Ці сапраўды “няма добрых беларускіх тлумачэнняў Бібліі”? Разбіраемся разам з перакладчыкам

Актуальна - Інтэрв'ю

budslawska1
Гісторыя і сучаснасць перакладаў Бібліі на беларускую мову сплецена з лёсам і рэчаіснасцю беларушчыны ўвогуле. Шмат было зроблена і робіцца, але разам з гэтым нямала працы засталося незаўважанай і неацэненай.

Наколькі запатрабавана Слова па-беларуску сёння? Размаўляем на гэты конт з перакладчыкам Бібліі і евангельскім пастарам Антоніем Бокунам.


   – Існуе меркаванне, што няма добрых беларускіх перакладаў Бібліі. Адкуль бярэцца такая пазіцыя?
   – Тут я бачу некалькі прычын. Галоўная – гэта агульны снабізм.
    Большасць людзей, якія так сцвярджаюць, ніякія пераклады не чыталі, альбо чыталі адзін ці два. Людзі проста кажуць, што добрага беларускага перакладу Бібліі няма. Некаторыя ўвогуле лічаць, што добрых перакладаў Святога Пісання на любой мове няма ў прынцыпе.
    Што тычыцца Новага Запавету, то беларускіх перакладаў шмат і большасць з даступных рэальна можна назваць добрымі. Пачынаючы ад перакладаў Лукаша Дзекуць-Малея і Антона Луцкевіча – да ўсіх тых, якія выйшлі ў апошнія гады. Усе беларускія пераклады Новага Запавету даволі дакладна перадаюць той сэнс, які ёсць у Пісанні. Прачытаўшы іх, чалавек адэкватна зразумее тое, што напісана ў арыгінальным тэксце.
    Калі казаць пра Стары Запавет, то ў нечым з такой пазіцыяй (што няма добрых перакладаў – заўв. аўт.) я магу пагадзіцца, бо кожны з наяўных перакладаў мае свае нюансы. Аднак прапапаведнік для таго і ёсць, каб іх растлумачыць і звярнуць увагу. Напрыклад, магу сказаць, што пераклад Янкі Станкевіча кепскі, бо ён зроблены на вельмі своеасаблівым варыянце беларускай мовы.
    У перакладах Сёмухі і Чарняўскага ёсць пэўная колькасць апісак, недакладнасцей, але яны звязаны не столькі з працай перакладчыка, колькі з працай рэдактара.
   
    – У адным з інтэрв’ю Вы ўзгадвалі тэзіс: “Які ні ўзяць цяпер наяўны пераклад Новага Запавету – ён добры”. Можаце прывесці некалькі аргументаў на яго карысць?
    – Паўтаруся, што сучасныя беларускія пераклады Новага Запавету даволі дакладна перадаюць яго сэнс, а мова, якую яны выкарыстоўваюць, зразумелая і з філалагічнага, і з біблістычнага пунктаў гледжання. Нават калі ёсць розначытанні, у большасці выпадкаў яны апраўданыя. Не буду сцвярджаць, што яны цалкам беспамылковыя. Могуць быць нюансы, што нейкае слова ці абарот не зусім дакладна падабраныя, але ў прынцыпе гэта неістотна.
   
    – Я правільна разумею, што калі сур’ёзна займацца Бібліяй, то абсалютна любы пераклад недастатковы. Трэба браць арыгінал і з ім працаваць.
    – Калі ўжо так, то і тады ўзнікне пытанне: “А які арыгінал браць?”. Таму што тут таксама не ўсё проста і адназначна. Што датычыць перакладаў, дык любы з іх перадае адзін нюанс і можа не перадаць іншы. Таму ёсць такая рэч як хрысціянская Традыцыя, якая адсякае мноства суб’ектыўных інтэрпрэтацый, што ўзнікаюць у некаторых людзей, калі яны пачынаюць рабіць далёка ідучыя высновы ў тых ці іншых даследаваннях. Тэксты Пісання вывучаліся на працягу апошніх дзвюх тысяч гадоў, таму большасць ерасей ужо вядомая, і пытанні розначытанняў, неразуменняў таксама вядомыя.
    Сказаць, што можна стварыць дасканалы пераклад, які цалкам будзе ўсё перадаваць, нельга. Любы з іх некаторыя рэчы робіць больш зразумелымі, а некаторыя зацямняе. Таксама трэба разумець, што ў Бібліі ёсць цьмяныя, незразумелыя месцы. І любы іх пераклад ужо з’яўляецца інтэрпрэтацыяй перакладчыка. Людзі, якія валодаюць біблейскімі мовамі, не могуць адназначна інтэрпрэтаваць ці перакласці нейкія моманты. Але асноўныя месцы ў Пісанні зразумелыя кожнаму чалавеку, які іх чытае. Як сказаў Скарына ў прадмове да Бібліі: “Біблія – як дзівосная рака, і такая мелкая, што ягня перайсці яе можа, і такая глыбокая, што слон пераплываць яе мусіць!”.
   
    – Вельмі часта бачыш беларускамоўных прапаведнікаў, якія карыстаюцца Пісаннямі на рускай мове. Яны цытуюць Біблію па-руску, а прамаўляюць па-беларуску. Чаму так?
    – У Сярэднявеччы існавала г. зв. трохмоўная ерась, нібыта ёсць толькі тры мовы, на якіх можна праслаўляць Бога – старажытнагабрэйская, старажытнагрэчаская і лацінская. Хоць на працягу стагоддзяў гэтую пазіцыю неаднаразова змянялі, аднак усё роўна тэксты на некаторых мовах успрымаюцца як святыя.
   
    – Таксама ў адным з інтэрв’ю Вы ўзгадвалі іншую праблему: “Трагедыя ў тым, што людзям даводзіцца яе (беларускамоўную Біблію – заўв. аўт.) шукаць”. Сапраўды, Біблію па-руску можна прыдбаць паўсюль. Беларускамоўную – трэба пашукаць. І добра пашукаць. Ці вырашыла б праблему колькаснае друкаванне Бібліі па-беларуску?
    – Безумоўна. Калі б беларускамоўныя Бібліі былі паўсюль, то гэта б у значнай ступені вырашыла праблему. І так, дзякуй Богу, за апошнія пяць гадоў Біблію па-беларуску ўжо можна знайсці. Калі я ўзяўся перакладаць Новы Запавет (2012 г. – заўв. аўт.), то сітуацыя ў прынцыпе была такая, што нават калі ты хацеў яе набыць, гэта было немагчыма. Не было ў наяўнасці ніякіх біблейскіх тэкстаў па-беларуску. На сёння, дзякуючы ў тым ліку 500-годдзю беларускай Бібліі, калі выйшлі і праваслаўны, і каталіцкі, і мой пераклады, Новы Запавет знайсці можна. Поўную Біблію трэба пашукаць больш старанна, але можна знайсці і яе.
   
budslawska2
Антоні Бокун – пастар евангельскай царквы “Ян Прадвеснік”. У 2016 годзе пераклаў Новы Запавет і Прыпавесці на беларускую мову. Рэдактар перакладу Бібліі кс. Уладзіслава Чарняўскага.

   – А ёсць лічба? Колькі трэба было б Біблій, каб змяніць сітуацыю? Мільён?
    – Мільён сур’ёзна б змяніў сітуацыю. Ну хаця б 500 тысяч.
   
    – І гэтая колькасць насыціць усе кіёскі і крамы?
    – Так. Хаця важна, каб Святое Пісанне стала не толькі ў крокавай даступнасці, але і каб яго, безумоўна, чыталі. Аднак у любым выпадку складана чытаць тое, чаго няма.
   
    – Гэта як сіняя дзіцячая Біблія ў 1990-ых. Тады, хіба што, тыраж вырашыў справу – усе да сёння ведаюць “сіненькую дзіцячую Біблію”.
    – Менавіта.
   
    – Можа, яшчэ само выданне мае значэнне? Папулярныя рускамоўныя Бібліі прывабныя, у іх розныя вокладкі, закладкі, выдатная папера. Беларускія выданні, канешне, больш сціп- лыя. Ды і выбару асабліва няма. Можа, і сама якасць выданняў мела б уплыў на ўжывальнасць Біблій па-беларуску?
    – Усё-такі гэта другаснае пытанне. Вядома, адным людзям трэба большы шрыфт, іншым – кішэнная версія, трэція хацелі б ружовую Біблію, чорную ці на замочку. Але гэта сітуацыя, калі рынак насычаны.
   
    – Аднак эстэтыка мае ўплыў.
    – Канечне. Калі кніга надрукавана неахайна, без нармальнага дызайну, то гэта адназначна мінус, асабліва ў наш час. Для прыкладу, калі б Новы Запавет для дзяцей і моладзі, які выдаў Каталіцкі Касцёл, быў больш шырока прадстаўлены, а не так, што “недзе ён ёсць”, ён бы карыстаўся немалой папулярнасцю. Бо там калярова, прыгожа, цікава. Гэта мае сваё значэнне, хоць далёка не першаснае.
   
    – Яшчэ кажуць, што Біблія па-беларуску даступная ў інтэрнэце. Аднак мне падаецца, што тыя, хто сур’ёзна чытае – чытаюць на паперы. Ці не так?
    – Біблія на паперы і ў інтэрнэце – гэта розныя рэчы. Адно другому дапамагае, але не замяняе. Дарэчы, людзі, якія кажуць, што няма добрых беларускіх перакладаў, могуць паглядзець на адмысловых сайтах, дзе ёсць дзесяць беларускіх перакладаў, плюс дваццаць перакладаў на іншыя мовы, плюс арыгінальныя тэксты; і параўнаць, і ацаніць (смяецца – заўв. аўт.).
   
    – Можа, Вам бачацца яшчэ нейкія шляхі па выйсцю з сітуацыі слабой ужывальнасці беларускіх перакладаў Бібліі?
    – Асноўнае пытанне тут да прапаведнікаў. Гэта іх поле дзейнасці. Як яны вучаць, так людзі і будуць навучаныя. Тут няма іншай прапановы і іншага шляху.
   
budslawska3
Біблія ў перакладзе Уладзіслава Чарняўскага

     – А ці ёсць сярод прычын з’явы, якую мы абмяркоўваем, адсутнасць міжканфесійнага перакладу, прымальнага ўсімі? Каб усе Цэрквы рэкамендавалі адзін нейкі варыянт, усе яго выдавалі вялікімі тыражамі?
    – Калі б такое было, гэта значыла б, што адбыліся грандыёзныя змены. Сёння, на жаль, усё ўпіраецца ў наяўнасць трох канфесійных дыялектаў. 95% тэксту супадае, але некаторыя спецыфічныя тэрміны, імёны, геаграфічныя назвы перадаюцца па-рознаму.
   
    – То-бок, толькі 5% тармозяць працэс?
    – Гэтыя 5% сведчаць пра больш глыбокія праблемы. Гэта сур’ёзныя рашэнні, якія павінны быць прыняты на ўзроўні кіраўніцтва, асабліва Каталіцкай і Праваслаўнай Цэркваў. У іх ёсць дзве вельмі выразныя традыцыі, і па многіх пытаннях у гэтым плане існуюць розныя пазіцыі. Пратэстанты да гэтага прасцей ставяцца, тут няма жорсткай літургічнай традыцыі.
   
    – Калі б згаданы бар’ер быў пераадолены, думаеце, гэта б дало моцны імпульс для выкарыстання Бібліі па-беларуску?
    – Калі б гэты бар’ер быў пераадолены, гэта б сведчыла ўвогуле пра новы этап зацікаўлення ўсіх. Само па сабе гэта было б знакам звышнатуральнага дзеяння Святога Духа.