Дух Святы там, дзе радасць і супакой у сэрцы

Інтэрв'ю

З 9 па 13 верасня ў парафіях Ваўкавыскага і Бераставіцкага дэканатаў адбыліся рэкалекцыйныя сустрэчы, якія ўзначаліў вядомы рэкалекцыяніст з Польшчы, аўтар кнігі “Дазволь Езусу змяніць тваё жыццё” ксёндз Ян Рэчэк. У інтэрв’ю з карэспандэнтам газеты “Слова Жыцця” святар распавядае пра ўмовы сустрэчы са Святым Духам і ролю Касцёла ў жыцці чалавека.
– Ксёндз Ян, што рэкалекцыі павінны азначаць для чалавека? Што ён павінен перажыць падчас іх, атрымаць для сябе?
    – Кожныя рэкалекцыі – гэта наша трыванне перад Богам. Гэта такі час ласкі, калі Бог дзейнічае асаблівым чынам. Бо калі мы больш прысвячаем саміх сябе, калі інвестуем спецыяльную хвіліну, аддаём штосьці са свайго жыцця, Бог адказвае на гэта. Плёнам сапраўдных рэкалекцый, сапраўднага ўдзелу ў рэкалекцыях заўсёды з’яўляецца досвед ласкі ў сэрцах. Гэта наша ўмацаванне. Мы больш ачышчаны ад зла, напоўнены супакоем, здольныя да добрага жыцця, Божага жыцця.

    – А як часта чалавек павінен удзельнічаць у рэкалекцыях?
    – Жыццё Касцёла падказвае нам пэўную канкрэтную практыку, што рэкалекцыі пажаданыя ў хвіліны асаблівай мабілізацыі, такія як Адвэнт ці Вялікі пост. Але акрамя гэтага, у сілу нашых умоў жыцця, мы часам адчуваем, што прыйшоў час, калі варта стаць перад Езусам. Хтосьці перажывае пэўныя цяжкасці, сталее да адказнасці ці збіраецца прыняць важнае жыццёвае рашэнне, напрыклад, узяць шлюб. Многія людзі, якія глыбей уваходзяць у духоўнае жыццё, практыкуюць рэгулярныя, сістэматычныя рэкалекцыі – хаця б раз на год – як асаблівую падзею для свайго сэрца.
   
    – Якія бар’еры стаяць сёння паміж чалавекам і Богам?
    – Найбольшым бар’ерам з’яўляецца недавер ці непрыняцце Божага плану адносна нашага жыцця. Калі я засяроджаны толькі на сваіх жаданнях, сваіх думках, я не прыму ні ад каго, нават ад Бога, ніякай падказкі. Я буду клапаціцца толькі пра здзяйсненне ўласных жаданняў. Гэта найбольшая пагроза. Часам пагрозай, ужо меншай, з’яўляюцца абставіны, штосьці, што не дазваляе нам спакойна стаць перад Божым абліччам. Напрыклад, хтосьці ўвесь час жыве праблемамі, якія ў гэты час яго акружаюць: цяжкасці дома ці на працы... І людзі, шчыра кажучы, не гатовы прыняць Божае слова і засяродзіцца над тым, што важна для ўсяго жыцця.
   
    – Ці патрэбны спецыяльныя ўмовы, каб Святы Дух дакрануўся да асобы?
    – Трэба адысці ад штодзённай мітусні. Таму рэкалекцыі мы перажываем у пэўны час і, часцей за ўсё, у пэўным месцы. Мы выязджаем за межы месца нашага жыхарства, выходзім за рамкі нашых штодзённых жыццёвых рэалій. Мы хочам выйсці з таго віру, які ўцягвае кожнага, каб на хвіліну ўвайсці ў іншую прастору. І гэтая прастора – гэта таксама суцішэнне сэрца, пакіданне спраў, якія займаюць думкі і пачуцці кожны дзень, гэта ўваход у атмасферу малітвы, праслаўлення Бога.
   
    – Што сведчыць аб сыходжанні Святога Духа на чалавека?
    – Дух Святы з’яўляецца духам любові і парадку. Ён там, дзе радасць і супакой у сэрцы. Калі Святы Дух дакранаецца да чалавека, той становіцца мацнейшым, мае надзею на будучыню.
   
    – Ці можа асоба перажыць сустрэчу са Святым Духам індывідуальна?
    – Сёння ў свеце такі перапалох, што вельмі многія людзі шукаюць магчымасці асабістага засяроджання, трывання перад Богам і прыняцця ўмацавання. Я ведаю чалавека, які перад тым, як узяць шлюб, паехаў у манастыр на дзень маўчання. Гэта былі яго рэкалекцыі. Ён засяроджваўся, каб зразумець, ці шлюб з гэтай сустрэтай дзяўчынай – гэта Божы план на яго жыццё, ці толькі яго чалавечыя пачуцці.
   
    – Якая тады роля Касцёла?
    – Касцёл павінен карміць Божых дзяцей. Калі мы маем на ўвазе Касцёл у інстытуцыйным сэнсе, душпастараў, тады на нас ускладзена вельмі вялікая адказнасць, каб мы іншым давалі нагоду для набліжэння да Езуса. Ніхто нікога не возьме за руку насільна, але чалавеку трэба даць магчымасць – гэта нібы падрыхтаваць для кагосьці месца пры стале, каб ён сеў і наеўся. І гэта вялікі клопат душпастараў.
   
    – Ксёндз Ян, як часта Вы наведваеце Беларусь?
    – Калі мяне не падводзіць памяць, то на працягу некалькіх апошніх гадоў раз на год я пару дзён гашчу на беларускай зямлі.
   
    – Ці адрозніваюцца беларускія вернікі ад іншых хрысціян?
    – Кожнае месца мае сваю спецыфіку. Я атрымліваю вельмі шмат дабра сярод тутэйшых людзей, вельмі шмат ветлівасці. Наогул, беларуская зямля прыгожая, а людзі тут добрыя. Трэба толькі дапамагчы ім, каб гэтая дабрыня яшчэ больш праявілася ў іх і ўмацавалася. Безумоўна, не ўсюды людзі такія ветлівыя. Я быў у розных краінах, часцей за ўсё гэтая дабрыня вельмі ўтоеная. Праца сярод беларусаў вельмі ўдзячная. Адначасова здаецца, што вялікім заданнем Касцёла ў Беларусі з’яўляецца клопат аб паглыбленні духоўнага жыцця, вялікая фармацыйная праца. Часам людзі тут ахвотна становяцца на дарогу веры, але іх разуменне не вельмі глыбокае. Таму трэба прыкласці яшчэ больш намаганняў, каб гэтая фармацыя ўвайшла ў сэрца, каб яна перадавалася ў сем’ях, каб вера была больш сталай.
   
    – Што Вы можаце пажадаць чытачам газеты “Слова Жыцця”?
    – Жыццё ніколі не будзе лёгкім. Зямное жыццё заўсёды праходзіць сярод розных цяжкасцей. Але калі нас вядзе Пан, калі мы маем унутраны парадак, то ў сэрцы – радасць і супакой. Я жадаю ўсім – і тым, каго я калісьці сустракаў на супольных набажэнствах, і тым, каго не сустракаў – радасці і супакою ў Святым Духу.