АБП Тадэвуш Кандрусевіч: “Я жыву надзеяй, што Папа наведае Беларусь”

Інтэрв'ю


Кс. абп Тадэвуш КандрусевічКсёндз арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч на пленарным пасяджэнні 3 чэрвеня быў на трохгадовы тэрмін абраны старшынёй Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі. Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі замяніў на гэтай пасадзе ардынарыя Гродзенскай дыяцэзіі ксяндза біскупа Аляксандра Кашкевіча, які выконваў гэтую функцыю на працягу дзевяці апошніх гадоў.
Навошта патрэбна
канферэнцыя біскупаў?

    Інстытут канферэнцыі біскупаў быў устаноўлены бл. Паўлам VI згодна з рэкамендацыямі ІІ Ватыканскага Сабору. Св. Ігнацый з Антыёхіі казаў, што там, дзе ёсць біскуп, ёсць і Касцёл. На чале кожнай дыяцэзіі стаіць прызначаны Папам біскуп, які ёй кіруе. Вядома, што ў кожнай краіне звычайна існуе некалькі дыяцэзій і ёсць агульныя для ўсіх іх праблемы. Акрамя гэтага, у кожнай краіне павінна быць пэўная адзіная душпастарская праграма. Усё гэта ўказвае на неабходнасць адзінай для ўсёй краіны касцёльнай установы, якая б апрацоўвала агульныя душпастарскія праграмы, давала рэкамендацыі, устанаўлівала агульныя нормы дзейнасці Касцёла, вырашала б яго праблемы на ўзроўні краіны і г.д. Менавіта гэтаму служыць канферэнцыя біскупаў, з’яўляючыся калегіяльным органам кіравання Касцёлам і вядзення душпастарскай працы ў той самай краіне, хоць кожны біскуп ардынарый застаецца аўтаномным у выкананні сваіх біскупскіх абавязкаў.
– Ці могуць туды звяртацца свецкія людзі, і калі так, то з якімі просьбамі ці праблемамі?
    – Безумоўна, свецкія асобы могуць звяртацца да канферэнцыі біскупаў. Яны могуць уносіць як свае прапановы, так і скаргі. Трэба толькі адрозніваць агульнакасцёльныя справы ў канкрэтнай краіне ад спраў канкрэтнай дыяцэзіі.
   
    – З каго складаецца епіскапат Беларусі? Што гэта за структура? Ці працуюць там свецкія?
    – Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі складаецца з усіх біскупаў нашай краіны. На чале яе стаіць старшыня, які выбіраецца на тры гады. Да кіраўніцтва канферэнцыі біскупаў належаць таксама віцэ-старшыня і генеральны сакратар, якімі з’яўляюцца адпаведна Я.Э. кс. бп Алег Буткевіч, ардынарый Віцебскай дыяцэзіі, і Я.Э. кс. бп Юзаф Станеўскі, дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі. Старшыня і віцэ-старшыня выбіраюцца сярод біскупаў ардынарыяў. Безумоўна, свецкія таксама могуць працаваць у канферэнцыі біскупаў, асабліва ў сакратарыяце, што ўжо на працягу многіх гадоў практыкуецца ў Беларусі.
   
Абп Тадэвуш Кандрусевіч падчас сустрэчы з папам Францішкам    – Якія найважнейшыя заданні павінен выконваць епіскапат?
    – Перш за ўсё, гэта каардынацыя мясцовага Касцёла, апрацоўка агульных рэкамендацый і душпастарскіх праграм, адказ на найважнейшыя пытанні, з якімі сустракаецца Касцёл, развіццё адносін з краінай і грамадствам, з іншымі канфесіямі і г.д. Напрыклад, на бліжэйшым пасяджэнні трэба зацвердзіць тэму наступнага душпастарскага года. Вядома, што гэта будзе Год надзеі ў праграме падрыхтоўкі да юбілею 100-годдзя Фацімскіх аб’яўленняў. Але трэба браць пад увагу таксама тое, што Святы Айцец Францішак аб’явіў наступны год Годам міласэрнасці. Таму трэба будзе спалучыць дзве гэтыя тэмы. У наступным годзе таксама прыпадае сярэбраны юбілей узнікнення Мінска-Магілёўскай мітраполіі і Гродзенскай дыяцэзіі. Таму трэба вырашыць, калі і як святкаваць гэтыя юбілеі. Я таксама лічу, што прыйшоў час арганізаваць у Беларусі Кангрэс Божай міласэрнасці. Гэта толькі некаторыя думкі, якімі я дзялюся з чытачамі “Слова Жыцця”.
   
    – Дзе размяшчаецца наш епіскапат?
    – Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі мае свой сакратарыят, які размяшчаецца ў Мінску. І гэта зразумела, бо такія ўстановы ва ўсім свеце размяшчаюцца ў сталіцы краіны, што аблягчае кантакт з уладамі, грамадствам і іншымі веравызнаннямі.
   
    – Ксёндз Арцыбіскуп, як Вы лічыце, у якім напрамку павінен далей развівацца Касцёл у Беларусі?
    – Касцёл у Беларусі на працягу апошніх 25-ці гадоў зрабіў вельмі вялікі крок у сваім адраджэнні і развіцці. Але, як кажа прыказка, апетыт прыходзіць падчас харчавання, таму свет таксама развіваецца і нясе новыя выклікі, на якія трэба адказваць. Для адказнага выканання гэтай задачы згодна з патрабаваннямі свету ўжо не дастаткова толькі цэлебрацыі сакрамантаў, простай катэхізацыі, паняцця дабрачыннасці як толькі дару, атрыманага з Захаду, сустрэч моладзі, якія нярэдка ператвараюцца ў прыемную прыгоду і да т.п. Ужо на пачатку новага тысячагоддзя св. Ян Павел ІІ заклікаў выплысці на глыбіню. Давайце прыгадаем гісторыю з Евангелля, калі Апосталы лавілі рыбу ўсю ноч, але так нічога і не злавілі. Хрыстос загадаў ім выплысці на глыбіню, і ўлоў быў настолькі вялікі, што ажно сеткі рваліся. У гэтым апавяданні ёсць таксама вялікая жыццёвая праўда. Днём вада на паверхні цяплейшая, чым на глыбіні, таму рыба знаходзіцца там, дзе глыбей, і менавіта там трэба яе лавіць. Падобным чынам адбываецца таксама з Касцёлам. Пасля гадоў адраджэння трэба выплысці на глыбіню, а не заставацца на мелі, бо вернікі павінны быць гатовы супрацьстяць выклікам сучаснага свету. Трэба выйсці з закрыстый і ісці на перыферыю, несці Евангелле ўсім людзям, як вучыць папа Францішак. Хрыстос не сказаў “сядзіце і чакайце”, наадварот, Ён загадваў ісці і хрысціць. Неабходна новая евангелізацыя нашых вернікаў, каб у маральных справах яны не былі падобныя на страуса, які ў хвіліны небяспекі хавае галаву ў пясок, каб яны мужна супрацьстаялі маральным праблемам сучаснасці, былі веруючымі не толькі ў касцёле, але і ў штодзённым жыцці. Як колер скуры чалавека заўсёды застаецца такі самы і не ўдасца яго змяніць, так і наша вера павінна заўсёды заставацца сталай, а не быць хісткай.
   
    – Ці з’яўляецца епіскапат прадстаўніком Касцёла перад дзяржавай? Як сёння выглядаюць адносіны Касцёла з дзяржавай у Беларусі?
    – Так, канферэнцыя біскупаў прадстаўляе Касцёл у Беларусі перад дзяржавай. Адносіны Касцёла з дзяржавай я б назваў рабочымі: пры дапамозе дыялогу мы вырашаем узнікаючыя праблемы. Асаблівай увагі заслугоўвае супрацоўніцтва ў дабрачыннай сферы, калі некаторыя праекты рэалізуюцца супольна.
   
    – Адкажыце, калі ласка, як на працягу апошніх гадоў змяніўся Касцёл у Беларусі з Вашага пункту гледжання? Раскажыце пра дасягненні і пра тое, што яшчэ трэба зрабіць.
    – Касцёл стаў больш бачны ў нашым грамадстве. Ён пысутнічае на радыё, тэлебачанні, у дабрачыннай дзейнасці і г.д. Узнікае ўсё больш сакральных будынкаў як месцаў сустрэчы чалавека з Богам. Прадстаўнікі Касцёла ўсё часцей запрашаюцца на розныя дзяржаўныя і грамадскія ўрачыстасці. Развіваецца супрацоўніцтва са светам навукі і культуры. Так зусім нядаўна Інстытут філасофіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі выступіў з прапановай сумеснай арганізацыі навуковай канферэнцыі, прысвечанай св. Яну Паўлу ІІ. Сярод мноства задач, якія стаяць перад Касцёлам, я пералічу толькі некаторыя. Я ўжо казаў пра неабходнасць новай евангелізацыі і выплыццё на глыбіню. Асаблівай апекай трэба ахінуць моладзь, якая хоча быць сучаснай, і адначасова, бачачы пагрозы секулярызаванага свету, хоча захаваць сваю хрысціянскую тоеснасць. Інстынут сям’і таксама перажывае крызіс. А сям’я з’яўляецца асновай кожнага грамадства. Трэба яе ратаваць. Гэта супольная задача каталіцкага Касцёла, іншых веравызнанняў, у першую чаргу праваслаўя, і дзяржавы. Сацыяльная сітуацыя становіцца новым выклікам. Каб захаваць правілы сацыяльнай справядлівасці, трэба ўводзіць у жыццё правілы сацыяльнайга вучэння Касцёла. Памяншаецца колькасць пакліканняў да Божай службы, што становіцца новай сур’ёзнай задачай, якой нельга пагарджаць, бо ў нас будуць касцёлы, але не будзе каму ў іх працаваць.
   
    – Ксёндз Арцыбіскуп, Вы шмат падарожнічаеце па свеце. Ці ведаюць за мяжой пра каталіцкі Касцёл у Беларусі? Што пра яго гавораць, напрыклад, у Ватыкане ці ў іншых краінах?
    – Канешне ведаюць, але павінны ведаць лепш, бо наш Касцёл заслугоўвае гэтага. А гэта ўжо залежыць ад нас – біскупаў, святароў і свецкіх, як мы яго прадставім і ці імкнёмся мы да гэтага. Увогуле, у свеце пануе добрае меркаванне пра Касцёл у Беларусі, які перажыў часы пераследу, адрадзіўся і дынамічна развіваецца.
   
    – Некалькі разоў ад прадстаўнікоў дзяржаўнай улады можна было пачуць, што ў Беларусі не хапае мясцовых святароў. Якая Ваша пазіцыя адносна гэтай тэмы?
    – Гэта праўда. Мясцовых святароў усё яшчэ не хапае. Але трэба памятаць таксама пра тое, што за апошнія 25 гадоў іх колькасць павялічылася ў 6 разоў – з 60 да 360. Таму ёсць відавочны прагрэс. Калі б у якой-небудзь дзяржаве на працягу 70 гадоў не рыхтавалі ўрачоў, іх недахоп адчуваўся б вельмі доўга і трэба было б прасіць аб дапамозе замежных спецыялістаў. Падобным чынам складваецца сітуацыя з ксяндзамі.
   
    – У гэтым годзе пройдзе Сінод Біскупаў на тэму сям’і, і Вы будзеце на ім прадстаўніком Беларусі. Чаго Вы чакаеце ад Сінода і чым будзеце дзяліцца з Айцамі Сінода?
    – Тое, што папа Францішак другі год запар склікае Сінод, прысвечаны сям’і, гаворыць само за сябе. Сям’я перажывае крызіс, і задача Касцёла – дапамагчы ёй яго пераадолець. На Сінодзе я прадстаўлю сітуацыю сям’і ў Беларусі і намаганні як каталіцкага Касцёла, так і іншых канфесій, асабліва праваслаўнай Царквы, а таксама дзяржавы ў вырашэнні праблем, з якімі яна сустракаецца. У сувязі з тым, што ў наш час узнікла шмат нязгодных са здаровай навукай Касцёла трэндаў на тэму таго самага інстытута сям’і, я буду абараняць традыцыйную сям’ю як устаноўлены Богам адзіны непарыўны саюз мужчыны і жанчыны з мэтай супольнага жыцця, нараджэння дзяцей і іх выхавання.
   
    – Ці запрашае епіскапат Папу? Ці будзе ў гэтым кірунку праводзіцца далейшая праца?
    – Каталіцкі Касцёл ужо не аднойчы запрашаў Папу наведаць Беларусь, і гэтыя запрашэнні ўсё яшчэ актуальныя. Але для іх рэалізацыі неабходна таксама запрашэнне дзяржавы і хаця б дазвол з боку найбольшай рэлігійнай супольнасці, якой з’яўляецца праваслаўная Царква. Мы жывём надзеяй, што гэта адбудзецца, бо візіт Папы меў бы вельмі вялікае значэнне як для католікаў, якія маюць права і хочуць сустрэцца са сваім духоўным правадніком, так і для ўсёй краіны. Я жыву на-дзеяй, што Папа наведае Беларусь, і прашу маліцца аб гэтым.
   
    Ксяндзу Арцыбіскупу жадаем мноства Божых ласкаў на пасадзе старшыні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.