Інструмент, які варта асвойваць

Інтэрв'ю

Перад споведдзю мы часта адчуваем страх. Што ўжо казаць пра генеральную споведзь. Але ў страху толькі вочы вялікія, а генеральная споведзь з’яўляецца карысным інструментам духоўнага жыцця.
Пра тое, чым генеральная споведзь адрозніваецца ад традыцыйнай, калі яна патрэбна і як да яе рыхтавацца мы пагаварылі з бр. Сяргеем Мацюшонкам з Ордэна Меншых Братоў Капуцынаў, якія “спецыялізуюцца” ў спавяданні і духоўным кіраўніцтве.
– Брат Сяргей, чым адрозніваецца генеральная споведзь ад традыцыйнай?
    – Генеральная споведзь – гэта тая самая споведзь, толькі з іншага перыяду жыцця. Звычайна спавядаемся з прамежку часу ад апошняй споведзі да сённяшняга дня. Генеральная ж споведзь ахоплівае альбо ўвесь перыяд жыцця да моманту першай генеральнай споведзі, альбо ад апошняй генеральнай споведзі да актуальнай. Адзінае, калі дарослы чалавек першы раз ідзе да споведзі, то ў яго першая споведзь атрымліваецца як генеральная.
   
    – Калі трэба прыступаць да генеральнай споведзі?
    – Ёсць тры сітуацыі, у якіх “выкарыстоўваецца” генеральная споведзь: калі яна абавязковая, калі яна патрэбная і калі яна карысная.
    У якіх сітуацыях яна абавязковая? Калі я рэгулярна прыступаю да гэтага сакраманту, але маю непакой сумлення. Штосьці з мінулага мяне непакоіць, не магу пра гэта забыцца, яно не дае мне духоўнага супакою.
    Іншы выпадак – калі я разумею, што ў мінулым з несвядомасці альбо нават са страху ці па нейкіх іншых прычынах затаіў цяжкі грэх. Магчыма, не да канца разумеючы, што гэты грэх цяжкі, важны. Потым жа я сталею, чытаю духоўную літаратуру, развіваюся, таксама праз малітву і Божае слова.
    І часта менавіта ў святле Божага слова Бог ачышчае маё мінулае, паказваючы пэўныя грахі, з якіх я калісьці не паспавядаўся альбо якія свядома затаіў. Вось тады сумленне гаворыць, што трэба ісці да споведзі.
    Другая катэгорыя сітуацый – калі споведзь патрэбная. Тады штосьці з майго мінулага мне перашкаджае, нашу пэўныя сумненні ў сумленні і праз іх не магу перайсці на вышэйшы ўзровень духоўнага развіцця. Гэтыя сумненні могуць адносіцца і да споведзі, але яны не такія радыкальныя, як у першым выпадку. У падобных сітуацыях вельмі дапамагае генеральная споведзь.
    Таксама яна з’яўляецца вялікай дапамогай для ўнутранага супакою ў выпадку сур’ёзнай хваробы, калі знаходжуся ў небяспецы. У сваёй амаль 20-гадовай практыцы я сустрэў такіх людзей, якія ў небяспецы смерці, перад абліччам сур’ёзнай хваробы хочуць паспавядацца з усяго жыцця.
    Трэці выпадак – калі генеральная споведзь карысная, то-бок, добра, што яна адбываецца. Сюды адносіцца, напрыклад, сітуацыя радыкальнага навяртання альбо жаданне чалавека паглыбіць сваё рэлігійнае жыццё. Адбывацца такая споведзь можа ў пераломных сітуацыях у жыцці, калі хтосьці выбірае жыццёвы шлях: бярэ шлюб, становіцца дыяканам ці святаром, складае вечныя манаскія абяцанні, прыступае да сакраманту канфірмацыі. Таксама калі хтосьці адзначае, напрыклад, 25 альбо 50 гадоў супольнага жыцця ў сужэнстве, і генеральная споведзь дапаможа глыбей перажыць гэтую падзею.
   
    – Чаму недастаткова падчас звычайнай споведзі сказаць святару, што я нешта затаіў? Навошта з усяго жыцця спавядацца?
    – Гэта залежыць ад сумлення чалавека, ад нашай уражлівасці. Калі я ў сумленні перакананы, што генеральная споведзь мне дапаможа – дасць глыбейшы духоўны супакой, чым звычайная споведзь, дазволіць паддаць дзеянню Божай ласкі маё мінулае, маю гісторыю, якую пражыў, дазволіць Богу больш задзейнічаць у гэтым мінулым, напрыклад, у ранах, якія атрымаў у дзяцінстве, – тады варта яе здзейсніць.
    Да яе мяне ніхто не можа змусіць. Гэта маё дабравольнае рашэнне. Канешне, калі хтосьці мае духоўнага кіраўніка ці сталага спаведніка (гэта можа быць адна і тая ж асоба), той можа бачыць пэўныя духоўныя праблемы чалавека, напрыклад, залежнасць ад нейкага граху, і параіць пэнітэнту генеральную споведзь.
    Памятаю, калі я складаў першыя абяцанні ў навіцыяце, то, параіўшыся з духоўным айцом, першы раз у жыцці здзейсніў генеральную споведзь. Пасля яе я проста ляцеў на крылах. Такога пачуцця, чыста эмацыянальнага, не было пасля звычайнай споведзі, хоць мой духоўны кіраўнік і спаведнік, айцец Фелікс, быў вельмі набожны і шляхетны чалавек.
   
    – Як падрыхтавацца да генеральнай споведзі? Ці ёсць нейкі найлепшы спосаб?
    – Гэта таксама справа вельмі індывідуальная. Да звычайнай споведзі кожны з нас мае сваю методыку падрыхтоўкі: хтосьці ідзе па дзесяці Божых запаведзях, хтосьці звяртае ўвагу на касцёльныя наказы, іншы чалавек чытае Божае слова, напрыклад, восем Евангельскіх бласлаўленняў, і ў гэтым ключы робіць рахунак сумлення, яшчэ нехта бярэ гімн аб любові (13-ы раздзел Другога паслання св. апостала Паўла да Карынцянаў) і замест слова “любоў” падстаўляе сваё імя, а затым глядзіць, ці сапраўды ён практыкуе ў жыцці дасканалую любоў. Так і да генеральнай споведзі метадаў падрыхтоўкі многа, бо ўсё гэта індывідуальна.