Бог вучыць давяраць Яму

На службе Богу

Сёння сваю гісторыю распавядае сястра Караліна з Кангрэгацыі Школьных Сясцёр Нотр-Дам.
Веры ў сям’іне саромеліся
    Сястра Караліна паходзіць з горада Ліды з сям’і працоўных. Маці і бацька былі католікамі. У час ганенняў сваёй веры не саромеліся.
    “Мае бацькі былі такой парай, якая ў 1973 годзе ўрачыста брала ў нядзелю шлюб. У ЗАГСе яны распісаліся па-простаму, а на вянчанне мама шыла доўгую белую сукенку. Канешне, потым на працы выклікалі і маму, і тату. Але камсамольцамі яны не былі, таму не надта з-за гэтага перажывалі”.
    Выклікалі іх і пасля хросту дзяцей, якіх у сям’і было трое. Але бацькі не звярталі на тое сур’ёзнай увагі.
   
   Жылі так, як лічылі слушным.
    “У нас была маленькая такая кніжачка з ілюстрацыямі з жыцця Хрыста. Мама і бабуля тлумачылі мне, што азначаюць малюнкі. Канешне, у тры гады я не ўмела чытаць, але вельмі любіла ўсім пераказваць па ілюстрацыях пра Езуса. Дайшло да таго, што я з гэтай кніжкай засынала”.

    У школе былі лаяльныя настаўнікі
    “Калі мы падраслі, мама напісала нам з братам у сшытак малітвы. Сказала, каб вучылі, бо хутка пойдзем на экзамен, дзе павінны ўсё ведаць”.
    Па вечарах з дзецьмі малілася бабуля. Першай малітвай, якой яны навучыліся, была малітва да Анёла-ахоўніка.
    Затым бабуля стала браць унукаў з сабою ў касцёл. І незадоўга дзяўчынка са старэйшым братам пайшлі да Першай Камуніі. Адбылося гэта летам у лідскім фарным касцёле.
    У школе казалі, што Бога няма. Але жорсткіх праследаванняў веры не было: некаторыя настаўнікі на штосьці закрывалі вочы, бо, пэўна, самі былі веруючымі.
    “Мая класная сказала так: «Гучна пра гэта не кажу, але кожная сям’я робіць так, як лічыць патрэбным. А тое, што я павінна вам прачытаць на палітінфармацыі, я прачытаю. І ўсяго»”.
   
    Сёстры запрасілі да сябе
    Калі падрастаў малодшы брат, было афіцыйна дазволена праводзіць для дзяцей катэхезу. І дзяўчына стала адказнай за тое, каб вадзіць на заняткі малодшага брата, бо дабірацца было далёка.
    Пасля яго Першай Камуніі на навуку сталі хадзіць разам. З часам сястра запрасіла дзяўчыну ў групу марыянак. Затым – у хор. Неяк атрымлівалася ўсё сумяшчаць.
    “Аднойчы адна сястра спытала ў мяне, ці хацела б я стаць адной з іх. А я ў адказ: можна падумаю? Пасля зацікавілася, і сёстры сталі запрашаць мяне да сябе на малітву, часам на абед. Я бачыла, як яны жывуць, чым займаюцца. І адчувала, што мне гэта даспадобы. З іншага боку, я заўсёды марыла стаць настаўніцай. Мне падабалася правяраць малодшаму брату сшыткі, выпраўляць памылкі. І я думала, што калі стану сястрой, таксама змагу выкладаць, толькі не нейкі прадмет, а штосьці асаблівае...”.
   
Катэхеза – адна з найважнейшых паслуг    Шмат вучылася, каб вучыць самой
    Як гэта часта здараецца, бацькі былі не ў захапленні ад выбару дачкі. Але пярэчыць гэтаму не сталі. Толькі дадалі, што ў любы момант яна можа вярнуцца.
    “Пасля школы я нікуды не паступала. У Гродна ўжо быў адкрыты Катэхетычны інстытут, і сёстры сказалі, што калі я да іх прыйду, адразу накіруюць мяне туды вучыцца”.
    Пасля трох гадоў вучобы ў інстытуце дзяўчыну разам з іншымі сёстрамі накіравалі ў Варшаву для паступлення ва Універсітэт імя кардынала Стэфана Вышыньскага.
    “З-за асноўнай працы не заўсёды хапала часу на вучобу. Тое, што магла, я вучыла. А па дарозе ва ўніверсітэт малілася да святога Антонія, каб выцягнуць «патрэбны» білет. І вось так ён мяне 6 гадоў цягнуў. А яшчэ мне дапамагалі чыстцовыя душы. Я заўсёды абяцала сабе: калі здам экзамен, памалюся за іх цэлы Ружанец. Такім чынам, заўсёды аддавала тое, што выпрошвала”.
    Старэйшыя сёстры прадоўжылі студэнткам фармацыю. Вечныя шлюбы яны склалі праз 9 гадоў пасля першых (згодна з кананічным правам, гэта максімальна магчымы перыяд). Адбылася гэтая доўгачаканая падзея 24 чэрвеня 2006 года ў касцёле святога Вацлава ў Ваўкавыску.
    З таго часу сястра Караліна працавала ў Лідзе і Дзятлаве. Зараз ужо сёмы год у Ваўкавыску.
    “Аднойчы мы з моладдзю адправіліся за горад у паход. Дарога расцягнулася на 10 кіламетраў. Увечары сабраліся распальваць вогнішча, але запалак у нас не аказалася. Недалёка мы заўважылі дом і вырашылі папрасіць запалак у гаспадароў. Будынак аказаўся нежылы. І тады я прапанавала маладым людзям памаліцца да святога Антонія. Пасля гэтага мы прайшліся па двары і такі знайшлі запальнічку. Мы былі вельмі ўдзячны Богу за Яго клопат пра нас. Такія моманты ўмацоўваюць веру. Бог вучыць мяне давяраць Яму”.