Музыколаг і даследчыца касцёльных спеваў: “Мы можам ганарыцца, што маем свой Імшал”

Актуальна - Інтэрв'ю

Кожная нацыянальная мова, уведзеная ў літургію, стварыла прыгожыя спевы. У тым ліку і беларуская
Кожная нацыянальная мова, уведзеная ў літургію, стварыла прыгожыя спевы. У тым ліку і беларуская

Сёлета Рымскі Імшал для дыяцэзій Беларусі дасягнуў паўналецця. Роўна 18 гадоў таму ён быў зацверджаны Апостальскай Сталіцай. Прыгадваючы гэтую дату, мы паразмаўлялі з Ірынай Хахульскай, доктарам музыкалогіі і даследчыцай спеваў у беларускім Імшале, аб усім нам вядомых літургічных спевах і мелодыях. Гутарым пра прычыны адрознення нашых спеваў ад лацінскага арыгінала, пра тое, як Імшал аб’яднаў католікаў і чаму мы ўсё радзей чуем спяваныя Імшы ў касцёлах.


   – Калі Вы даследавалі працу над беларускім Імшалам, размаўлялі з людзьмі якія гэтым займаліся, што было складаней перакладаць – тэксты ці музыку?
   – Напэўна, музыку. Калі пачаліся працы над афіцыйнай версіяй Імшала, у нас проста не хапала спецыялістаў.
   
    – Я правільна разумею, што, каб рыхтаваць такія мелодыі, трэба ведаць традыцыю спеваў у Касцёле?
   – Kаб адаптаваць грыгарыянскія мелодыі, трэба добра ведаць лаціну, сваю мову і грыгарыянскi спеў – у дадзеным выпадку, перш за ўсё, правілы адаптацыі лацінскай кантыляцыі (г. зн. простыx мелодый, заснаваных на дэкламацыі, з кадэнцыйнымі формуламі, звязанымі, часцей за ўсё, са знакамі прыпынку). Такім чынам, aдаптацыя мелодый вяжацца, у першую чаргу, са структурай тэксту і слова, а таксама трэба памятаць, што не кожная мова падыходзіць для адаптацыі лацінскіх спеваў.
   
 Ірына Хахульская
Ірына Хахульская – доктар музыкалогіі, супрацоўніца Інстытута мастацтва Польскай акадэміі навук. Займаецца літургіяй і спевам заходняга Касцёла. Даследавала адаптацыю лацінскай кантыляцыі ў Рымскім Імшале для дыяцэзій Беларусі. Паходзіць з в. Дзераўная Стаўбцоўскага раёна.

   – Атрымліваецца, іншым краінам гэты працэс даваўся прасцей? У Беларусі на той момант ўсё-такі не было кляштараў, дзе б грыгарыянскі спеў практыкаваўся.
    – Гэта дакладна. Хоць, з іншага боку, гэта быў настолькі позні час, што і ў другіх краінах грыгарыянскі харал быў сапхнуты. Mала дзе былa бесперапынная традыцыя, і нават там яна была не зусім такой. Гэтая нітка традыцыі была перарвана ў многіх краінах.
   
    – А чаму некаторыя спяваныя моманты св. Імшы адрозніваюцца ў розных краінах? Напрыклад, адказ вернікаў “І з духам тваім” перад прэфацыяй па-польску і па-беларуску гучыць зусім інакш.
   – У спосабе адаптацыі грыгарыянскіх мелодый шмат залежыць ад сінтаксісу, націскаў дадзенай мовы. Такім чынам, адаптаваныя мелодыі лацінскіx спеваў адрозніваюцца ў розных мовах. Як мне здаецца, адной з найбольшых праблем, на якія наткнулiся члены камісіі падчас падрыхтоўкі Імшала, быў націск на апошні склад. Tаму часам узнікaлі цяжкасці з захаваннем арыгінальнай структуры кадэнцыйных формул – “I з духам тваім” з’яўляецца тут добрым прыкладам.
    Беларуская мова не самая зручная для адаптацыі з-за націскаў на апошні склад.
    У любым выпадку, у нас ужо ў нейкім сэнсе сфарміравалася свая традыцыя, і я думаю, што не трэба яе змяняць.
   
    – То-бок, формула для беларускага тэксту не адпавядае арыгінальнай, але зручнейшая для спявання па-беларуску?
    – Hа самым пачатку, калі ўсе памяталі “польскія” мелодыі (адаптацыі), было вельмі складанa, а цяпер, напэўна, ужо наадварот – так зручней. Перад выданнем афіцыяльнага Імшала, у нас былі лакальныя выданні. Яны былі зроблены на польскі манер. Было выданне Чырвонага касцёла, гродзенскі пераклад, пераклад кс. Уладзіслава Чарняўскага.
    Яны ксеракапіраваліся і хадзілі па парафіях. Ксяндзы імі карысталіся і былі да іх прызвычаеныя. Яны захоўвалі польскую структуру формулы спеваў. Там была ўжо іншая праблема – яны не глядзелі на націскі ў словах. Напрыклад, ва ўзгаданым адказе вернікаў “І з духам тваім” націск рабіўся на перадапошні склад – “твАім”.
   
Апошняе (трэцяе) выданне Рымскага Імшала 2002 г.,тлумачэннем якога карыстаюцца дыяцэзіі ў Беларусі
Апошняе (трэцяе) выданне Рымскага Імшала 2002 г., тлумачэннем якога карыстаюцца дыяцэзіі ў Беларусі

  – У некаторых парафіях да сёння можна пачуць такое. Атрымліваецца, гэтыя мелодыі не супадаюць з пазначанымі ў Імшале?
   – Так. Магчыма, яны прызвычаіліся да студыйнага выдання яшчэ да паўстання афіцыйнага Імшала. Напрыклад, гродзенскі пераклад паўставаў у семінарыі пад кіраўніцтвам кс. Тадэвуша Вышынскага. Ён рабіў і пераклад, і музыку. Магчыма, на Гродзеншчыне гэтая версія перанялася, бо з яе складана было пераходзіць на новую і, месцамі, складанейшую ды адрозную ад польскай формулу.
   
    – Чым мы можам ганарыцца ў плане спеваў у нашым Імшале? Ці ёсць нейкія асаблівасці, унікальнасці?
    – Цяжка сказаць, што мы штосьці стварылі. Мы скарысталі грыгарыянскую традыцыю і адаптавалі мелодыі. Аднак у любым выпадку мы можам ганарыцца, што маем свой Імшал, зацверджаны Апостальскай Сталіцай. І калі шмат людзей збіраецца, то ўсе ведаюць, як і што спяваць. Я памятаю, калі ў наш касцёл прыязджала шмат людзей з іншых парафій, то спевы раз’язджаліся, кожны спяваў па-свойму. Дзесьці прызвычаіліся так, а дзесьці інакш. Тое, што была створана адна форма для ўсіх – важна.
   
    – Імшал аб’яднаў беларусаў.
    – Так. Лакальныя традыцыі таксама важныя, але што тычыцца формы літургіі, то добра, каб была адна.
   
    – А колькі ўвогуле гадоў мелодыям, якія выкарыстоўваюцца ў сучасным Імшале?
   – Можна казаць, што грыгарыянскі рэпертуар склаўся ўжо ў другой палове VIII стагоддзя. Гэта мы гаворым не пра рэцытатыў, а пра больш складаныя спевы. Рэцытатыў і літургічныя спевы пачалі кшталтавацца ўжо ў IV стагоддзі.
    Працэс фарміравання літургічных спеваў, асабліва калі гаворка ідзе пра лацінскую кантыляцыю, пачаўся ўжо ў IV стагоддзі – калі хрысціяне атрымалі свабо- ду, пачалося будаўніцтва базілік і, самае галоўнае, была ўведзена лацінская мова.
   
    – Выходзіць, многія імшальныя спевы і мелодыі, якія мы сёння чуем, маюць па тысячы гадоў?
    – Нават больш. Рэцытатывы, якія выкарыстоўваюцца падчас Імшы, з’яўляюцца аднымі з найстарэйшых спеваў Kacцёлa. Да канца VIІ стагоддзя aсноўнaя структурa св. Імшы – з яе абрадамі, якія мы маем сёння, – была сфарміраванa.
   
    – То-бок, Імшал застаецца пэўнай стужкай, якая злучае сёння вернікаў з тысячагадовай традыцыяй грыгарыянскіх спеваў?
    – Так. Але не толькі Імшал. Мы, магчыма, проста не ўяўляем, але ёсць новыя спевы, у якіх выкарыстоўваюцца грыгарыянскія мелодыі ці якія натхнёныя гэтай музыкай.
   
Гісторыя тлумачэння Рымскага Імшала на беларускую мову
   Перыяд СССР – першы пераклад кс. Уладзіслава Чарняўскага. Гэтая праца стане пазней узорам для афіцыйнай камісіі, якая займалася тлумачэннем.
   
    1994 г. – зацвярджэнне Парадку Імшы і чатырох Эўхарыстычных малітваў у Рыме.
   
    1996 г. – першае студыйнае выданне Імшала з мелодыямі.
   
    1997 г. – Мітрапалітальная Камісія па перакладзе літургічных тэкстаў і рэлігійнай літаратуры прыступае да працы над афіцыйным тлумачэннем Рымскага Імшала.
   
    2004 г. – выданне і зацвярджэнне ў Рыме Рымскага Імшала для дыяцэзій Беларусі.

    – Мне падаецца, сёння спяваная Імша робіцца рэдкасцю. Усё больш літургія рэцытуецца. Адкуль, на Ваш погляд, бярэцца такая тэндэнцыя?
    – Тут можна паразважаць, хто спяшаецца – людзі ці святары. Людзі любяць, калі Імша кароткая, а часта і самі святары спяшаюцца. Свет сёння жыве хутка. Літургія павінна трываць спакойна. Калі яе ўсю праспяваць, яна не будзе трываць 50 хвілін. Але гэта трэба, каб святар хацеў спяваць, любіў спяваць – трэба ж сесці і павучыцца. Уся Імша можа быць спяваная, у тым ліку чытанні. У маёй парафіі (калі я была дзіцём) святар спяваў большую частку Імшы, спявалася таксама Credo, і гэта трывала, прынамсі, паўтары гадзіны.
    Мне падаецца, гэта маё асабістае меркаванне, мы хочам мітусню ўцягнуць таксама ў Касцёл. У Касцёле таксама спяшаюцца. Mы губляем сферу, у якой можам спыніцца, не спяшацца і ўрачыста ды ў спакоі падзякаваць Богу.
    Сёння ўвогуле не надаецца такой вагі мастацтву ў Касцёле – спеву, архітэктуры, выяўленчаму мастацтву, – і гэта вельмі дрэнна.
   
    – Падзяліцеся, калі ласка, на якіх кітах стаіць Ваша захапленне грыгарыянскім спевам? Адкуль яно бярэцца і што Вам дае асабіста?
   – Грыгарыянскі харал – гэта незвычайны спеў. Што цікава, ён створаны спецыяльна для літургіі і пасуе толькі да літургіі, не падыходзіць для канцэртаў. Гэта проста малітва. Hа жаль, мала дзе практыкуецца спеў грыгарыянскага харалa.
    Трэба дадаць, што калі ў літургію былі ўведзены нацыянальныя мовы, паўстала шмат прыгожых спевaў на іх. Там укладвалася тэалогія, і музыка была на належным узроўні. Гэта таксама нашa духоўнае багацце. Зараз, на жаль, мала пішaцца літургічных спеваў на высокім мастацкім узроўні, якія, да таго ж, яшчэ захоўваюць sacrum.
    Дарэчы, хачу толькі дадаць – нельга ўводзіць у літургію паломніцкія песні, няхай застаюцца на пілігрымкy.