Важна мець практычны падыход і заставацца чалавекам

Актуальна - Інтэрв'ю

budslawska1
Сястра Часлава Навiцкая падчас урачыстасці св. Юзафа

У верасні 2018 года ў Мінску стартавалі першыя заняткі ў Хрысціянскім сацыяльным цэнтры “Дабрачынная Місія Добрага Самараніна пад апекай св. Уршулі Ледухоўскай”. Аб сучаснай катэхезе, выклiках, якiя стаяць перад Касцёлам у сферы катэхiзацыi, а таксама аб навучанні ў Цэнтры мы пагаварылi з дырэктаркай Місіі і Цэнтра сястрой Чаславай Навіцкай USJK.
    Адукацыйная прапанова Цэнтра вельмі шырокая і, акрамя катэхезы, уключае ў сябе шмат разнастайных заняткаў, у тым ліку для дзяцей і моладзі з асаблівасцямі развіцця.


   – Ваш Цэнтр даволі ўнікальны для Беларусі і для каталіцкай адукацыі ў нашай краіне. Ці адчуваеце Вы гэта?
    – Ці адчуваю я гэтую ўнікальнасць? Не бачу тут нічога вынятковага. Мне здаецца, што гэта нармальна, што Касцёл павінен так працаваць, павінен выходзіць да людзей, быць з людзьмі. Дарэчы, да гэтага нас і папа Францішак заклікае. Я б не сказала, што мы нешта надзвычайнае робім. Кожнае месца, парафію ці нейкую ўстанову, нават іншага веравызнання, дзе абвяшчаецца Божае слова, дзе кажуць пра Бога, можна назваць унікальнымі.
    Вось гэта я б падкрэсліла.
   
    – Пры дапамозе якіх метадаў Вы навучаеце дзетак? Чым Цэнтр адрозніваецца ад іншых месцаў, дзе таксама ёсць заняткі па вакалу ці нейкія інфарматыўныя курсы?
    – Калі казаць пра месцы, то наша ў тым сэнсе, можа, вынятковае, што тут ёсць капліца:
    у сэрцы нашага Цэнтра – Найсвяцейшы Сакрамант, сама прысутнасць Жывога Бога. Таксама фармацыя асобы. У розных аспектах: непасрэдна хрысціянскі падыход, рэлігійная сімволіка, патрабаванні, зразуменне. І канешне, калі казаць пра метады, то іх шмат.
    Асноўны заключаецца ў тым, што асоба пазнае іншыя дысцыпліны ў святле хрысціянскай фармацыі, у святле Дзесяці Божых запаведзяў, якія павінны стаць падмуркам для кожнага чалавека.
   
    – Што датычыць катэхезы, падрыхтоўкі да прыняцця Першай Камуніі, дзеці ходзяць на яе “ў сябе” пры касцёле і да Вас асобна ці гэта неяк спалучаецца ў Цэнтры?
    – Дзеці, якія прыходзяць стала да нас, удзельнічаюць у катэхезе. Канешне, калі бацькі хочуць, каб дзіця тут займалася вакалам, а да катэхезы яшчэ “не даспелі” і будуць прыглядацца, то мы можам на такое пагадзіцца. У большасці людзі прыходзяць мэтанакіравана і ведаюць, чаго хочуць. Інакш бы гэта трошкі разыходзілася з мэтай Цэнтра.
    Ёсць дзеці, якія не ходзяць да нас штодзённа, але прымаюць удзел у а-ля нядзельнай школе, як пры парафіях, і рыхтуюцца да Першай споведзі, да Першай Камуніі.
    Шмат ёсць і тых, хто прыходзіць проста як такі назіральнік. Мы іх, канешне, не змушаем да ўдзелу ў рэлігійных абрадах. І праз некаторы час – год-два – яны звяртаюцца да нас ужо з просьбай аб падрыхтоўцы да прыняцця сакрамантаў. Людзі прыглядаюцца, спазнаюць і прыходзяць да высновы, што хочуць прыняць каталіцкую веру або прыступіць да тых ці іншых сакрамантаў, бо, можа, былі ахрышчаныя, але не практыкавалі. Гэта радуе.
   
    – Часцей бывае наадварот. Частка дзяцей і моладзі перастае ўдзельнічаць у фармацыі ў касцёльным асяроддзі пасля Першай споведзі, прыняцця Першай св. Камуніі і сакраманту канфірмацыі. Гэта натуральная з’ява ці нешта трэба змяніць у класічнай катэхезе? Што варта пераняць катэхетам у супольнасцей, якія спецыялізуюцца на фармацыі дзяцей і моладзі?
    – Я думаю, тут і адно, і другое. Не важна, уршулянкі там ці нейкая іншая супольнасць, перадусім – абвяшчэнне Хрыста. Метадаў, можна сказаць, тысячы, але самае галоўнае ў катэхезе – той, хто навучае. Не важна, свецкая гэта асоба, сястра ці святар. Важна, каб катэхет сам гарэў справамі Хрыста, сведчыў пра Хрыста. Калі ён гарэць не будзе, нічога з гэтага не выйдзе.
    Сёння, скажам, ёсць нейкая праблема, якую мы назіраем. Сотні дзяцей ідуць да Першай св. Камуніі, а потым раз – і іх у касцёле няма, іх гэта не цікавіць. Я сама разважала над такім пытаннем і думаю, што трэба індывідуальна падыходзіць да кожнай сітуацыі. Гэтае дзіця, катэхізаваны, мог прыняць урок рэлігіі на ўзроўні толькі ведаў, магло не дайсці да сустрэчы з Жывым Хрыстом, а толькі з нейкай Асобай, пра якую дзеці трохі даведаліся. Магчыма, трошкі ў іх ёсць такога страху, як некаторыя кажуць, што Бог пакарае, калі што-небудзь здарыцца.
    Калі б дзеці падчас катэхезы спаткалі Езуса, які б стаў для іх Сябрам і ад якога залежыць іх жыццё, я думаю, не здарылася б так, што яны адышлі. Нават калі б маладая асоба адышла на некаторы час, яна б усё роўна вярнулася назад, да Бога. Мне здаецца, што калі ты дасведчыш Жывога Хрыста і пасля будзеш знаходзіцца ўвесь час у пошуках, мець мноства розных пытанняў, нават балючых, то ты будзеш абмяркоўваць іх са сваім Сябрам, з Езусам.
   
budslawska2
Навучэнцы Цэнтра падчас кулiнарнага майстар-класа

   – Ці можам мы сказаць, што існуе праблема падрыхтоўкі катэхетаў, каб правільна даносіць веру?
    – Гэта адказнасць Касцёла, і ён зрабіў нямала ў дадзеным напрамку. Прытым, як бачна, свет ставіць чарговыя выклікі і Касцёл не можа стаяць на месцы. Ён павінен шукаць новыя метады, як трапіць да чалавека, як яму дапамагчы. Думаю, у нейкім сэнсе Касцёл гэта робіць і шукае больш актуальныя метады катэхізацыі.
    Калі казаць пра фармат, то кожны катэхет павінен усвядоміць сабе, што ён ні настаўнік матэматыкі, хіміі ці іншай навуковай дысцыпліны, а перадусім сведка Хрыста, які сведчыць сваім жыццём, а вучням патрэбен прыклад жывой веры. Тэалагічныя веды вельмі важныя, бо катэхет не можа навучаць ерасі. У Касцёле існуе кананічная місія, якая асобе свецкай ці манаскай сястры дае дазвол на навучанне. Ёсць катэхетычныя візітатары, якія павінны ездзіць і слухаць катэхетычныя заняткі: не толькі вучняў, але і тых, хто вядзе катэхезу, каб сапраўды чалавек даносіў праўды веры, а не ерась. Кожная дыяцэзія адказвае за сваіх катэхетаў.
    Пры гэтым самае важнае – сведчанне веры, тое, што заўсёды будзе людзей, дзяцей за сабой цягнуць, таксама, як у сям’і. Сям’я – гэта такі хатні Касцёл. У нас у большасці выпадкаў здараецца так, што дзеці навяртаюць бацькоў. Дзеці першыя прыступаюць да саркамантаў, а потым прыводзяць бацькоў. Павінна быць наадварот, што мама і тата адказваюць за рэлігійнае выхаванне сваіх дзетак. Ёсць і так, і так, але, канешне, нашмат лягчэй дзіцяці прыйсці да веры і дасведчыць Бога як любячага Айца, калі гэтае дзіця будзе бачыць, як ягоны тата стаіць на каленях, як разам з ім моліцца. Тое самае ў выпадку катэхета.
    Калі ён будзе сведчыць пра Жывога Бога, будзе гарэць Хрыстом, канешне, дзеці за ім пойдуць.
    А метад – гэта проста быць і заставацца чалавекам. Так, канешне, трэба перадаваць тэалагічныя веды, дзяліцца Божым словам, Бібліяй, але калі жыццё катэхета будзе гэтаму супярэчыць, то плёну не будзе. Моладзь яшчэ знойдзе інфармацыю, дачытае, але сведчанне ўжо цяжка знайсці. Калі катэхет будзе навучаць аднаму, а рабіць іншае, то гэта трэба адразу спыняць, бо гэта абурэнне і вялікая рана.
   
budslawska3
Сястра Часлава з навучэнцамi Цэнтра падчас паездкі ў Ракаў

   – Ці сустракаецца праблема тэалагічна няправільнага навучання з боку катэхетаў?
    – Сустракаецца, і тут першая важная справа – не баяцца пра гэта казаць. Нам такая сітуацыя падаецца нейкім даносам, і калі чалавек адзін, другі раз сказаў ды “атрымаў па вушах”, то ён ужо падумае: навошта я пайду казаць. Насамрэч, нічога новага. Мы з Евангелля ведаем, як Пан Езус казаў пайсці і дакарыць свайго брата, напачатку асабіста, а калі не паслухае, то і далей (параўн. Мц 18, 15–17). У дыяцэзіі павінен існаваць катэхетычны аддзел, дзе ёсць катэхетычныя візітатары. Нельга сказаць: “Ай, чарговыя праверкі”. Часам трэба паехаць і паслухаць, што чалавек кажа, паслухаць людзей у парафіі – каб не было ерасей.
    У нас сёння вельмі шырокі доступ і да масмедыя, і да літаратуры, і да Бібліі на розных мовах, і да разнастайных каментарыяў. Трэба звяртацца да такіх крыніц, каб не навучаць ерасям.
    Такія навучальныя ўстановы, як нашы катэхетычныя каледжы, – гэта добрая і вялікая справа, бо нейкі час таму не было нічога. Думаю, Касцёл будзе ўсё больш развівацца ў дадзеным напрамку. Я яшчэ б рабіла націск на далейшай фармацыі катэхетаў. Катэхет, катэхетка будзе мець шмат пытанняў, і калі ён, на не знойдзе падтрымкі, то маладому хлопцу ці дзяўчыне будзе цяжка. Людзі будуць ісці да іх з рознымі пытаннямі, а ў іх яшчэ ў саміх яны паўстаюць. Таму я лічу, што павінна быць фармацыя, адказнасць за гэтых людзей, падтрымка і пасля каледжа.
   
    – Ці ёсць што змяняць у кантэксце наяўнасці тэхнікі? Можа, таксама ў выкладанні катэхезы варта дадаць больш крэатыву?
    – Калі спачатку інтэрактыўная дошка, камп’ютэр, экран былі чымсьці новым, то цяпер, мне падаецца, людзі ўжо перасыціліся гэтым усім. Гэта толькі адзін са сродкаў, які можа дапамагаць, і ў кожнай беларускай парафіі, калі не інтэрактыўная дошка, то экран і ноўтбук ёсць напэўна. Дзякуй Богу, бо з іх дапамогай мы можам выкарыстоўваць больш розных актыўных метадаў пры выкладанні катэхезы. Пры гэтым, каб сустрэць Жывога Бога, чалавек усё роўна шукае нешта ў душы, капае глыбей, і без жывой асобы гэтай сустрэчы не адбудзецца. Патрэбен чалавек, каторы сапраўды мае пакліканне, каторы не баіцца і ўсведамляе, на які шлях выходзіць. Гэта не значыць, што трэба быць невядома якім дасканалым. Важна мець практычны падыход, заставацца чалавекам і не баяцца праблем ды цяжкасцей, а таксама заўсёды ісці з дапамогай кожнаму чалавеку.