Пра рэалізацыю сябе ў манастве

Актуальна - Інтэрв'ю

8 сакавіка – Міжнародны жаночы дзень“Молімся за манахінь і кансэкраваных жанчын, дзякуючы за іх місію і адвагу, каб яны працягвалі знаходзіць новыя адказы на выклікі нашага часу”, – так гучала малітоўная інтэнцыя папы Францішка на нядаўні люты. Перад 8 сакавіка хочам закрануць тэму развіцця жанчын у Касцёле праз прызму кансэкраваных жанчын.
Мы звярнуліся да дзвюх манахінь з Беларусі з пытаннямі, аб суаднясенні прафесійнай рэалізацыі сябе і манаства: што на яе, рэалізацыю, больш уплывае – харызма ордэна ці таленты самой жанчыны? Пацікавіліся ў сясцёр, ці варта прызываць да стварэння для манахінь месцаў працы ў структурах Касцёла па-за катэхезай і працай у закрыстыі? А таксама ці варта сёстрам прасоўвацца ў працы ў свецкіх структурах?
Сястра Юлія Новік належыць да Кангрэгацыі Сясцёр Міласэрнасці св. Вінцэнта дэ Поля. Працуе медсястрой у 10-ай Гарадской клінічнай бальніцы ў Мінску. Супольнасць сястры знаходзіцца на тэрыторыі мінскай парафіі Божага Цела.   – Сястра Юлія, што адносна рэалізацыі сябе і паклікання?
    – Увогуле “рэалізацыя” – прыгожае слова. Як мне здаецца, яно больш падыходзіць да прафесіі, але ў грамадстве функцыянуе таксама паняцце “рэалізацыя сябе як чалавека”. Быць пакліканым – ці то да сямейнага жыцця, ці то, як у нас, да манаства, – ісці па той дарозе, якую прадвызначае Бог – мне больш падыходзіць.
    Што датычыць самарэалізацыі… Калі я прыходжу як манахіня ў нейкі ордэн ці кангрэгацыю, супольнасць, то, як часта нам падкрэслівалі, не рэалізоўваю сябе. Гэта праўда, што не кожная сястра выконвае нейкае служэнне, звязанае з тымі дарамі ці талентамі, якія мае. Нейкі час таму ў Касцёле чыталі Пасланне св. Якуба, у якім гучыць думка, што мы не ведаем усіх сваіх дароў, што яны схаваныя. Напрыклад, сястры здаецца, што яна можа толькі спяваць, таму прыходзіць у кангрэгацыю з гэтым сваім уменнем. Добра, што ўмее спяваць і можа гэта рабіць, тым самым рэалізуючы свой талент, але думаю, што ў ордэне сёстры дапамагаюць адкрыць тыя дары, якія ў нас дзесьці схаваныя альбо ўвогуле лічым, што іх няма. Гасподзь кожнага адорвае шматлікімі дабрадзействамі і здзяйсняе цуды ў жыцці, таму часам мы пачынаем рабіць тое, што, як раней здавалася, не ўмеем.
    На практыцы гэта выглядае так: настаяцелі прыглядаюцца да таго, што гэты канкрэтны чалавек умее рабіць, да чаго мае схільнасць, пытаюць і дапамагаюць ісці, развіваць тыя таленты, тыя ўменні і веды, якія ёсць менавіта ў гэтага чалавека.
    Выходзіць, ёсць два бакі выканання Божай волі. Часам сутыкаешся з такім парадоксам, што ты не робіш тое, што хочаш і ўмееш рабіць ідэальна, а робіць хтосьці, хто не ўмее. А часам бывае і так, што можаш выконваць абавязкі, тое служэнне, якое любіш альбо добра ўмееш рабіць. Нам жа таксама патрэбны людзі, якія добрыя не толькі ў такіх традыцыйных для нас служэннях, як катэхізацыя дзяцей, наведванне хворых і самотных людзей ці спеў у касцёле, але і эканомкі, сакратаркі – то-бок сёстры, якія маюць спецыяльную адукацыю. Яны атрымалі яе альбо да ордэна, альбо пасля ўступлення ў яго, каб рэалізаваць тыя здольнасці, якія ўжо маюць, і – я б падкрэсліла гэта – каб выконваць Божую волю.
   
    – Як Вы выбіралі ордэн?
    – Сёстры Міласэрнасці св. Вінцэнта дэ Поля, да якіх належу, служылі ў маёй парафіі. Наш ордэн канкрэтна звязаны з паслугай людзям бедным, ляжачым – тым, каму трэба аддаць больш фізічных і псіхічных сіл. Іх трэба мець і штосьці ўмець таксама, штосьці ведаць аб доглядзе за хворымі.
    Я доўга хадзіла з роздумам у сэрцы: “Можа, пайду…”. Памятаю, як прыйшла да сясцёр і сказала: “А можаце прыняць мяне да сябе ў ордэн? Я б хацела служыць Езусу Хрысту ў бедных, як вы”. Гледзячы з перспектывы часу, усведамляю, што я не разумела да канца, што гавару. Я бачыла, што сёстры робяць усё: і з дзецьмі былі, і з хворымі, і парафію вялі, арганізоўвалі тое, што звычайна сёстры робяць у парафіі. Я не думала, кім буду, шчыра кажучы. Настолькі верыла, што гэта Бог мне дае, што, можна сказаць, усляпую пайшла. Сказалі б быць медсястрой, паехаць у Афрыку – я была гатовая ў той час. Магчыма, калі б побач былі кларыскі ці назарэтанкі, то я б пайшла да іх. Так было канкрэтна ў мяне. Ведаю, што ёсць розныя меркаванні сясцёр і пакліканні.
    Часам бывае і так, што сэрца ляжыць да хабіта. Дзяўчаты гавораць: “У вас прыгожая вопратка, мне падабаецца ваша сукенка”. Гэта таксама інтэнцыя, якую Гасподзь потым ачышчае, дае іншыя сілы і ласкі.
   
    – Ці не здаецца Вам, што сёстрам складаней праявіць сябе ў касцёльных структурах? Ці варта манахіням таксама прасоўвацца ў працы ў свецкіх установах?
    – Сёстры па ўсім свеце займаюць розныя пасады. Тут трэба быць вельмі моцнай духам і супольнасцю, каб быць сярод людзей свецкіх, бо гэта складана. Я сама працую ў свецкай структуры і скажу, што трэба быць моцнай у супольнасці з сёстрамі, у Богу, у малітве, каб не згубіцца.
    Нас вельмі мала ў пакліканні, калі так паглядзець.
    Тое, што мы выконваем у Касцёле і што можам гэта выконваць, таксама з’яўляецца добрым знакам і сведчаннем. Я медсястра – гэта ў маёй харызме. Калі разглядаць усе прафесіі, то мне было б дзіўна, калі б сястра сядзела ў міністэрстве. Хаця ў кожнага свая харызма, і гэта важна памятаць. У прынцыпе, добра, калі, напрыклад, сястра дапамагае ў касцёльным судзе пры курыі.
    Не адчуваю, што мы ўшчымлены, і не чула, каб хтосьці на гэта скардзіўся. Магчыма, я гавару канкрэтна з перспектывы сваёй супольнасці. Ёсць розныя сёстры, у тым ліку кансэкраваныя, якія апранаюцца “па-светску”. Магчыма, яны адчуваюць, што іх не заўважаюць. Я не супраць, каб сёстры дзесьці з’яўляліся і праяўлялі свае таленты, нават у міністэрстве, скажам так. Адначасова варта не губляць ролю жанчыны. У параўнанні з мужчынам, яна “перамагае” сваёй лагоднасцю.
   Сястра Таццяна Гмыза з Кангрэгацыі Сясцёр Служак Езуса ў Эўхарыстыі працуе ў парафіі Святога Духа  ў Грыгішках (Літва) і ў дзвюх школах у Вільнюсе. Перад  гэтым служыла ў полацкай парафіі св. Андрэя Баболі. Вядзе блог у Інстаграме. Як дзеліцца сама сястра, на тэмы для блога яе натхняе Бог, а таксама чытачы.
    – Прафесія і пакліканне…
    – Я б сказала, что прафесія – гэта вельмі часта пакліканне да той справы, да якой прызывае цябе Бог, даючы ўсе неабходныя дары і магчымасці, каб ты рэалізаваў сябе. Па-іншаму можна яшчэ сказаць, што “твая справа” – менавіта тое, што ты робіш і ў чым другі чалавек цябе не заменіць.
    У маім разуменні, калі выбіраеш прафесію, неабходна пытаць Бога, дзе Ён хоча бачыць цябе, на якім месцы. Калі Бог прызывае дзяўчыну ў нейкі манаскі ордэн, Ён таксама глядзіць на яе, ведае яе здольнасці і дае тое месца, на якім яна зможа рэалізаваць сябе. У Бога ж усё запланавана, можна сказаць, кавалкі мазаікі проста складваюцца. І дзяўчына, калі выбірае ордэн, глядзіць на свае здольнасці і ацэньвае, ці зможа рэалізаваць сябе ў дадзеным пакліканні.
    Хаця, калі ідуць у манастыр, часцей за ўсё не задумваюцца ні аб прафесіі, ні аб тым, што рабіць, а проста хочуць служыць Богу і людзям. Ёсць таксама такое паняцце, як паслушэнства: што нам гавораць, тое мы і павінны рабіць. Не я выбіраю сабе працу альбо служэнне. Настаяцелі глядзяць на мяне, на мае здольнасці, а пасля гавораць, дзе магу рэалізаваць сябе, а дзе не. Варта таксама ведаць, што ў манастыры ніхто не будзе спецыяльна даваць цяжкія заданні. Настаяцелі заўсёды глядзяць на здольнасці чалавека і дазваляюць яму развівацца.
   
    – Як было асабіста ў Вас з пакліканнем і думкамі пра рэалізацыю сябе?
    – Калі я ішла ў манастыр, я абсалютна не думала ні пра працу, ні пра служэнне.
    Я хацела, каб маё жыццё належала Богу, хацела быць Яго рукамі. Для мяне гэта было вельмі важна. І тое, якое маё служэнне цяпер, абсалютна мной не было запланавана і з’яўляецца вынікам часу, праведзенага ў манастыры, пытанняў дазволу на шматлікія рэчы.
    Да вядзення блога, напрыклад, я прыйшла, калі прыехала ў Вільнюс. Тут усё закрылі на каранцін, таму ў вольны час у мяне з’явілася жаданне пісаць, і я бачыла, што атрымліваецца.
    Разумею, што гэта ад Бога.
    Я лічу, спадзяюся і вельмі хачу, каб усё, што раблю на сённяшні дзень, любое служэнне: рэкалекцыі для дзяўчат, мой блог, праца ў школе, правядзенне катэхез – каб усё гэта было Яго жаданнем, Яго дзеяннем. Думаю, калі б я выконвала іншую працу, усё роўна была б шчаслівая, бо мэта майго жыцця – быць рукамі Бога. Шчаслівы чалавек будзе такім ва ўсім, кожная справа будзе выконвацца з радасцю.
   
    – Ці трэба заклікаць да стварэння месцаў працы для манахінь у розных структурах Касцёла?
    – Па-першае, сёстры ўжо прысутнічаюць у розных структурах Касцёла, па-за ордэнам, займаюць розныя пазіцыі. Па-другое, кожны чалавек мае нейкае сваё пакліканне, сваю нішу. Лічу, што трэба проста шукаць уласнае месца. Калі ў Божых планах ёсць, каб дадзеная манахіня была на нейкім месцы, кіраўніком нейкай структуры ў Касцёле, напрыклад, то думаю, што гэта рэалізуецца, ніхто пярэчыць не будзе. Я не бачыла, каб прадузята адносіліся да людзей, каб хтосьці казаў: “Ты сястра, ты не можаш”. Думаю, кожны займае тое месца, на якое яго паклікаў Бог.