Праз крыж і смерць да ўваскрасення і хвалы

Інтэрв'ю

26 кастрычніка прыпадае 106-ая гадавіна нараджэння для Неба бл. Цэліны Бажэнцкай. Разам з дачкой Ядзвігай яна заснавала Кангрэгацыю Сясцёр Уваскрасення Пана Нашага Езуса Хрыста (змёртвыхпаўстанкі), што з’яўляецца феноменам у гісторыі Касцёла. Як гэта стала магчымым? І чым бласлаўлёная можа быць блізкай кожнаму верніку?
Госць нумара – с. Ганна Скалік CR з Рыма (Італія), якая разам з іншымі сёстрамі арганізуе пілігрымкі па слядах бл. Цэліны і яе дачкі Ядзвігі. У інтэрв’ю для “Слова Жыцця” манахіня распавядае пра незвычайную постаць заснавальніцы супольнасці і далейшы лёс яе сям’і.
– С. Ганна, скажыце, з якой мэтай паўстала ваша кангрэгацыя?
    С. Ганна Алена Скалік (справа) ад імя кангрэгацыі перадае дар для парафіі Заневічы– Харызма нашай манаскай сям’і – абвяшчэнне радаснай праўды аб тым, што Хрыстос уваскрос і жыве, а мы Яго моцай увесь час уваскрасаем да новага жыцця. Кожная сястра ў дзень складання вечных манаскіх абяцанняў атрымлівае крыж, на якім выгравіраваны словы: “Праз крыж і смерць да ўваскрасення і хвалы”. Наша апостальская мэта заключаецца, галоўным чынам, у хрысціянскім навучанні і выхаванні. Працуем у школах ці арганізоўваем уласныя адукацыйна-выхаваўчыя ініцыятывы. Акрамя таго, апекуемся хворымі і займаемся іншым служэннем, у залежнасці ад патрэб Касцёла.
    Асаблівае апостальства малітвы і ахвяры вядуць сёстры ў медытацыйным доме ў Гротафераце на тэрыторыі Італіі. Амаль 13 гадоў таму кангрэгацыя распачала працу на місіях, у Танзаніі. Гэта дар удзячнасці за беатыфікацыю Маці Цэліны, заснавальніцы супольнасці. Сёння здзяйсняем апостальскую паслугу таксама ў Аргенціне, Аўстраліі, Канадзе, ЗША і Польшчы.
   
    – Як у кангрэгацыі клапоцяцца аб развіцці культу яе заснавальніцы?
    – Прагнем, каб як мага больш людзей пазнаёміліся з бл. Цэлінай. Там, дзе гэта магчыма, выязджаем у парафіі, каб набліжаць вернікам яе постаць. Выдаём кнігі пра Маці Цэліну на англійскай, польскай і італьянскай мовах, каб сёстры маглі іх раздаваць у розных частках свету. Дзякуючы таленавітым манаскім асобам узнік гімн і песні ў гонар бласлаўлёнай. Ёсць і літанія.
    Ладзім таксама пілігрымкі ў Беларусь па слядах бл. Цэліны і яе дачкі Ядзвігі. У іх удзельнічаюць не толькі нашы сёстры, але і сям’я заснавальніц ды іншыя асобы, якія сябруюць з супольнасцю.
    Я была ў Беларусі 17 разоў. Побыты на гэтай зямлі пакінулі ў сэрцы кранальныя вобразы сустрэч з вернымі і руплівымі святарамі. Кожны раз шкада было ад’язджаць з Абрэмшчыны і Заневічаў. Узгадваліся словы Маці Цэліны, запісаныя ў 1884 годзе: “Шчасце было вялікім, калі прыбыла сюды […]. Мяне сустрэлі з замілаваннем – ажно сорамна зрабілася, што мяне тут так любяць, нібы нейкі арэол маю”.
   
    – Наколькі сёння бл. Цэліна вядомая ў свеце?
    –Госці ўрачыстасці з нагоды 100-годдзя парафіі ў Заневічах  пры капліцы на месцы былога маёнтка Бажэнцкіх у Абрэмшчыне Культ бл. Цэліны пашыраецца галоўным чынам у месцах, звязаных з яе жыццём: у Беларусі і ў Польшчы. На тэрыторыі Беларусі – у Гродзенскай дыяцэзіі (у мясцовасцях Абрэмшчына і Заневічы, дзе рэалізавала пакліканне жонкі і маці), на тэрыторыі Польшчы – у Бельска-Жывецкай дыяцэзіі (у Кэнтах узнік першы кляштар на польскіх землях, там змешчаны саркафаг заснавальніц), у Кракаўскай дыяцэзіі (Кракаў – месца смерці Маці Цэліны і месца аздараўлення, якое было зацверджана як беатыфікацыйны цуд). Культ бл. Цэліны прысутны таксама ў Рыме, дзе 117 гадоў таму яна пабудавала першы манастыр кангрэгацыі, пад назвай “Casa Madre”. Сёння ў парафіяльным касцёле св. Яўхіма, які знаходзіцца побач і дзе некалі малілася сама бласлаўлёная, знаходзіцца яе абраз.
    Ад часу беатыфікацыі да цяперашняга моманту мы перадалі для публічнага культу ў парафіяльных касцёлах і санктуарыях у розных частках свету каля сотні яе рэліквій. Яны знаходзяцца таксама ў 5-ці месцах на тэрыторыі Гродзескай дыяцэзіі: у касцёлах у Заневічах, Квасоўцы, Свіслачы, Малой Бераставіцы і ў капліцы ў Гудзевічах. Хацелася б падкрэсліць, што за распаўсюджванне культу бл. Цэліны ў Гродзенскай дыяцэзіі мы ўдзячны мясцовым ксяндзам біскупам і святарам, якія паходзяць з Заневічаў.
    Збіраем сведчанні аб аздараўленнях і іншых ласках, атрыманых ад Бога праз заступніцтва бл. Цэліны. На дадзены момант у Рыме збіраецца дакументацыя аб мяркуемым аздараўленні 4-гадовай Цэлінкі з Бразіліі. Яна невыпадкова носіць такое імя. Бацькі дзяўчынкі належаць да парафіі, пробашчам якой з’яўляецца кс. Алесандра Лопес Алесіа з братняй супольнасці ксяндзоў змёртвыхпаўстанцаў, які рупліва пашырае культ бласлаўлёнай. Ёсць яшчэ адна Цэліна, сёння ўжо 18-гадовая жыхарка Кэнтаў, якая шчасліва прыйшла ў свет праз заступніцтва Маці Цэліны.
   
    – З якімі інтэнцыямі вернікі часцей за ўсё звяртаюцца да бласлаўлёнай?
    – Найчасцей вернікі просяць бл. Цэліну аб заступніцтве перад Богам у справах, якія нейкім чынам звязаны з гісторыяй яе жыцця: напрыклад, аб распазнанні жыццёвага шляху, аб добрым выбары сужэнца, аб дары патомства ці шчаслівым прыходзе дзіцяці на свет. Існуе таксама шэраг іншых просьбаў і намераў.
   
    – Чым асабіста для Вас блізкая бл. Цэліна?
    – Бл. Цэліна з’яўляецца для мяне духоўнай маці як заснавальніца манаскай сям’і, да якой належу. Я захапляюся яе непахіснай верай, мужнасцю і адвагай. Успрымаю манахіню як руплівую жанчыну, пра якую ідзе гаворка ў Кнізе Прыпавесцей Саламонавых. Стараюся чытаць нататкі бласлаўлёнай і адчуваю, што праз гэтыя запісаныя шмат гадоў таму словы яна сёння прамаўляе да мяне.
    Багацце яе жыцця і харызмаў называю вялікай прыгодай з Богам. Менавіта так я таксама разумею сваё манаскае жыццё. Калі дазваляем Пану кіраваць сабой, адбываюцца незвычайныя рэчы, такія, аб якіх мы нават не марылі. Мая прыгода надалей працягваецца, паколькі не ведаю, напрыклад, дзе акажуся і што буду рабіць праз некалькі гадоў… Дакладна адно: там, куды Бог накіроўвае, мне будзе лепш.
   
    – Чаму мы можам навучыцца ў бл. Цэліны? Якім прыкладам з’яўляецца яе жыццё для вернікаў?
    – Ад Маці Цэліны можна многаму навучыцца. У першую чаргу, любові да Божай волі і вернасці ў супрацоўніцтве з Яго ласкай. Для Усемагутнага не існуе нічога немагчымага, таму, хоць гэта магло б падацца абсалютна неверагодным, правёў яе праз розныя этапы жыцця жанчыны: жонкі, маці, удавы, манахіні, цешчы, бабулі... У такім багацці вопыту здаецца, што кожны можа знайсці штосьці для сябе. Шматразова пасля прэзентацыі ў парафіях постаці нашай заснавальніцы вернікі падыходзілі і казалі, што бл. Цэліна блізкая ім, бо ў гісторыі яе жыцця яны бачаць нейкую частку свайго. Падкрэслівалі, што могуць чэрпаць з яе мудрасці і досведу, паколькі, напрыклад, перажыла смерць 2-іх дзяцей, хваробу ды скон мужа, і для яе не былі чужымі цярпенні ў сямейным жыцці.
    Пасля смерці сужэнца бл. Цэліна клапацілася пра добрае выхаванне 2-юх падрастаючых дачок, таму дасканала разумее звязаныя з тым радасці і клопаты.
    У “Дзённіку для маіх дачок” пакінула парады, якія не страцілі сваёй актуальнасці. Гэты матэрыял мы надрукавалі на 3-ох мовах, верачы, што яе каштоўнымі парадамі і выхаваўчымі метадамі змогуць карыстацца сучасныя бацькі і выхавацелі.
    Нарэшце, бл. Цэліна можа быць прыкладам для асоб, што прысвяцілі сваё жыццё Богу. Асаблівым чынам для нас, змёртвыхпаўстанак, для якіх з’яўляецца духоўнай маці і заснавальніцай. Манахіня пакінула багатую спадчыну: шмат нататак і лістоў. У іх утрымліваюцца канкрэтныя парады і інструкцыі, як мы павінны жыць пасхальнай харызмай у штодзённасці.
   
    – Ці ведаеце Вы штосьці пра лёс старэйшай дачкі бласлаўлёнай, якую таксама звалі Цэліна?
    – Так, канешне. Яна выйшла замуж за Юзафа Галлера і на працягу некаторага часу жыла з мужам у Абрэмшчыне. Сужэнства мела 4 дачкі і сына. Адна дзяўчынка памерла яшчэ будучы немаўлём.
    Цэліна Галлер адышла ў вечнае жыццё ў 1914 годзе і спачыла ў пахавальнай капліцы Бажэнцкіх – у касцёле ў Заневічах. Маёнтак у Абрэмшчыне перайшоў у спадчыну малодшай дачцэ Алене, якая выйшла замуж за Караля Дуніна. Заневіцкія старажылы дагэтуль успамінаюць іх дзяцей: Стася і Марысю.
    Кангрэгацыя падтрымлівае сталы кантакт з далейшымі пакаленнямі сям’і, якія ідуць ад унучак Маці Цэліны: Цэліны, Марыі і Алены, а таксама ад унука Юзафа. Варта дадаць, што цуд да беатыфікацыі Маці Цэліны здарыўся ў яе сям’і, у 5-ым пакаленні, якое паходзіць ад унучкі Марыі. У жніўні гэтага года сям’я перадала Кангрэгацыі знойдзены арыгінал яе духоўных нататак, якія сведчаць пра тое, што родныя нашых заснавальніц з самага пачатку былі перакананы ў іх святасці. Унучка Марыя пісала, што моліцца праз заступніцтва бабулі і цёціка (так называла Маці Ядзвігу) аб асвячэнні для свайго мужа і дачок. У нататках змясціла таксама малітву праз заступніцтва Маці Цэліны, сваёй бабулі.
    Сёння сёстры ў Кэнтах штодзённа моляцца пры саркафагу бл. Цэліны і яе дачкі Ядзвігі. У супольнасцях, рассеяных па свеце, мы адпраўляем навэнны і малітвы праз заступніцтва заснавальніцы, верачы, што ў хуткім часе дачакаемся дня яе кананізацыі.
   
   
Цэліна Бажэнцкая (у дзявоцтве Хлюдзінская) нарадзілася 29 кастрычніка 1833 года ў Антовілі каля Оршы. Яшчэ маладой дзяўчынай прагнула ўступіць у кляштар, але паслухмяная волі бацькоў і спаведніка ў 1853 годзе выйшла замуж за Юзафа Бажэнцкага. У сужэнстве нарадзілася чацвёра дзяцей, двое з якіх памерлі ў маленстве. Пасля смерці мужа разам з дочкамі пераехала ў Рым (Італія). Там пазнаёмілася з генералам ксяндзоў змёртвыхпаўстанцаў кс. Пятром Семененкам, і да яе вярнулася думка пра манаскае жыццё. Карыстаючыся духоўным кіраўніцтвам святара, разам з дачкой Ядзвігай заснавала жаночае адгалінаванне гэтай супольнасці. Манаская кангрэгацыя сясцёр змёртвыхпаўстанак была афіцыйна заснавана 6 студзеня 1891 года ў Рыме. Першы манаскі дом на тэрыторыі Польшчы паўстаў у Кэнтах. Маці Цэліна Бажэнцкая кіравала кангрэгацыяй, пакуль не памерла. Адышла ў вечнасць 26 кастрычніка 1913 года. Прылічана да ліку бласлаўлёных 27 кастрычніка 2007 года папам Бенедыктам XVI.