Не ненавідзець – гэта ласка

Актуальна - Інтэрв'ю

Манахіні збіраюць дапамогу пацярпелым ад ваенных дзеянняў украінцамЗ назарэтанкай з Жытоміра паразмаўлялі пра сённяшнюю рэчаіснасць сясцёр ва Украіне. Пра сірэны, бутэрброды патрабуючым, людскую салідарнасць, пераасэнсаванне веры і прабачэнне. Асаблівым чынам затрымаліся на апошнім. “Прабачэнне павінна стаць нашым рашэннем, выбарам”, – сказала с. Францішка.

    – Чым займаюцца сёстры назарэтанкі ва Украіне? Як вайна змяніла Вашу дзейнасць?
    – На дадзены момант у краіне 5 дамоў. Да вайны было 6 – быў яшчэ дом у Херсоне. На жаль, сёстры вымушаны былі выехаць адтуль. Ёсць 2 дамы ў Кіеве, але там цяпер няма шмат магчымасці перамяшчацца па горадзе, таму сёстры жывуць пры парафіі ў касцёльных падвалах. Іх служэнне – гэта быць з людзьмі, маліцца з імі, займацца дзецьмі, дбаць пра людзей, якія там ёсць. Калі сталіцу абстрэльвалі і было вельмі небяспечна, праз дамы сясцёр праходзіла шмат народу.
    У Жытоміры ў нас 3 сястры, аднак сам дом вельмі маленькі, таму прыняць уцекачоў няма фізічнай магчымасці. Да вайны адна з сясцёр працавала ў святліцы, але 90% дзяцей выехалі. Мая праца ў біскупскім судзе пасля 24-га лютага таксама спынілася.
    Першы час было незразумела, што рабіць і куды бегчы. Спачатку мы рабілі бутэрброды для ваенных, хлопцам збіралі аптэчкі, трэба было дапамагаць тэрабароне. Да таго ж, акрамя ваенных, якім ёсць каму дапамагаць, заставалася вельмі шмат іншых патрэб: дзіцячыя дамы, дамы састарэлых, інтэрнаты для людзей з псіханеўралагічнымі расстройствамі. Яны ўвогуле засталіся адныя.
    Таму наша дзейнасць сёння – гэта служэнне пры “Карытас”. Я стала адказнай за лагістыку. Так склалася, што ў чацвер пачалася вайна, а ўжо ў панядзелак нам паведамілі, што з Польшчы да нас едзе TIR з прадуктамі. Трэба было знайсці бусы, паехаць на мяжу, усё гэта спакаваць, прывезці сюды, знайсці склад. Таксама шмат людзей проста прыходзілі і казалі, што хочуць штосьці рабіць, неяк дапамагаць – так сабралася група валанцёраў вакол нашага “Карытас”. Кожны хацеў чымсьці займацца, бо бяздзейнічаць у такой сітуацыі вельмі складана. Такая дзейнасць дапамагае: у агромністасці дрэннага чалавек можа здзейсніць штосьці добрае.
    Першыя два тыдні сёстры болей займаліся Жытомірам, бо з Кіева яшчэ не было ўцекачоў. Мы пакавалі прадуктовыя наборы, іх трэба было развозіць. Пазней пачалі бамбіць у Кіеўскай вобласці, і адтуль пайшлі ўцекачы, вывозілі розныя пансіянаты. Памятаю мужчын з псіханеўралагічнага інтэрната ў Барадзянцы – частка не даехала, і іх хавалі проста на тэрыторыі гэтага пансіяната. Яны прыехалі ў тапачках, валанцёры ім прынеслі каробкі з абуткам – і мужчыны проста на хаду пераабуваліся…
    Калі выюць сірэны, спім у калідоры. Бываюць ціхія ночы, тады спім у сваіх ложках – і гэта клас. Аднойчы да нас прыехаў праваслаўны святар з-пад Кіева і кажа: “О, у вас ёсць вада. У нас адключылі на трэці дзень вайны”. Таму заўсёды разумееш, што ёсць людзі, якім складаней, і мы можам яшчэ штосьці рабіць добрага.
    Вось так сёння выглядае наша назарэтанскае жыццё.
   С. Францішка Туманевіч CSFN – наза- рэтанка. Суддзя біс- купскага суда Кіева- Жытомірскай дыяцэзіі. Доктар кананічнага права. Настаяцельніца дома сясцёр назарэтанак у Жытоміры. 26 га- доў у Кангрэгацыі. Пастулат, навіцыят і некалькі гадоў пасля пер- шых манаскіх абяцан- няў служыла ў Нава- грудку і Гродне, затым вярнулася ва Украіну.
    – Як Вы ва ўсёй гэтай жудасці знаходзіце Бога? Як Яго адчуваеце, Яго дзеянне?
    – Гэта складанае пытанне. Кожны дзень па-рознаму. Так склалася, што пасля аб’яўлення папам Дня малітвы і посту за Украіну, з 16-га лютага мы пачалі штодзённа з сем’ямі збірацца на Ружанец праз ZOOM. Таму з пачаткам вайны ў нас не было пытанняў наконт штодзённай малітвы. Гэты супольны Ружанец даваў сілы, і хацелася сказаць, што гэта ўсё, што я магу: Божа, дапамажы, ратуй! Як у суплікацыі – “ад пажару, голаду, вайны і заразы – барані нас, Божа!”. Кожнае слова спяваецца цяпер інакш. Агонь, вада, голад – мы ўжо ведаем, што гэта.
    Я пачала разумець, як мог адчуваць сябе Езус на крыжы. Пачуццё такога “чаму?”. Я не ўспрымаю гэта ўсё як нейкае Божае пакаранне. Разумею, што Бог дае свабоду выбару. Ён даў нам вольную волю – гэта прыкмета вялікай любові. У тым ліку ў кожнага расіяніна, які прыходзіць у маю Украіну, ёсць права выбару: страляць ці не страляць.
    Калі я гляджу здымкі з Харкава, Марыупаля, разумею, што Бог не з’ехаў з Украіны. Ён з намі ўсё перажывае. Гэта, напэўна, самае моцнае – я разумею, што ва ўсім гэтым Ён з намі. І ў Харкаўскім метро, і з галадаючымі ў Марыупалі…
    Разам з тым ёсць шмат неверагодных гісторый. Мы працуем з сем’ямі, і аднаго мужа з нашай супольнасці мабілізавалі. Натуральна, яго жонка перажывае, але таксама яна часам звоніць і распавядае, як Бог яго ўратаваў. Ёсць шмат момантаў, якія розумам спасцігнуць немагчыма.
    Па-іншаму, глыбей стала ўспрымацца г. зв. жыццё сённяшнім днём. Першыя 10-20 дзён было такое моцнае пачуццё: раніцай расплюшчваеш вочы і разумееш, што ты яшчэ жывы. З’явілася шчырая ўдзячнасць за кожную раніцу. Перажыванне прысутнасці Бога стала блізкім. Памятаю, пралятае над нашым домам ракета і ты разумееш, што вось Госпад даў яшчэ адзін шанс, збярог ад чагосьці.
    Але ў той жа час застаецца шмат пытанняў “чаму?”.
    На іх няма адказу. Я проста разумею, што ёсць дзень і яго трэба пражыць, нешта зрабіць – і ты ўдзячны Богу за гэта.
   
    – Як Вы, сёстры назарэтанкі, змагаецеся з хваляй нянавісці да ворагаў?
    – Гэта вельмі складана. На дадзены момант я разумею, што проста па-чалавечы гэта немагчыма. Калі мы молімся Ружанцам з сем’ямі, мне складана вымаўляць фразу пра навяртанне нападнікаў. Таму я спачатку прасіла Бога проста дапамагчы мне за іх маліцца.
    Сёння разумею, што злавацца, але не ненавідзець – гэта ласка. Прабачыць таму, хто прыходзіць і свядома гвалціць жанчыну перад чатырма дзецьмі, немагчыма, нерэальна. Па законах Старога Запавету трэба было б помсціць. Аднак разам з тым разумееш, што Новы Запавет – гэта нейкая вышэйшая школа, ВНУ.
    Я ўсведамляю, што сваімі сіламі прабачыць не магу. Без веры, без погляду на Езуса Хрыста на крыжы гэта немагчыма. Прабачэнне з’яўляецца дарам, які трэба вымольваць. Самому неяк прабачыць не атрымаецца зусім. Гэта рана на стагоддзі. Да таго ж лягчэй прабачыць, калі ў цябе хтосьці просіць прабачэння. У нас прабачэння ніхто не просіць. Вось гэта складана. Таму заданне “дазволь нам не ненавідзець” – заданне на вельмі шмат гадоў.
   “Карытас” сусветнага Касцёла далучыўся да дапамогі пакутуючым ад вайны жыхарам Украіны    – Вы напісалі: “Калі вайскоўцы ўзялі ў рукі зброю, мы ўзялі ў рукі ружанец”. А што будзе, калі вайсковыя адложаць зброю, настане мір? Як залечваць раны, якія заданні будуць стаяць перад хрысціянамі?
    – Трэба вяртацца да вытокаў, да Госпада Бога. Хрысціянам трэба стаць прыкладам адсутнасці нянавісці. Каб прабачэнне было нашым рашэннем, выбарам.
    У той жа час вайна паказвае, хто ёсць хто. Пасля яе нам не трэба будзе мерацца, хто больш зрабіў: ужо сёння ёсць такія размовы, што нехта выехаў, а мы, героі, засталіся. Гэта чыста чалавечае – ніхто ж не ведае, каму складаней: тут ці там. Нам, хрысціянам, трэба будзе стаць прыкладам салідарнасці з пакутуючымі. Трэба будзе наноў вучыцца заўважаць брата побач.
    Разам з тым падчас вайны адбываюцца і добрыя рэчы: шмат цяжкахворых дзяцей выехалі за мяжу для бясплатнага лячэння. У мірны час гэтага не было б. Ёсць вялізная салідарнасць украінцаў паміж сабой – у краіне і за мяжой. Пасля вайны мы не можам забыць гэтую дапамогу, развучыцца быць такімі салідарнымі. На дадзены момант прымаўкі “мая хата з краю” ў нас не існуе, чужых праблем няма. Цяпер ёсць жарты тыпу: “калі ўкраінскаму валанцёру даць заданне знайсці скуру дыназаўра, ён знойдзе яе за 2 гадзіны”. Я баюся, гэта штосьці, што пасля вайны мы можам страціць. Можам пачаць адстройваць свае агароды, а не грамадства. Тое самае тычыцца і малітвы. Цяпер мы шмат молімся, і важна, каб пасля перамогі Бог не стаў непатрэбным.
   
    – Я шмат разоў сустракаў меркаванне, што так, як Украіна моліцца сёння, яна, напэўна, ніколі не малілася. Я правільна разумею, што ў гэтыя дні таксама важна маліцца, каб украінскі народ не згубіў гэтай прагі Бога пасля вайны?
    – Так, каб працягваў маліцца. Каб заклікі “Наша перамога ў Богу і ва Узброеных Сілах Украіны”, якія сёння бачым на білбордах, не зніклі. Каб мы хуценька не пачалі прымаць законы супраць людской годнасці, ненароджаных дзяцей.
    Мы, славяне, традыцыйныя народы. Вось да вайны мы жылі традыцыяй: прыйшлі, пастаялі ў храм, асвяцілі пасхачку – і ўсё. Цяпер малітва стала канкрэтнай, гарачай: “Госпадзе, у нас дома вораг, ратуй нас, іншага выйсця няма”. Хочацца, каб гэты жывы зварот да Бога не знік пасля вайны.