На Бога заўсёды можна паспадзявацца

На службе Богу

Сёння сваю гісторыю распавядае сястра Іерамія з Кангрэгацыі Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта.
Актыўнае парафіяльнае жыццё
    Сястра Іерамія нарадзілася ў горадзе Гродна. Паходзіць з сям’і працоўнага і бухгалтара. Бацькі мелі дваіх дзяцей: дзяўчынку і малодшага хлопчыка.
    Кожную нядзелю ўся сям’я ішла ў пабернардынскі касцёл. У будні дзеці наведвалі заняткі рэлігіі. Ва ўзросце 8 гадоў дзяўчынка прыступіла да Першай святой Камуніі.
    “Пакуль жыла бабуля, мы заўсёды былі ў касцёле, – успамінае сястра Іерамія, – былі побач з алтаром. А потым я стала хадзіць самастойна... Далучылася да членаў руху “Святло Жыцця”, якая збіралася для разважання над Святым Пісаннем. А праз нейкі час у парафіі сфарміраваўся “касцяк” актыўнай моладзі, у які ўваходзіла і я”.
Маладыя людзі ездзілі на сустрэчу з папам Янам Паўлам ІІ у Чанстахову, сустракаліся з айцамі салезіянамі, прымалі ружанец, перыгрынацыя якога адбывалася па ўсяму Савецкаму Саюзу.
    “Мы заўсёды былі там, дзе толькі можна было быць. Сябравалі, дапамагалі адзін аднаму па вучобе. Раз на тыдзень сустракаліся на катэхезе з сястрой і амаль штодзённа прыходзілі ў касцёл”.
   
    Заручыны з Богам
    У чарговую гадавіну расстрэла 11 сясцёр назарэтанак у 1991 годзе дзяўчына была прынята ў пастулят. Разам з ёю былі яшчэ тры сяброўкі з “парафіяльнага касцяка”.
    “Сёстры ведалі нас. Ім было радасна”.
    З 1993 года – навіцыят, у 1995 годзе – першыя шлюбы. Урачыстасць складання вечных шлюбаў адбылася ў тым жа пабернардынскім касцёле 19 жніўня 2000 года.
    “Мы былі першымі ў Беларусі сёстрамі назарэтанкамі, якія прыйшлі ў супольнасць адразу з-за школьнай лавы”.
   
Першая св. Камунія ў Казловічах, 26 мая 1996 г.    Дапамагчы духоўна
    Спачатку сястра працавала ў пабернардынскім касцёле, ездзіла ў Путрышкі, Верцялішкі, Панямунь праводзіць катэхезу для дашкалят. Затым тры гады працавала з дзецьмі ў фарным касцёле ў Лідзе. Пасля на працягу дзесяці гадоў служыла ў аплаткарні ў Навагрудку. З 2012 года сястра Іерамія працуе ў дыяцэзіяльнай краме ў горадзе Гродна.
    “Людзі прыходзяць сюды са сваімі патрэбамі. Часта шукаюць не проста дапаўненне ў інтэр’ер, а духоўную параду. Раяцца, як зрабіць лепш. Часам даводзіцца некага пераконваць, што свечка не ўратуе. Не бывае такога, што паклаў абразок у кашалёк – і ўсё па жыцці будзе добра. Тлумачу сутнасць духоўных рэчаў”.
    Дзякуючы настаўленням маці, яшчэ да паступлення ў пастулят сястра мела за плячыма скончаныя курсы польскай мовы і спецыльнасць прадаўца. Відавочна, гэта як нельга лепей выкарыстоўваецца сёння сястрой у манаскім жыцці.
   
    Дзякуючы Богу
    “З часам я разумею: гэта дзякуючы Богу я такая, якой зараз з’яўляюся. Нават прыходжу да думкі, што, клічучы да сябе, Бог засцерагае нас ад чагосьці”.
    Сястра ўпэўнена, што на Бога заўсёды можна паспадзявацца. Ён дае роўна столькі, колькі чалавек можа вытрымаць. “Я жыву ў манастыры і маю блізкі кантакт з Усявышнім, я магу размаўляць з Ім на любыя тэмы. А чым бліжэй адносіны з Богам, тым смялей мы можам звяртацца да Яго з банальнымі праблемамі”.
    У размове сястра прызнаецца, што вечерам на малітве ўспамінае ўсіх людзей, якія праз яе праходзяць. Гэта яна лічыць адной з пераваг манаскага жыцця: знаходзячыся бліжэй да Бога, сястра прагне дапамагчы акружаючым.