С. Мар’яна Алешчык: “Катэхеза – гэта недастатковы мінімум. Трываць у сужэнстве вучацца ў супольнасці”

Актуальна - Інтэрв'ю

Сёстры назарэтанкі са сваімі падапечнымі падчас сямейных рэкалекцый

Ужо амаль паўгода Каталіцкі Касцёл перажывае Год сям’і. Цяпер рыхтуюцца новыя прапановы і інструменты для гэтага душпастырства. Разам з крытыкай сучасных хвароб сям’і адказныя ствараюць альтэрнатыву і пазітыўныя ініцыятывы.
Сёння размаўляю з прадстаўніцай беларускага сямейнага руху сястрой Мар’янай Алешчык. Назарэтанка займаецца працай з сем’ямі ўжо больш за 10 гадоў. Размаўляем пра прычыны праблем, шляхі іх вырашэння і прапанову беларускага Касцёла.
– Статыстыка датычна сем’яў у Беларусі вельмі сумная. Гэта і колькасць разводаў, і колькасць дзяцей, якія выхоўваюцца ў сям’і без таты. Чаму так?
    – Таму што сужэнцы, як мне падаецца, не маюць часу для сябе, для дзяцей і для Бога. Гэта асноўная і галоўная прычына.
   
    – А ці адчуваеце нейкія змены, трэнды ў тым, як жывуць сем’і ў апошнія 20 гадоў?
    – Гэта ўсё той жа недахоп часу. Ёсць праблемы з працай, праблемы з грашыма, сем’і шукаюць выхад, раз’язджаюцца на заробкі. Паглядзець нават на рост колькасці дальнабойшчыкаў у нашым асяроддзі. Колькі яны бачацца са сваімі сем’ямі? Якое можа быць сямейнае жыццё? Яны па паўгода не бачаць сваіх дзяцей. Таму гэта, перш за ўсё, звязана з сацыяльнымі праблемамі нашага грамадства.
   
    – А маладыя сем’і чым адрозніваюцца ад старэйшых? Асабліва сем’і, якія ўжо прайшлі катэхізацыю і фармацыю ў сучасным Касцёле, ад тых, што ажаніліся яшчэ ў Савецкім Саюзе.
    – Старэйшыя сем’і трымаюцца традыцыі. Маладыя сужэнствы больш лёгка, магчыма, менш сур’ёзна падыходзяць да спраў. Штосьці там не склалася – можна развесціся, паспрабаваць жыць асобна і г. д. Такое стаўленне таксама звязана з падыходам у грамадстве, у якім знаходзяцца каталіцкія сем’і. У наш час лічыцца цалкам нармальным сёння жыць з адным, а заўтра развесціся і жыць з іншым. Таму маладыя католікі прапітваюцца гэтым духам сучаснасці. Таксама і Касцёл, магчыма, зрабіўся больш “лайтовы” ў плане катэхізацыі і падрыхтоўкі да сужэнства.
   С. Мар’яна Алешчык CSFN – назарэтанка, сёлета адзначыла юбілей 30-годдзя манаскага жыцця. Дырэктар сямейнага руху пры Кангрэгацыі Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта, куды ўваходзіць больш  за 100 сем’яў.     – То-бок, маладыя каталіцкія сем’і менш трывалыя за старэйшыя?
    – Мне здаецца, так. Хоць моладзь і настроена трываць да канца, але я размаўляю і з тымі, хто думае пра развод. Калі для нашых бацькоў развод быў трагедыяй і яны стараліся трываць да апошняга, то для маладых гэта нічога страшнага.
   
    – Атрымліваецца, увесь аб’ём катэхезы, якую праходзілі і праходзяць маладыя католікі цягам апошніх 30-ці гадоў, не дае пажаданага плёну ў плане сямейнага жыцця?
    – Нельга сказаць, што ўвогуле не дае. Напэўна, сённяшняя моладзь лепш разумее галоўныя праўды веры. Старэйшыя абапіраюцца больш на традыцыю, а маладзейшыя – на розум, веды. Аднак жыццё – гэта не катэхеза. Тое, што чалавек 10 гадоў быў катэхізаваны, не азначае, што гэта будзе ўплываць на практыку яго сямейнага жыцця. Так, катэхеза з’яўляецца фундаментам, але яна не дае моцы і сілы, каб трываць у сужэнстве і знаходзіць правільныя падыходы ў вырашэнні праблем. Сямейнае жыццё – ахвяра, але не кожны гэта разумее. Часта людзям падаецца, што ўсё павінна быць намазана мёдам, а гэта не так.
   
    – Калі катэхеза не можа быць галоўнай падставай сямейнага жыцця, то што тады? Супольнасць?
    – Так, менавіта. Супольнасці вучаць практыцы. У парафіі, дзе я служу, мы з групай катэхетаў адназначна пагаджаемся, што катэхеза – гэта недастатковы мінімум. Мы стараемся, каб усе, хто наведвае заняткі па рэлігіі, удзельнічалі таксама ў нейкіх парафіяльных групах: тэатр, музыка, нейкія іншыя суполкі. Трэба вучыцца трываць у групе іншых людзей, будаваць адносіны, сябраваць. Гэтаму вучацца ў супольнасці. 45 хвілін катэхезы на тыдзень замала.
   
    – За апошняе дзесяцігоддзе ў беларускім Касцёле ўзнік шэраг сямейных рухаў. Сужэнскія сустрэчы, Équipes Notre-Dame, Асацыяцыя пры кангрэгацыі сясцёр назарэтанак і іншыя. Гэта цешыць. Аднак колькасць людзей у падобных рухах усё-такі невялікая. Чаму каталіцкія сем’і не цягнуцца ў супольнасці?
    – Мне здаецца, каталіцкія сем’і цягнуцца, але не хапае супольнасцей. Існуюць гэтыя тры рухі, але яны дзейнічаюць у невялікай колькасці парафій. Калі б у кожнай парафіі была якаянебудзь супольнасць, якая яднала б сем’і, гэта была б моц.
    Нават там, дзе добра катэхізуюць і актыўна працуюць з дзецьмі і моладдзю, вельмі часта сем’і застаюцца на ўзбоччы.
   
    – А ў чым праблема?
    – У зацікаўленасці парафіі. Адказных за парафію.
   
    – Адкуль гэта бярэцца? Праца з сем’ямі – гэта складана?
    – Так. Не хапае падрыхтаваных асоб, не хапае духавенства. Дастаткова, каб у парафіі былі прынамсі 1-2 сям’і, якія б хацелі яднацца з іншымі, і яны маглі б рухаць гэтую справу. Я асабіста ведаю толькі адну парафію, якая раз на год праводзіць фэст для сем’яў. Таму існуе шмат фактараў, гэта цэлы комплекс праблем.
   
    – У такім ключы школа сямейнага жыцця падаецца трапным адказам на гэты выклік.
    – Так, яна больш скіравана на працу з маладымі сужэнствамі: планаванне сям’і, якаснае жыццё і інш. Аднак, на жаль, нас замала – нават для ўласнага сямейнага развіцця, ужо не кажу пра быццё сямейнымі кансультантамі.
   
    – Слухаючы Вас, складваецца ўражанне, што ў беларускім Касцёле ўсё ёсць: і супольнасці, і месца падрыхтоўкі сямейных кансультантаў, і парафіі. Бракуе людзей і зацікаўленасці.
    – Так, гэта праўда.
   
    – Многія кажуць, што нашы бабулі і дзядулі мелі трывалыя сем’і і без супольнасцей. Што Вы на такое адказваеце?
    – Зноў жа, гэта праўда. Раней унутры сям’і было больш адносін, і будавалася ўсё на Богу. Сёння муж і жонка добра, калі ўвечары пасля працы пабудуць разам 2 гадзіны. Раней жа людзі болей часу праводзілі разам. Так мне здаецца, прынамсі.
   
    – Як справы ў Вашай Асацыяцыі? Чуў, што ў жніўні была агульнабеларуская сустрэча, шмат казалі пра аднаўленне.
    – Так, дзякуючы ўдзельнікам нашага руху, мы арганізавалі гэтую сустрэчу. Увогуле, як, зрэшты, і паўсюль, каранавірус унёс свае карэктывы. Супольнасці баяліся сустракацца, кожны адчуў і ўбачыў, што мы дзесьці затрымаліся. Людзі самі кажуць, што нам трэба аднаўляцца. Мяне вельмі цешыць, што гэтая патрэба ёсць і ініцыятыва не зыходзіць ад нас, духоўных асоб, а ад саміх удзельнікаў нашых сустрэч. Таму, я думаю, мы ідзём у добрым накірунку. Паспрабуем аднавіцца, больш будаваць супольнасць.
    Першыя гады нашай Асацыяцыі мне вельмі хацелася будаваць на фундаменце веры, а нават і тэалогіі. Многія сем’і не ўдзельнічалі ў катэхезе, таму хацелася з’яднаць агульны ўзровень падрыхтоўкі. Сёння ж для нас стала больш важным будаванне адносін у супольнасці, каб яна была жывая. Таму мне падаецца, што мы выходзім на нейкі іншы ўзровень, мы даспелі да давання. Раней удзельнікі больш бралі – веды, духоўнае развіццё. Сёння супольнасць хоча даваць. Гэта цешыць.
   
    – Падзеліцеся нейкімі планамі?
    – Мы хочам, каб сем’і з адных гарадоў наведвалі сем’і ў другіх гарадах. Нас шмат, і многія не ведаюць удзельнікаў руху з іншых мясцовасцей. Хочам, каб людзі знаёміліся, давалі сведчанні.
    Апошнія гады мы ладзім асобныя сустрэчы для мужчын і жанчын. Таксама плануем – спадзяёмся, што гэта прыжывецца, – каб падчас рэкалекцый для дарослых адбываліся адначасова рэкалекцыі для іх старэйшых дзяцей, моладзі. Сёлета ў нас нешта такое атрымалася, будзем рухацца далей у гэтым накірунку. У нас падрасло цэлае пакаленне – Асацыяцыі ўжо больш за 10 гадоў. Дзеці выраслі, і хочацца таксама ім даваць такую духоўную падпітку.
    На бліжэйшыя паўгода ўжо запланаваны нашы стандартныя сустрэчы: супольны Новы год (ужо 13-ты па ліку), рэкалекцыі выхадных дзён, асобныя рэкалекцыі для мужчын і жанчын. Таму планы невялікія, але спадзяёмся на плён.
   
    – Вы працавалі і з дзецьмі, і з моладдзю, а спыніліся на сем’ях і займайцеся гэтым ужо больш за 10 гадоў. Падаецца, Вы цалкам шчаслівая ў такой працы.
    – Як і ў кожным Ордэне, у нас складаюцца абяцанні паслухмянасці. Таму мае ўлады мне казалі: сёння будзеш тут працаваць з дзецьмі, заўтра – там з моладдзю. Гэта нармальна, і я ўсё прымала.
    У пэўны момант мне сказалі, што трэба паспрабаваць працу з сем’ямі. Я не ведала, з чаго пачынаць. Паехала ў Рым, паслухала, як Асацыяцыя працуе ў іншых краінах, вярнулася ў Беларусь і распачала з нуля. Мы пачыналі проста з гарбаты, дзе я слухала людзей. Мне падабаецца будаваць адносіны з іншымі, і так гэтая праца з сем’ямі выкрышталізоўвалася. Гэта стала вельмі блізкім майму сэрцу, і падаецца, што ўжо на ўсё жыццё.
    Не магу сказаць, як будзе далей, што мне скажуць мае ўлады, але за сем’і не перастану маліцца і буду адкрытая на іх заўсёды. Гэта маё пакліканне ў пакліканні. Я шчаслівая. Не ведаю, ці іншыя са мной шчаслівыя, але я шчаслівая.
   
Сустрэчы Асацыяцыі адбываюцца штомесяц у Гродне, Лідзе, Смаргоні, Мінску і Глыбокім. Далучыцца да руху можа кожны. Больш інфармацыі на старонцы ў інстаграме: https://instagram.com/nazaret_semja.