Бог адкрывае сэрца і пранікае ў душу

На службе Богу

сястра Лілія

Сёння сваю гісторыю распавядае сястра Лілія з Кангрэгацыі Сясцёр Служак Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі.
З вялікай дружнай сям’і
    Сястра Лілія паходзіць з Украіны, з мястэчка Грудэк. Выхоўвалася ў вялікай сям’і разам з трыма братамі і шасцю сёстрамі. Маці займалася хатнімі справамі і даглядала дзяцей, бацька працаваў кіроўцам.
    З дзяцінства дзяўчынка ведала ўсе малітвы. Асновы веры ёй перадалі маці і бабуля.
    Пасля школы скончыла тэхнікум у Харкаве. Накіравалася ў Крым. А праз год – у Сібір.
    “У мяне ёсць сястраблізнюк. І мы заўсёды былі разам. А калі апынуліся ў розных гарадах, нам стала не хапаць адна адной. Хацелася больш камунікаваць, быць побач. Двайняты, вядома, маюць больш цесную сувязь, чым звычайныя брат ці сястра... І я прыехала да яе ў Нягань”.

    Твой Творца ёсць муж твой
    Хутка сястра выйшла замуж. Ліля, як і ўсе маладыя дзяўчыны, таксама хацела стварыць сваю сям’ю і вырашыла памаліцца ў гэтай інтэнцыі. Узяла сабе пост, закрылася ў пакоі і стала на калені.
    “Пане, я б хацела быць добрай жонкай, добрай маці. Дай мне добрага мужа, каб быў верны, веруючы, каб мы мелі нешта агульнае і маглі разам маліцца”.
    Узяла ў рукі Біблію і папрасіла Бога адказаць ёй. Калі адкрыла Святое Пісанне, трапіла на 54-ы раздзел кнігі прарока Ісаі, 5-ы верш: “Бо твой Творца ёсць муж твой; Гасподзь Саваоф – імя Яго, і Адкупіцель твой – Святы Ізраілеў: Богам усёй зямлі назавецца Ён”.
    Дзяўчына нічога не зразумела, закрыла Біблію і выйшла са свайго пакоя. Але хутка вярнулася і зноў стала на калені.
    “Пане, я б хацела быць добрай жонкай, добрай маці. Дай мне добрага мужа”.
    Узяла ў рукі Біблію і адкрыла той самы верш з 54-га раздзела кнігі прарока Ісаі. Пасля прачытанага дзяўчына адчула сябе няёмка і падумала, што Бог не ведае яе. Прамовіла: “Пане, я вялікая грэшніца. Вазьмі сабе святую”. І закрыла Біблію. Выйшла з пакоя, але вярнулася. І ў трэці раз узяла ў свае рукі Святое Пісанне. Адчувала, што Бог зноў адкрые ёй той самы верш. Так і сталася.
    Дзяўчына ўсур’ёз задумалася: касцёла ў Нягані няма, што ж ёй рабіць? Паехала за тысячу кіламетраў на сустрэчу з ксяндзом у Цюмень. Пасля размовы аб яе пакліканні святар сказаў: “Ліля, ведаеш што, я буду за цябе маліцца, каб ты выйшла замуж. Едзь дадому”.
    І дзяўчына вярнулася.
   
   Як у сне
    Мінуў год. Увесь гэты час дзяўчына думала пра тое, як складзецца яе далейшае жыццё. Аднойчы ўвечары яна ўзяла з палічкі кнігу. Адкрыла яе і прачытала: “Едзь туды, куды Я табе наказаў, таму што ўсё жыццё ты ідзеш супраць Маёй волі”. Дзяўчына спалохалася і адкінула кнігу.
    “Пане, супраць Тваёй волі? Не, ніколі! Усё, што заўгодна, толькі не гэта”.
    Другі раз Ліля паехала да ксяндза ў Цюмень. Выслухаўшы дзяўчыну, святар прапанаваў ёй застацца ў горадзе, пахадзіць у касцёл. Ён жа будзе назіраць за ёй і прыглядацца, ці сапраўды дзяўчына мае пакліканне. Ліля адказала згодай.
    Але дзе спыніцца? І тут дзяўчына ўспомніла пра аднаго свайго знаёмага, які абяцаў дапамагчы ёй з жыллём, калі на тое будзе патрэба. Ліля патэлефанавала яму на працу. Высветлілася, што мужчына паехаў у тайгу і будзе толькі праз два месяцы. Дзяўчына засмуцілася і звярнулася да Бога: “Калі Ты сапраўды хочаш, каб я прысвяціла сябе Табе, зрабі так, каб мой знаёмы прыехаў і даў мне ключы ад дома. Бо куды я паеду? Дзе буду жыць?”.
    Лягла спаць. А ноччу ёй прысніўся сон.
    “Падыходжу я да яго дома. Дзверы адчынены. Заходжу, клічу яго. Бачу, выходзіць мне насустрач і пытае, што здарылася. Я кажу, што мне трэба пажыць у Цюмені, і прашу даць ключы ад яго дома. Ён адказвае: «Ліля, без праблем». Падыходзіць да шафы, з кішэні жакета дастае ключы і кладзе іх мне на далонь”.
    Дзяўчына прачнулася ў добрым настроі і вырашыла пайсці наведацца да знаёмага. Прыходзіць – і ўсё здараецца як у сне: дзверы адчынены, дзяўчына яго кліча, яны размаўляюць, знаёмы кажа тыя ж словы і дастае ключы з таго ж месца, дзе яна бачыла ў сне.
    “Гэта быў для мяне вельмі ясны знак – мяне вядзе Бог”.
   
    Шчаслівая ў сваім пакліканні
    Ліля пражыла ў Цюмені паўгода. Ксёндз блаславіў яе і адправіў у Польшчу да сясцёр Служак Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі. У 1999 годзе ў Ломжы дзяўчыну прынялі ў пастулят. Праз тры гады былі складзены першыя шлюбы. А ў 2007 годзе 1 жніўня ў генеральным доме ў Мар’еўцы сястра Лілія склала вечныя шлюбы.
    Некалькі гадоў яна працавала катэхеткай у Беларусі. Потым выехала ў Польшчу, а затым зноў вярнулася і ўжо амаль 10 гадоў працуе ў бібліятэцы Вышэйшай Духоўнай Семінарыі ў Гродне.
   
    “Бог для мяне – Той, хто любіць і прабачае, лечыць і чыніць вялікія цуды, прысутнічае, але ўтоены, дзейнічае і любіць здзівіць, дакранаецца і хаваецца, бо Яму так даспадобы. Гэта Той, хто вельмі шчодры і раздае свае ласкі, Той, хто адкрывае маё сэрца і пранікае ў маю душу. Яго Слова жыве ў маім сэрцы: гэта пранізваючы голас, які змяняе мяне паводле сваёй волі. Бог дае крыж і ласку, каб яго прыняць і палюбіць. Ён заўсёды верны свайму слову і ведае, як для мяне будзе лепш. Я пазнаю Бога кожны дзень, гэтым жыву. І ў сваім пакліканні я вельмі шчаслівая”.