Хрыстос, прыгажосць і правілы этыкету

Інтэрв'ю

С. Вераніка Блізнюк, адна з заснавальніц клуба,  падчас яго ўрачыстага адкрыцця

„Выхаванне – гэта справа сэрца”, – сказаў аднойчы св. Ян Боско, вядомы ў супольнасці Касцёла як “бацька і настаўнік” для моладзі. Гэтыя словы знаходзяць водгук у новай ініцыятыве салезіянскай супольнасці ў Смаргоні. Там пры мясцовай парафіі арганізавалі клуб для дзяўчат “Нашы сакрэты”.
Невялікая група жанчын на чале з с. Веранікай Блізнюк будзе прывіваць маленькім верніцам асноўныя якасці жаноцкасці і дапамагаць закласці ў іх падмурак хрысціянства.
– Пры смаргонскай парафіі св. Міхала Арханёла ўжо на працягу некалькіх гадоў дзейнічае моладзева-дзіцячы асяродак.
    С. Вераніка, падзяліцеся, калі ласка, чаму ўзнікла ініцыятыва стварыць у дадатак асобны клуб для дзяўчат?
    – Так, пры нашай парафіі, якой апекуюцца ксяндзы салезіяне, існуе араторый – месца вучобы, гульні, малітвы і працы для дзяцей і моладзі. Моладзь звычайна прыходзіць туды вечарамі, а ў нядзелю для яе праводзяцца адмысловыя мерапрыемствы, часта прымеркаваныя да розных свят. У межах араторыя дзейнічае “Савіо-клуб”, дзе збіраюцца падлеткі: хлопцы і дзяўчаты па прыкладзе св. Дамініка Савіо вучацца, як быць святымі ў звычайным асяроддзі. Таксама праводзяцца заняткі дзіцячага хору, які аздабляе св. Імшу для маленькіх вернікаў, і, канешне, групы міністрантаў.
    Разам з тым, ідэя зрабіць штосьці асобна для дзяўчат узнікла ўжо даўно. Гледзячы на тое, як мала часу сёння надаецца іх культурнаму і маральнаму развіццю, нам захацелася паспрабаваць адрадзіць хрысціянскія каштоўнасці і традыцыі сярод дзяўчынак. Дапамагчы ім цалкам раскрыць сваю жаноцкасць, распавесці пра важную ролю маці ў сям’і, падказаць, як годна паводзіць сябе ў любой сітуацыі.
    На жаль, мінуў час, калі ўсе, нягледзячы на сацыяльны статус, імкнуліся захоўваць этыкет. У XXI стагоддзі – эпоху інтэрнэту, хуткіх камунікацый і вялікага аб’ёму інфармацыі – навакольны свет кардынальна змяніўся. Людзі імкнуцца ўсё спрасціць, і як вынік – абыходзяць правілы этыкету. Аднак можна заўважыць, што ёсць і тыя, хто пачынае вяртацца да сваіх далёкіх каранёў: вучыцца сам і вучыць этыкету сваіх дзяцей. Ведаю, што ў розных краінах спрабуюць адраджаць школы для дзяўчынак, каб выхоўваць іх на годных маладых дзяўчат, вучыць ветлівасці, міласэрнасці, цярпімасці, чыстасці… Гэта стала апошнім штуршком да прыняцця рашэння аб заснаванні клуба для дзяўчынак. І, шчыра кажучы, мы былі здзіўлены, што адгукнулася так шмат жадаючых: да нас запісалася ажно 30 чалавек!
    Аднак, зразумела, галоўнай мэтай клуба застаецца дэвіз усяго араторыя: навучыць маленькіх вернікаў жыць хрысціянскімі каштоўнасцямі ў сучасным свеце.
   
Успамін св. Яна Боско, заснавальніка салезіянскіх кангрэгацый, прыпадае на 31 студзеня.

    – Удзельніцы клуба маюць узроставае абмежаванне – гэта дзяўчынкі 3–5 класаў. Якую аснову пад сабой мела абранне менавіта такой узроставай катэгорыі?
    – Усё вельмі проста! Калі мы планавалі дзейнасць клуба, першапачаткова хацелі падзяліць дзяўчынак паводле ўзросту, пачынаючы з 4 класа і да заканчэння школы. На жаль, ідэя не знайшла водгуку сярод старэйшых дзяўчат, а малодшыя выказалі яшчэ большае жаданне паўдзельнічаць. Таму ўзрост удзельніц клуба складае ад 8-мі да 12-ці гадоў. Нам здаецца, што менавіта ў гэты перыяд дзяўчаты найбольш зацікаўленыя і падатлівыя на новыя веды. Таксама гэта ўзрост, калі дзеці ўжо могуць зрабіць штосьці самастойна, а пасля падзяліцца досведам са сваімі бацькамі.
   
    – Спіс задач клуба даволі разнастайны: ад фарміравання пачуцця справядлівасці да прывіцця навыкаў догляду за знешнасцю. Гэта патрабуе немалога чалавечага рэсурсу. Як плануеце ажыццяўляць такую рознабаковую дзейнасць?
    Каманда з мясцовых парафіянак па працы з дзяўчатамі– На сённяшні дзень выхаваўчы калектыў складаецца з 8-мі жанчын. Разам са мной служаць аніматары, якія маюць вопыт працы з дзецьмі ў араторыі, ёсць настаўнікі і псіхолаг, а таксама матулі, якім не абыякава выхаванне дзяцей і якія ў розных сітуацыях і патрэбах імкнуцца нас падтрымаць. Зразумела, кожны мае свае асабалівыя здольнасці і таленты. Таксама плануем запрашаць на сустрэчы кваліфікаваных спецыялістаў у розных галінах, якія нам будуць дапамагаць. Разам з тым, хачу адзначыць, што мы не намераны зрабіць з клуба штосьці надзвычайнае. Галоўнае – падзяліцца вопытам, як быць сумленнай хрысціянкай.
   
    – Напрошваецца пытанне: якая яна – сучасная хрысціянка?
    – Гэта адважная, шчырая, добразычлівая дзяўчына, якае ведае, як сябе паводзіць у грамадстве, як жыць па-хрысціянску, нягледзячы на тое, што прапануе інтэрнэт і супольнасць навокал, і якая можа мужна абараніць свае хрысціянскія каштоўнасці.
    Лічу, што сёння ў нашым жыцці надта шмат “унісексу”. Дзяўчаты імкнуцца быць роўнымі ва ўсім з хлопцамі, часам нават быць падобнымі да іх. Пры гэтым яны губляюць сябе. Дзяўчына-хрысціянка павінна развіваць у сабе жаночую душу па прыкладзе шматлікіх жанчын з Бібліі і перадаваць гэты прыклад іншым.
   
    – Калі казаць пра супольнасць дзяўчат і жанчын Касцёла ў Беларусі, з якімі праблемамі развіцця і раскрыцця хрысціянскага патэнцыялу яна, на Вашу думку, сутыкаецца?
    – Мне здаецца, што для раскрыцця хрысціянскага патэнцыялу дзяўчат трэба больш добрых прыкладаў жанчын – хрысціянак сучаснага свету, якія б захаплялі крочыць іх слядамі. І праблема якраз можа быць у тым, што ў хрысціянскіх супольнасцях не хапае добра падрыхтаваных жанчын, здольных у гэтым дапамагчы.
    У сучасным свеце прапануецца шмат прыкладаў, якія зусім не грунтуюцца на маралі ці хрысціянскіх каштоўнасцях. Дзяўчынка павінна расці, гледзячы на прыклад маці, сяброўкі, настаўніцы, якая паводзіць сябе інакш, чым прапануе свет. Дарастаючы, яна мусіць ведаць, што ёсць іншыя дзяўчаты, якія, як і яна, імкнуцца жыць пэўнымі каштоўнасцямі. Жанчынам патрэбна мець да каго звярнуцца, каб не адчуваць сябе самотнымі, жывучы маральнымі прынцыпамі. Аднак, у першую чаргу, каб спраўляцца з выклікамі, якія можа падкідваць сучасны свет, кожная дзяўчына павінна раскрыць сваё пакліканне – кім яна з’яўляецца і кім павінна быць у грамадстве, не забываючыся таксама пра хрысціянскае – чаго ад яе хоча Бог.