У Касцёле распачынаецца новы катэхетычны год

Інтэрв'ю

Традыцыйна ў апошнюю нядзелю жніўня ва ўсіх касцёлах дыяцэзіі адбываецца асвячэнне школьных прылад. Тым самым маленькія вернікі выражаюць гатоўнасць да новага навучальнага і катэхетычнага года. Святары моляцца за выхавацеляў, настаўнікаў, выкладчыкаў і катэхетаў, каб тыя годна выконвалі паслугу выхавання маладога пакалення, а дзецям і моладзі ўдзяляюць пастырскае бласлаўленне.
Сёння Касцёл катэхізуе на розных узроўнях. Вынік у шмат чым залежыць ад бацькоў, якія павінны замацоўваць у сваіх дзецях атрыманыя веды. Але ці з’яўляюцца сёння бацькі тымі партнёрамі Касцёла, якія няспынна сведчаць аб сваёй веры, дапамагаючы дзецям узняцца да пазнання Праўды? Мажліва, дапускаюць нейкія промахі ў выхаванні? І на чым палягае роля катэхета ў справе духоўнага развіцця дзіцяці?
На гэтыя і шматлікія іншыя пытанні адказвае госць рэдакцыі Марына Жыбартовіч, катэхетка са шматгадовым стажам працы. Па прафесіі – педагог. Некалькі гадоў выкладала англійскую мову ў гродзенскай школе №35. Скончыла катэхетычныя курсы ў Гродне. Па запрашэнні катэхізавала дзяцей у парафіі св. Яна Хрысціцеля ў Воўпе. Дзякуючы ёй, у мястэчку паўстаў музычна-драматычны тэатр “Віфлеемская зорка”, якому ў далейшым было прысвоена званне ўзорнага. З 2007 года працуе ў парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля ў Гродне. Рыхтуе дзяцей і моладзь да сакрамантаў, праводзіць шматлікія культурна-забаўляльныя мерапрыемствы. Разам са святарамі арганізоўвала сустрэчы для студэнтаў і працуючай моладзі. З’яўляецца мастацкім кіраўніком тэатра імя св. Яна Паўла ІІ. Штогод займаецца падрыхтоўкай групы дзяцей і моладзі да ўдзелу ў фіналах Парафіяды ў Варшаве.
   
    Найбольш распаўсюджаныя памылкі бацькоў
    Часта бацькі памыляюцца, калі лічаць, што дастаткова толькі “аддаць” дзіця на катэхезу. Нібы “запішу на заняткі па рэлігіі, а там – справа за катэхетамі”. Такая пазіцыя ў корані няправільная. “У рэлігійным выхаванні вызначальная роля належыць бацькам, – падкрэслівае Марына. – Менавіта яны паказваюць дзецям прыклад веры: ад самага маленства, лічу, нават ад моманту знаходжання ва ўлонні маці. Бацькі прывіваюць ім першыя навыкі: знак крыжа, малітву. Праз узаемаадносіны паміж сабой, адносіны да Бога ствараюць у доме пэўную атмасферу”. Таксама бацькі моцна памыляюцца, калі абмяжоўваюцца падрыхтоўкай дзяцей да І Камуніі і канфірмацыі. Лічаць, што пасля навучання дзіцяці патрэбен адпачынак. “Гэта тое самае, як сказаць дзіцяці: «Ну ўсё, ты так добра паеў, можаш цяпер месяц нічога не есці», – гаворыць катэхетка. – Пазнанне Бога павінна прадаўжацца ўсё жыццё. На жаль, далёка не ўсе гэта разумеюць”.
    Часам бацькі настройваюць дзяцей на тое, што самае галоўнае – вучыцца на выдатна. Затым – стаць на шлях да атрымання прафесіі, каб паспяхова ўладкавацца ў жыцці і мець добры зарабок. “Усё гэта важна, але не гарантуе таго, што дзіця, калі вырасце, будзе шчаслівым, – сцвярджае Марына. – Езус нездарма казаў: «Дазвольце дзецям прыходзіць да Мяне». Іншымі словамі: «Дазвольце дзецям быць шчаслівымі ўва Мне». Бо шчасце далёка не толькі ў тым, каб быць здаровым, незалежным, багатым і ўладкаваным”.
   
Сапраўдная маральнасць немагчымая без рэлігійнай асновы    Эфектыўнае супрацоўніцтва катэхетаў і бацькоў
    Дзейнасць катэхетаў ускладняецца тым, што яны бачацца з дзецьмі, у асноўным, раз на тыдзень. І за гэты час вельмі цяжка спаўна падзяліцца вераю, навучыць пазнаваць Бога і жыць паводле Яго законаў. Роля катэхета больш падобная да аратага, задача якога палягае на тым, каб узараць глебу дзіцячай душы. А далей усё залежыць ад бацькоў: ці будуць яны засяваць зерне, каб сабраць добры плён, або пакінуць усё на волю лёсу.
    “Каб выхаваць здаровае духоўна-маральнае дзіця, бацькам і катэхетам неабходна супрацоўнічаць, – звяртае ўвагу катэхетка. – Гэта рэгулярны кантакт з бацькамі. Калі я працавала ў парафіі св. Яна Хрысціцеля ў Воўпе, мела практыку кожны месяц збіраць бацькоў дзяцей, якія наведвалі катэхезу. Канешне, гэта дадатковы цяжар для катэхета, але ў тым ёсць свае плюсы. Лічу, што з бацькамі абавязкова трэба кантактаваць. Размаўляць не толькі наконт «паспяховасці» дзяцей, але і на тэмы, якія іх хвалююць. Пры неабходнасці – дапамагаць і накіроўваць іх. Бацькоў таксама трэба заахвочваць да нейкай сумеснай дзейнасці. Зноў жа, з маёй практыкі. У Воўпе быў тэатр, дзе прымалі ўдзел і бацькі. Што важна, ім самім было цікава, таму што гэтае пакаленне людзей не мела магчымасці прыходзіць на катэхезу. Калі б святары былі зацікаўлены ў гэтым, то маглі б арганізаваць катэхезу для бацькоў. Упэўнена, многія з іх наведвалі б такія заняткі”.
    Катэхет таксама павінен быць прыкладам веры, каб выхаванцы ўспрымалі жыццё з Богам не як тэорыю, але як шлях да сапраўднага шчасця і дасканаласці. Марына заўважае, што найгрубейшую памылку робяць тыя катэхеты, якія размяркоўваюць ролі такім чынам: “я – настаўнік, ты – вучань; я навучаю, ты падпарадкоўваешся”. Вядома, выхавацель не павінен спускацца да ўзроўню дзяцей: аўтарытэт катэхета патрэбна захоўваць. Але неабходна тая залатая сярэдзіна, якая дапаможа быць з дзецьмі на адной хвалі: разумець іх, размаўляць на адной мове, і галоўнае – разам крочыць да Бога.
   
    Прастадушнасць і адкрытасць дзяцей
    “На адным з бацькоўскіх сходаў я задала пытанне: «А хто ўчора маліўся з дзецьмі разам?». І толькі адна рука ўгору, – успамінае катэхетка. – Я падарыла жанчыне ружу, звярнуўшы ўвагу на тое, што такім чынам яна даглядае сваю «кветку», каб тая вырасла прыгожай. На наступны занятак хлопчык прыйшоў і распавёў сябрам, што яго мама атрымала падарунак, «таму што мы маліліся разам». Дзеці натхніліся гэтым выпадкам і падштурхнулі да супольнай малітвы сваіх бацькоў. Наступны раз, калі я задала тое ж пытанне, рук было нашмат больш”.
    Дзеці ўспрымаюць усё адкрыта, шчыра вераць. Калі яны чуюць нешта новае пра Бога, то захапляюцца і з гатоўна- сцю хочуць рэалізаваць гэта ў жыцці. Такія моманты вельмі каштоўныя і карысныя для самаго катэхета, які пачынае па-новаму глядзець на нейкія рэчы. Так часам дзеці становяцца прыкладам веры для дарослых.
    Цікава, што дзеці літаральна счытваюць штучнасць. “Напрыклад, добра падрыхтуешся да занятка, распішаш падрабязна план, а ў працэсе разумееш, што дзеці атрымалі інфармацыю, але не адчулі Божай прысутнасці, – распавядае Марына. – І тут трэба зарыентавацца катэхету, бо найважней, каб дзеці выходзілі не з «поўнай галовой», а з «перапоўненым сэрцам». Няхай веды будуць недасканалымі, але катэхеза павінна перажывацца”.
   
    Жыццёва неабходная катэхеза
    “Калі на пачатку катэхетычнага навучання прыходзіць шмат дзяцей, то да выпускнога класа карціна прыкметна змяняецца, – не без жалю заўважае катэхетка. – Моладзь часта спасылаецца на занятасць. Мае шмат дадатковых заняткаў, рэпетытарства, секцыі, гурткі. Дарэчы, сучаснае пакаленне дзяцей і моладзі баіцца страціць свой час на тое, што на іх думку не так патрэбнае ў жыцці. І тут адказнасць кладзецца на плечы бацькоў, каб яны патлумачылі дзецям неабходнасць і важнасць катэхетычных заняткаў”.
    Нягледзячы на тое, што катэхет адзін, а дзяцей шмат, важным з’яўляецца індывідуальны падыход да дзіцяці. Як заўважае Марына, гэта бадай што самае цяжкае – заўважыць кожнае дзіця. Зразумець, якое яно, каб далей крочыць разам у працэсе катэхізацыі. “Трэба даведацца, з якой яно сям’і, якія мае праблемы, мары. Часам здараецца прыходзіць на занятак і бачыць сумнае амаль да слёз дзіця. Тады ўжо цяжка праводзіць катэхезу, казаць пра радасць. Такія выпадкі ігнараваць нельга – трэба знайсці такія словы, каб адкрыць кожнае сэрца на дзеянне Бога. На гэтым і засноўваецца індывідуальны падыход у выхаванні дзяцей”.
    Марына распавядае, што на апошніх занятках катэхезы ў 11 класе просіць выпускнікоў напісаць, чым ім былі карысныя сустрэчы. А потым зачытвае гэтыя радкі дзецям, якія толькі прыйшлі пазнаваць Бога. Адбываецца ўзаемаабмен: старэйшыя аналізуюць свой вопыт, а малодшыя ўважліва слухаюць і задумваюцца аб тым, наколькі важна наведваць заняткі па катэхезе. Шмат вучняў пішуць і дзякуюць за ўрокі катэхезы. Прызнаюцца, што часам у памяці ўсплывае пачутае даўным-даўно, што дапамагае ў пэўных сітуацыях. Вядома, з гэтага нельга не цешыцца.
   
    Як распавесці дзецям пра Бога цікава?
    “У выхаванні неабходна выкарыстоўваць усе вядомыя і новыя метады працы з дзецьмі, але не забывацца, што на першым месцы Бог. Таму цяжка ўявіць сабе катэхезу без Святога Пісання, малітвы і, як вынік заняткаў, сустрэчы з Езусам у сакрамантах. Маючы такі духоўны стрыжань, можна афармляць яго разнастайнымі формамі катэхізацыі. Калі існуе магчымасць працаваць з мультымедыйнымі сродкамі, неабходна выкарыстоўваць іх па-максімуму: ладзіць прагляд кінафільмаў, рыхтаваць тэматычныя прэзентацыі. Гэта асабліва цікава старэйшым. Сярод форм для малодшых дзейсныя гульні, стварэнне калажоў, малюнкаў. Падлеткам цікавыя дыскусіі, яны з задавальненнем задаюць правакуючыя пытанні. Ім цікава прыслухацца да сваіх сяброў, нечым падзяліцца. А яшчэ дзяцей усіх узростаў вабіць тэатр. Развучваючы ролі, хлопчыкі і дзяўчынкі ставяць сябе на месцы герояў і задумваюцца, як бы паступілі, калі б аказаліся ў аналагічнай сітуацыі. Таксама дзеці вельмі любяць разнастайныя конкурсы, іх вабіць дух спаборніцтва, а развучванне песняў і танцаў стварае на катэхезе жывую і радасную атмасферу”.
   
Увага!
    Конкурс малюнкаў “Мая катэхеза”.
    Да ўдзелу запрашаюцца маленькія чытачы, якім прапануецца адлюстраваць у малюнку свой занятак па катэхезе. Гэта можа быць выява вясёлага катэхета ў к
ласе, сумеснай размовы з бацькамі, развучвання малітваў з бабуляй і інш. Ніякіх абмежаванняў у фантазіі і колерах! Пакажыце, як Вы даведваецеся пра Бога.
    Удзельнікі конкурсу будуць узнагароджаны прызамі.
   
    Чакаем Вашых лістоў на адрас рэдакцыі: 230025, г. Гродна, вул. К. Маркса, 4.
   
    Спяшайцеся!
    Вынікі конкурсу будуць аб’яўлены ў нумары газеты за 9 кастрычніка.