Бог уваходзіць у свет

Рэкалекцыі са «СЛОВАМ»

Хочам мы таго або не, спачатку глядзім на знешні бок рэчаіснасці, што стварае першыя ўражанні і меркаванні пра свет, іншых, сваё жыццё. Знешняе павінна ісці знутры.
    Не маскіраваць, але прыадкрываць праўду пра чалавека. Часам здараецца, што знешняя прыгажосць сапраўды адлюстроўвае ўнутраную. Але часцей усё ж адчуваем, што за дыхтоўнай яркай абалонкай крыецца нешта “не тое”. Канешне, можна лічыць, што з твайго “фасада” яшчэ не асыпаецца тынкоўка. Але калі зазірнуць унутр? Пагадзіся, бывае боязна, што скрозь трэшчынкі на цябе гляне... пустка.
    Перад святамі нашы дамы і дапраўды чысцеюць. Часта ад людзей можна пачуць: “А хто б маёй душой заняўся, пакуль я на працы ці, яшчэ лепей, сплю?”. Не будзе так, бо гэта асабістая справа чалавека. Там, у тваёй схаванай глыбіні, тая кволасць, што баіцца застацца адна, без Бога. Там тое вялікае прагненне стаць чалавекам, якое не можа заставацца замкнёным і прыглушаным.
    Дзверы нашых камор адчыняюцца цяжка. Таму Адвэнт пачынае кожны літургічны год і доўжыцца не адзін дзень, каб зноўку паўтарыць у пакорнай малітве: “Прыйдзі, о, Пане!”. І Ён прыходзіць.
    Як да бедных, слабых, пакрыўджаных – з суцяшэннем і любоўю.
Падчас Божага Нараджэння мы павінны дасведчыць, як Хрыстос уваходзіць у нашыя сэрцы. Павінны? Можам, бо маем магчымасць. Калі толькі Каляды не зваляцца на галаву знянацку: “Як, ужо заўтра?”, калі дазволім сабе на парозе Адвэнту “расклеіцца”, размыць слязьмі прыгожую абалонку, і запросім Бога ў гэты свой лямант, надломленасць, самоту, безабароннасць. Усё тое балючае ў нас, што так часта ў сваіх мэтах выкарыстоўвае д’ябал, насамрэч патрабуе Божай ласкі. Яна павінна ацаліць і пазбавіць ад уплываў злога духа. Але ці звяртаем мы на Бога свой позірк? Ці просім Яго аб ласцы?
    Набярэмся ж адвагі быць вернымі ў чаканні. Памалу, невялікімі крокамі адкрыемся на нованароджанага Хрыста. Збаўленне ўжо блізка.
    У цемры ночы загараюцца першыя зоркі...