Праект “Right Song”, або пра правільны падыход да шлюбнай цырымоніі

Інтэрв'ю

Падчас сакраманту шлюбу хлопец і дзяўчына становяцца адзіным цэлым з бласлаўлення Хрыста

Што можа аб’ядноўваць маркетолага-эканаміста, спецыяліста ў сферы энергетыкі, студэнтку факультэта журналістыкі і школьніцу, якая марыць аб IT-сферы? Зразумела: тое, што заўсёды наймацней аб’ядноўвала і збірала разам самых розных асоб – вера ў Хрыста. Толькі ў нашых сённяшніх герояў ёсць яшчэ адзін супольны падмурак – любоў да музыкі, якая перарасла ў праект “Right Song” па музычным суправаджэнні літургіі сакраманту шлюбу.
Рэната, Юрый, Ангеліна і Анастасія даўно з’яўляюцца часткай моладзі і хору ў парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Лідзе. Як яны самі ўпэўнены, Бог даўно меў план на тое, каб іх жыццёвыя шляхі перапляліся яшчэ мацней. І цяпер маладзёны з’яўляюцца сведкамі таго, што на Божыя справы заўсёды можна знайсці час.
Рэната скончыла Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт і цяпер з-за працы жыве на два гарады – будні ў Мінску, выхадныя ў Лідзе. Яна заўсёды знаходзіць час на рэпетыцыі. Юрый, энергетык, які не можа расстацца з музыкай, вельмі любіць граць на гітары ў гурце. Ангеліна навучаецца ў Польшчы, аднак цешыцца, што з-за дыстанцыйнай формы навучання можа быць часткай каманды “Right Song”. У сваю чаргу школьніца Анастасія моцна натхняецца выступленнямі ў межах пректа.
   
    – Як узнікла ідэя стварыць “Right Song”? Якая мэта праекта?
    – Узнікненне гурта можна назваць гісторыяй аднаго вечара. Ці мелі Вы калі-небудзь пачуццё, нібы павінны зрабіць штосьці менавіта цяпер? У нас так адбылося год таму. Мы сядзелі на тэрасе, пілі гарбату, размаўлялі пра ўсё на свеце, а пасля раптам прыйшлі да высновы, што трэба аб’яднаць нашы таленты – спеў і ігру на гітары – з верай у Бога. Госпад кожнага надзяляе здольнасцямі, і наша справа – выкарыстаць іх дзеля служэння бліжнім, рабіць іх жыццё больш прыгожым.
    Разважаючы гэтую думку, зразумелі, што найлепшы спосаб для нас – гэта музыкальна спадарожнічаць сужэнцам падчас сакраманту шлюбу, упрыгожваць цырымонію. Мы хочам зрабіць акцэнт на тым, што падчас вяселля самае галоўнае – не выкуп нявесты, не картэж, не поўны ежы стол, але момант шлюбу. А што яшчэ можа расчуліць так, як набожны спеў? Тады клятва, дадзеная ў святыні, насамрэч запомніцца назаўсёды.
    Ідэю падтрымалі святары, падзяліліся парадамі, як гэта зрабіць больш правільна. Так і нарадзіўся “Right Song”.
    Шлюб – гэта атрыманне Божага бласлаўлення для кожнага з сужэнцаў паасобку і для саюза цалкам – на трыванне ў любові і на патомства. Цяпер мы гэта разумеем поўнасцю і хочам рабіць сакрамант сужэнства больш узнёслым.
   
    – Дзе і калі Вы ўпершыню суправаджалі шлюб? Падзяліцеся ўражаннямі.
    – Гэта было ў кастрычніку мінулага года ў вёсцы Данюшава недалёка ад Смаргоні, на вяселлі ў цудоўнай пары Веранікі і Леаніда. Не абышлося без прыгод: захварэў наш гітарыст, і за тыдзень да выступлення мы засталіся без інструмента і машыны. Аднак, дзякуй Богу, у парафіяльнай супольнасці, як у сям’і: адразу знайшоўся хлопец, які замяніў гітарыста, а адзін са святароў пагадзіўся даставіць нас на месца.
    Зразумела, мы хваляваліся, але падчас шлюбу ўсё прайшло як па масле. Па дарозе дадому доўга не маглі супакоіцца ад безлічы эмоцый.
   
    – Які шлюб запомніўся больш за іншыя? Чаму?
    – Кожная сустрэча з сужэнцамі асаблівая для нас. Аднак пакуль найбольш яскравым у памяці застаецца шлюб Яна і Гражыны ў Росі. Прыгожы, утульны касцёл, вельмі адкрытыя, добрыя людзі. Іх любоў можна было адчуць. Гэта стала сапраўдным сведчаннем стварэння сям’і і Божага бласлаўлення.
   
    – Вы дорыце людзям свой час, свае таленты і малітвы спевам. Што маеце з праекта ўзамен?
    Удзельнікі “Right Song” з маладым сужэнствам у касцёле ў Росі– Самае каштоўнае – эмоцыі, якія нельга апісаць. Магчымасць развівацца прафесійна і духоўна. Знаёмства з новымі людзьмі і новымі месцамі, бо кожнай цырымоніі папярэднічае маленькае падарожжа. Мы не маем ніякай устаноўленай платы за прыезд. Аднак маладажоны з уласнага жадання складваюць ахвяраванні, і, канешне, гэта вельмі прыемна.
   
    – Што ўваходзіць у г. зв. “пакет паслуг”, і як можна запрасіць Вас на шлюб?
    – Мы цалкам музычна аздабляем цырымонію шлюбу, бярэм на сябе чытанні. Да кожнай пары маем індывідуальны падыход, улічваем усе пажаданні. Дапамагаем больш насычана адчуць важнасць гэтай падзеі.
   
Каб запрасіць на шлюб, трэба напісаць да нас у Інстаграм (@right.song), пазначыць дату, час і месца правядзення сакраманту, бо ездзім па ўсёй Гродзенскай дыяцэзіі. Адразу агаворым усе пытанні, якія цікавяць.