай і выхаваўчай паслузе
    Пасля гадавога пастаральнага стажу у Міланоўку каля Варшавы айца Казіміра пасвяцілі да паслугі дыяканату. Ён быў накіраваны як выхавацель у Ніжэйшую духоўную семінарыю ў Маркавіцах. На свята Брата Альберта Хмялёўскага 17 чэрвеня 1987 года ў Обры прыняў сакрамант святарства.
    Першай паслугай была выхаваўчая праца з моладдзю. Таму айцец Казімір пачаў вывучаць педагогіку на апякунска-выхаваўчым аддзяленні ў Торуні, а праз два гады скончыў навучанне ў Катавіцах.
    “У 1991 годзе я даведаўся, што мой знаёмы пробашч ксёндз Аляксандр Кашкевіч быў прызначаны біскупам новаўтворанай дыяцэзіі ў Гродне. Падчас сустрэчы з ім у Вільні я спытаўся, ці прыдалася б мая дапамога ў дыяцэзіі, а таксама як выкладчыка педагогікі ў Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне. Пасля пазітыўнага адказу я прыбыў у горад над Нёманам у 1992 годзе на свята Маці Божай Чанстахоўскай”.
    Спачатку служыў у адамавіцкай парафіі, затым у струбніцкай. Цяпер служыць у Селіванаўцах у парафіі Перамянення Пана.
   
    “Год кансэкраванага жыцця 2015 – гэта час вялікіх юбілеяў са дня нараджэння маіх любімых святых: 500-годдзе святой Тэрэзы Авільскай, 500-годдзе святога Філіпа Нэры і 200-годдзе святога Яна Боско – галоўных педагогаў, якія натхняюць мяне ў душпастарскай і выхаваўчай паслузе. Я вельмі ўдзячны за гэта Пану Богу. Бог для мяне – гэта цярплівы Айцец, які выхоўвае да святасці. Святы Філіп Нэры калісьці добра сказаў: «Хто хоча чагосьці іншага, а не Хрыста, той не ведае, чаго хоча; хто прагне чагосьці іншага, а не Хрыста, не ведае, саго прагне; хто працуе, але не з-за Хрыста, той не ведае, што робіць»”.