“Усе стэрэатыпы базуюцца на недахопе ведаў”. Размова з настаўніцай МРП

Актуальна - Інтэрв'ю

Што трэба ведаць маладым людзям пра свой арганізм?
Стагоддзямі сексуальнае выхаванне было, у першую чаргу, прэрагатывай сям’і. Сёння грамадства набірае ўсё больш вагі ў гэтым працэсе. Два гады таму папа Францішак заявіў, што сексуальнае выхаванне трэба даваць ў школах, але “аб’ектыўна, без ідэалагічных каланізацый”. З Аленай Шымак, шматгадовай выкладчыцай англійскага метаду распазнавання плоднасці, размаўляем пра стан ведаў католікаў у сферы сексуальнасці, стэрэатыпы, пошук хрысціянскага погляду і прабелы Касцёла на гэтым полі, а таксама пра актуальнасць сексуальнага выхавання ў Беларусі і моманты, на якія варта звяртаць увагу моладзі, бацькам і душпастырам.
– Папа Францішак неяк сказаў, што “ў ідэале сексуальнае выхаванне павінна пачынацца дома, яго павінны даваць бацькі”. Як у нас з гэтым у Беларусі?
    – Давайце я адразу расстаўлю кропкі над “і” ды акрэслю сваю пазіцыю. У коле абаронцаў жыцця ёсць пэўны слоўнік. У нас даўно прынята, што слова “секс” мы не выка рыстоўваем, а замяняем яго паняццем “сужэнская блізкасць”. Гэта звязана з тым, што сексам акрэсліваецца штосьці, што дазволена не толькі мужу і жонцы, але і людзям без шлюбу, мужчыну з мужчынам, жанчыне з жанчынай і г. д. Гэта паняцце, якое ўжо асацыіруецца з нейкай усёдазволенасцю. Таму наш тэрмін завужае да пушчальнасць гэтага дзеяння канкрэтна да мужа і жонкі.
   
    – І як з выхаваннем ды адукацыяй дзяцей у сферы сексуальнасці ў беларускіх сем’ях?
    – У слухачоў маіх курсаў веды пра свой арганізм, фізіялогію мужчыны і жанчыны, дзетародную функцыю, гарманальную рэгуляцыю вельмі слабыя. Скажу так: сексуальнай адукаванасці ў плане “што б дрэннага нам зрабіць” вельмі шмат. Гэтым мільгае інтэрнэт, стрымы гінеколагаў. Аднак пра нявіннасць, пра розніцу паміж мужчынам і жанчынай, пра шкоду розных відаў кантрацэпцыі нашай моладзі ёсць мала што сказаць сваім аднакурснікам, якія пытаюцца: “А што тут такога? Гінеколаг жа раіць, значыць можна”. А хлопцам яшчэ кажуць, што і трэба.
    Я лічу, што пачынаць неабходна з дзяцінства і з найпрасцейшага – што такое жаноцкасць і мужчынскасць.
    Не ў плане адносін да іншага полу, а ў плане адносін да самога сябе. У сілах бацькоў данесці, як гэта і што гэта. Хлопчык – будучы абаронца, галава сям’і, ён моцны не для таго, каб тыраніць, а каб бараніць. Дзяўчынка – будучае сэрца сям’і і мацярынства, якое сёння, на жаль, ужо нямоднае.
    Пазней моладзь сустракаецца з наплывам інфармацыі, і Касцёлу крайне неабходна праводзіць нейкія сустрэчы таксама. Трэба не перадазіраваць, але і не ігнараваць гэтую тэму.
   
    – Я правільна разумею, што моладзь выдатна арыентуецца ў метадах, якімі мігціць інтэрнэт, а ў метадах Касцёла – нашмат горш?
    – Таму што метады Касцёла агучваюцца як штосьці кшталту “кантрацэпцыя забаронена”, і на гэтым усё. Без тлумачэнняў, што можна вывучыць свой арганізм і жыць у згодзе з рытмам плоднасці. Як вынік – захаваць фізічнае і духоўнае здароўе.
   
    – Ці ёсць у Вас нейкі топ стэрэатыпаў пра сексуальнасць?
    – Галоўны стэрэатып – гэта працягласць жаночай плоднасці. Плоднасць жанчыны вельмі абмежаваная, многія ж лічаць, што жаночая яйцаклетка можа жыць тыдзень. Ці што мужчынскія сперматазоіды могуць жыць у целе жанчыны ну проста пастаянна. Гэта смешна і сумна.
    Амаль кожная жанчына, якая прыходзіць да мяне на курс, лічыць любы крывацёк менструацыяй і часам няплоднасці, адпаведна час да і пасля яго – перыядам няплоднасці. Па гэтай прычыне ў жанчын вельмі часта ўзнікае нечаканая цяжарнасць.
    Яшчэ адзін з жаночых стэрэатыпаў – “я заўсёды адчуваю сваю авуляцыю”. Так, гэта можна адчуць па нейкіх дадатковых прыкметах, аднак наш арганізм можа па-рознаму ў розны час сябе адчуваць і пасылаць падобныя сігналы. Насамрэч жа мы іх можам няправільна інтэрпрэтаваць. Без назіранняў і ўмення можна патрапіць пальцам у неба: адны будуць перажываць, чаму не наступае зачацце, іншыя – як магла з’явіцца цяжарнасць?
    Алена Шымак –  шчаслівая жонка і мама шасці дзяцей. Настаўніца курса  па метадзе распа- знавання плоднасці англійскай мадыфікацыі. Жыве ў Мінску.
    – А ёсць такі ж топ стэрэатыпаў пра навучанне Касцёла адносна сужэнскай блізкасці?
    – Да мяне часта прыходзяць сужэнцы з пытаннем: “А што можна? Што ў Касцёле ўвогуле можна ў гэтай сферы?”. Я ў поўным тупіку. Людзі часта думаюць, што ёсць толькі забароны: мы зараз прыйдзем і будзе адно суцэльнае “нельга” ды ўстрыманне, і мы станем глыбока нешчаслівымі людзьмі. Гэта асноўны стэрэатып – забароны.
    Некаторыя прыходзяць і проста кажуць: “Я гэтаму не веру. Я прыйшла, бо ў мяне няма іншага выбару. Але я не веру”.
    І пазней, калі чалавек дзеліцца, што можа цяпер ісці да Камуніі, споведзі, што ёсць шчаслівая сужэнская блізкасць, што перасталі адзін аднаго баяцца, то гэта, канешне, вельмі радасна.
   
    – Ці я правільна разумею, што ўсе стэрэатыпы ў гэтым плане бяруцца менавіта з недастатковай адукаванасці?
    – 100%. Адкуль ім яшчэ ўзяцца? Усе стэрэатыпы базуюцца на недахопе ведаў. Іх проста няма. Штосьці мы вывучаем на біялогіі ў школе, але гэта вельмі абмежаваныя веды. Да гэтага дзяўчыны цалкам не прызвычаеныя да назірання за сабой.
   
    – І гэта ў XXI стагоддзі.
    – Так.
   
    – Ці ёсць у Вас ідэі, што варта рабіць сёння на гэтым полі для дасягнення якасных змен?
    – Першай справай я б прасіла, патрабавала, шукала фінансаванне, каб нам зрабіць сваю беларускую асацыяцыю настаўнікаў метадаў распазнавання плоднасці. Каб мы маглі арганізаваць якаснае навучанне кансультантаў. Таксама мяркую, што адна з галоўных прычын, чаму не расце колькасць людзей, гатовых служыць выкладаннем МРП ці працай з моладдзю, – матэрфыяльны бок пытання. У нас гэта толькі валанцёрства, заснаванае на энтузіязме. Далёка не кожны ў стане нават фізічна, маючы сям’ю і працу, прысвячаць час яшчэ нейкаму служэнню. Калі б у гэтай сферы можна было быць працаўладкаваным, атрымліваць заробак, то, думаю, нашмат больш людзей гатовыя б былі гэтым займацца. У гэтым плане ў нас вялікая прабоіна.
    Таму нам хутчэй не хапае не ведаў, а настаўнікаў, якія б імі дзяліліся. Гэта вельмі сур’ёзны прабел. Аднойчы я бачыла артыкул з загалоўкам “Калі б я быў біскупам”. Дык вось, калі б я была біскупам, то шмат уклала б у тое, каб у кожнай парафіі быў добра падрыхтаваны кансультант ці настаўнік па МРП.
   
    – У школах ёсць факультатыў “Асновы сямейнага жыцця”. Можа, Касцёлу таксама варта ўвесці сексуальнае выхаванне ў праграму працы з моладдзю? Усё-такі ёсць розныя курсы і сустрэчы, але пра сужэнскую блізкасць ці сексуальнасць іх мала.
    – Ведаю, што ў Смаргоні ёсць Вераніка і Эдуард Рогачы, і ў іх ёсць сустрэчы для старэйшай моладзі. Там яны кажуць пра розніцы мужчын і жанчын, пра адносіны, рознасць успрыняцця, пра тое, наколькі па-рознаму мы рэагуем на знешнія ўзбуджальнікі.
    У іх на курсе ёсць заданне, калі хлопцы і дзяўчаты малююць вобраз ідэальнай дзяўчыны. Для дзяўчат часта з’яўляецца адкрыццём, што хлопцы хацелі б бачыць іх у сукенках. Часта для хлопцаў сукенка ці спадніца асацыіруюцца з жаноцкасцю. Таму, напрыклад, пераняцце такога курса іншымі супольнасцямі мела б сэнс.
   
    – Пра што яшчэ важна распавесці хлопцам і дзяўчатам? Пералічыце, калі ласка, некалькі важных тэм?
    – Мы неяк разбіралі, што нам трансліруюць сучасныя мастацкія фільмы. Бралі некалькі стужак і назіралі за падачай развіцця адносін. Гэта было цікава.
    Яшчэ моладзі падабалася абмяркоўваць жаноцкасць і мужчынскасць у плане манер. Сёння манеры адышлі на другі план. Мужчына, напрыклад, не павінен паднесці, падаць, прапусціць наперад. Таму абмеркаванне элементарнай галантнасці было карысным для хлопцаў. Для дзяўчат жа актуальная тэма прыняцця гэтай галантнасці, бо сёння “трэба” быць моцнай, самадастатковай, не праяўляць слабасць.
    Ну і тэма захавання дашлюбнай чысціні не губляе актуальнасці.
   
    – А што з курсамі падрыхтоўкі да шлюбу? Ці дастаткова сёння ў іх аднаго занятку па распазнаванні плоднасці?
    – З таго, што я чую ад людзей на сваіх курсах, то не. Наша дзетародная функцыя – гэта складаны фізіялагічны працэс. Аднаго занятку вельмі мала.
    З іншага боку, у людзей, якія яшчэ ходзяць на перадшлюбныя курсы, няма матывацыі. У іх не стаіць задача пачаць ці адкласці зачацце. Пакуль што яны думаюць: “Няхай будзе, як ёсць”. Пазней ужо, калі дзіця доўга не з’яўляецца ці ідзе адно за другім, яны пачынаюць шукаць, з’яўляецца матывацыя разабрацца.
   
    – Цікава. А як Вам ідэя ўключэння калі не цэлага, то хаця б часткі курсу МРП у перадшлюбную падрыхтоўку?
    – Я думаю, што можна больш ведаў даваць людзям. Нават з улікам таго, што яны не матываваныя прайсці ўвесь курс, аднак, каб нейкая база заставалася. Я ж бачу, што, напрыклад, у Паставах гэта працуе. Кансультанту ці настаўніку спакойней, што людзі пайшлі ў сужэнскае жыццё з пэўнай базай. У любым выпадку, я абсалютна “за”, каб праходзіць курс МРП перад шлюбам цалкам.
   
    – А ёсць у Вас мара адносна развіцця МРП, тэмы сужэнскай блізкасці, сексуальнасці? Што б Вы хацелі ажыццявіць ці ўбачыць у сваім жыцці?
    – Мы з мужам з’яўляемся членамі руху Equipes Notre-Dame (END) – руху сужэнскай духоўнасці. Туды ўваходзяць актыўныя людзі, гатовыя служыць. Адзін са складнікаў гэтага служэння – суправаджэнне маладых людзей падчас перадшлюбнай падрыхтоўкі.
    Па ўсім свеце гэта працуе, у нас яшчэ слаба развіта. Пакуль што ўдзельнікі гатовы браць у руху, але не асабліва даваць штосьці ад сябе.
    Мая мара – убачыць развіццё суправаджэння маладых пар перад шлюбам парамі з сужэнскім і сямейным вопытам, якія гатовы сведчыць, як весці дыялог, як разам маліцца, адказна прымаць і выхоўваць дзяцей.
    І, канешне, рост колькасці кансультантаў МРП. Каб пары мелі да каго звярнуцца ў розны перыяд свайго жыцця. Жаночая плоднасць заўсёды іншая – да нараджэння і пасля нараджэння дзіцяці, у перыяд згасання дзетароднай функцыі. Каб у кожны перыяд атрымаць кампетэнтны адказ, не згубіць сужэнскую блізкасць, не паддацца граху кантрацэпцыі і каб усё гэта было блізка да дому, да сваёй парафіі.
    Мару ўсё гэта ўбачыць, але ўжо як Бог дасць.