Каралева вяртае сваю моц, або Пра культ Маці Божай Бялыніцкай

Актуальна - Інтэрв'ю

oltarz“Беларуская Чэнстахова”. Такую ганаровую назву носіць невялічкае мястэчка Бялынічы на ўсходзе нашай краіны. У далёкім XIII стагоддзі гэтае месца для свайго ўшанавання абрала Маці Божая, і, дзякуючы цудатворнаму абразу, Яе культ у свой час быў неверагодна моцны.
Пра страчанае і набытае размаўляем з пробашчам бялыніцкай парафіі кс. Юзафам Сярпейкам.
   
    – Копіі абразоў Маці Божай Бялыніцкай захоўваюцца ў касцёлах Беларусі, Польшчы і нават у праваслаўных святынях. Аднак сёння пашана да Мадонны з Бялынічаў не мае адпаведнай моцы. Кс. Юзаф, які гістарычны момант, на Вашую думку, стаў пераломным у заняпадзе культу?
    – Сапраўды, Маці Божую Бялыніцкую ўшаноўвалі нават пратэстанты, улічваючы, што яны ўвогуле не вызнаюць Марыю. Цяпер няма той моцы, якая была папярэдне. Даследуючы асабіста гісторыю культу Маці Божай Бялыніцкай, я звязваю яго заняпад з датай 10 лютага 1876 года – днём смерці апошняга перад доўгім перапынкам пробашча мясцовай парафіі кс. Люцыяна Гадлеўскага. Чаму я так лічу? Бо пасля яго смерці маёмасць Касцёла перайшла ў праваслаўнае ведамства. Згодна з адной з навуковых крыніц аўтарства Вацлава Навакоўскага, кс. Гадлеўскага, які быў чалавекам харызматычным і вялікім дабрадзеем, атруцілі. Дарэчы, тады ў Бялынічах ужо была праваслаўная царква. І парадаксальна тое, што пабудаваў яе менавіта кс. Люцыян – знайшоў спонсараў. Святыню ўзвялі мураваную. З тых жа крыніц В. Навакоўскага, які наведаў Бялынічы праз 23 гады пасля смерці кс. Люцыяна, мы ведаем, што ён “з вялікім смуткам назіраў за ўсім, што там адбывалася (пасля адыходу касцёла праваслаўным – заўв. аўт.)”. Праваслаўныя спрабавалі развіваць культ, але яго папярэдняй моцы амаль не засталося. Пры царскай уладзе яны былі вымушаны нават прадаць карону, якой быў каранаваны абраз Маці Божай Бялыніцкай, бо колькасць пілігрымаў паменшылася і адпаведна стала менш матэрыяльнай падтрымкі.
   
    – Сёння ў Беларусі вялікай пашанай цешыцца Маці Божая Будслаўская, а Яе санктуарый лічыцца галоўнай святыняй краіны. Як мяркуеце, ці можа гэта замінаць вяртанню былой усебеларускай славы Маці Божай Бялыніцкай?
    – Гэта гучыць не па-хрысціянску. Так сталася, што паводле Провіду развіўся культ Маці Божай Будслаўскай. Напрыклад, нішто не замінае Марыі, якая аб’явілася ў Лурдзе, аб’явіцца ў Фаціме ці ў Гвадэлупе. Калі справа сапраўды Божая – яна будзе развівацца. Калі мае настаяцелі, біскупы – а яны з’яўляюцца наступнікамі Хрыста на зямлі – бачаць патрэбу ў тым, каб развіваць культ у Бялынічах, то я лічу, што гэта Божая воля.
   
    – У крыніцах шмат узгадак пра цуды праз заступніцтва Маці Божай Бялыніцкай. Сярод іх маштабныя, як цуд у Ляхавіцкім замку, і прыватныя. Падзяліцеся, калі ласка, цікавым з апошніх.
    – Перад каранацыяй абраза (1761 год – заўв. аўт), каб спраўдзіць, што Маці Божая Бялыніцкая сапраўды цудатворная, у 1750 годзе была склікана камісія ксян- дзоў. Разглядаліся ў асноўным цуды фізічнага аздараўлення. Мне на думку прыходзіць узгадка пра выпадак ацалення, калі пэўная праваслаўная сям’я прывезла да абраза амаль мёртвае дзіця. Што магло стаць прычынай такога стану? Ды нават невылечаная прастуда з-за халоднай земляной падлогі ў хаце.
   
    – Нядаўна каля бялыніцкага абраза былі змешчаны вота – срэбныя бляшкі ў форме сэрцаў, ружанец і заручальны пярсцёнак. То-бок, цуды працягваюцца?
    – Цуды – гэта заўсёды плён малітвы. А вота – форма падзякі за іх. Напрыклад, згаданыя Вамі вота ў форме сэрцаў – гэта падзяка ад сужэнскай пары Тумаш. Я іх добра ведаю, гэта здарова набожныя людзі. У інтэнцыі іх аздараўлення ад цяжкіх наступстваў кавіду было ахвяравана 30 св. Імшаў. Аднак памятаю, як яна (Галіна Тумаш – заўв. аўт.) пазваніла мне і вельмі кволым голасам пачала развітвацца. Шчыра кажучы, пасля я чакаў званка ад іх дзяцей з паведамленнем, што маму і тату пахавалі. Аднак здарыўся цуд. Вота – гэта таксама просьбы. Мы маем яшчэ заручальны пярсцёнак ад мужчыны, які просіць аб добрым мужы для сваёй дачкі. Маем залаты пярсцёнак ад жанчыны, якая моліцца аб навяртанні сваіх дзяцей.
   
    – Якія крокі прымаюцца з боку вернікаў і духавенства, каб культ Маці Божай Бялыніцкай пачаў набіраць былую моц?
    – Наколькі мы адважныя, каб казаць, што хочам адраджаць культ? Я не ведаю, якая далей будзе Божая воля. Але бачу: Марыя дае намацальныя знакі, што хоча вярнуцца ва ўсёй велічы. Напрыклад, адзін са святароў дае сведчанне, што ў Новай Мышы, дзе таксама размяшчаецца абраз Маці Божай Бялыніцкай, шматлікія вернікі пішуць запіскі з просьбамі, закладваюць за ікону, а пасля ўжо прыносяць шматлікія запіскі з падзякамі. Я чуў, што там мноства яскравых цудаў.
    Гэты давер да Марыі і з’яўляецца крокам з боку вернікаў. Мы таксама намагаемся распаўсюджваць інфармацыю даступнымі сродкамі – сайт, кнігі і г. д. Будзем рабіць надалей, што магчыма. Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў Беларусі надала таксама тытул Каралевы Беларусі Маці Божай Бялыніцкай. Апостальская Сталіца пасля зацвердзіла гэта. Адпаведны тытул быў дададзены і ў Літанію.
   
    – У 2017 годзе з боку ксяндза біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB прагучалі словы, што беларускі Касцёл плануе аднавіць санктуарый у Бялынічах. Што адносна гэтага чуваць на дадзены момант?
    – Так супала, што ў 2017 годзе мяне папрасілі стаць пробашчам у бялыніцкай парафіі, і я прыняў прапанову з вялізным энтузіязмам.
    Каб атрымаць зямлю пад святыню, нам патрэбна звярнуцца ў райспалком, але папярэдне атрымаць дазвол ад апарату Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей. Там яны вырашаюць, ці патрэбна католікам святыня і ці не ўзнікне пагроза даўгабуду. Мы звярнуліся туды адзін раз – нам адмовілі. Другі – адмовілі. Аднак у выніку мы атрымалі згоду на пабудову касцёла! Цяпер знаходзімся на этапе падрыхтоўкі ўсіх патрэбных дакументаў, пасля – праектныя працы.
    Калі мы звярталіся за дазволам і атрымлівалі адмовы, я ўбачыў, як людзі пачалі апускаць рукі, яны не хацелі такой сітуацыі. Але мяркую, што Госпаду было важна ведаць, наколькі трывалы наш намер. Ці годныя мы ўдзельнічаць у такой вялікай справе, як будова касцёла. Усе замінкі – гэта Божая справа, бо Ён хоча адпаведна нас падрыхтаваць.