СВЯТАРСТВА

Катэхеза са «СЛОВАМ»

Святар – найміт Хрыста
    Кожны святар – гэта звычайны грэшны чалавек, але ён быў пасланы, каб складваць дары і ахвяры за грахі. Так ён становіцца падобным да Хрыста Святара. Найвышэйшым і Адзіным Святаром з’яўляецца Езус Хрыстус. Святар быў наняты Богам, каб працаваць у Яго аўчарні. Гэтыя найміты дзеляцца на добрых, сумленных, тых, якія спрабуюць – наколькі могуць – рэалізаваць ідэал добрага пастыра, а таксама несумленных, пра якіх Хрыстос выразна гаворыць у Евангеллі. Бог надзяляе сваіх наймітаў уладай, але не забірае ў іх вольнай волі. Аб вартасці гэтага найміта сведчыць яго любоў да Найвышэйшага Пастыра. Калі гэтая любоў слабая, у час выпрабаванняў і складаных момантаў найміт падводзіць, пакідае авечак, а сам уцякае, не любячы Хрыста, не любячы Яго авечак. Найвышэйшым Святаром з’яўляецца Езус Хрыстус, а ксяндзы – Яго найміты. Я падкрэсліваю гэта, таму што многія людзі расчароўваюцца ў постаці найміта, забываючыся аб тым, што Добрым Пастырам з’яўляецца Хрыстос. Ён заўсёды прысутнічае ў сваёй аўчарні, прысутнічае ў Эўхарыстыі. Ён ёсць у сакрамантах, у Слове, у супольнасці, у святары. Нас ад Хрыста не можа аддзяліць неадпаведная пастава Яго найміта.

   Моц святарскай паслугі
    Хрыстос надзяляе людзей, якіх кліча да свайго святарства, перш за ўсё моцай ачышчэння ад грахоў. У святарскія рукі ўкладзена найбольшая моц з тых, якія існуюць на зямлі. У гэтых руках Хрыстос таксама пакідае самога Сябе ў постаці хлеба і віна. Святар раздае Эўхарыстыю, у яго руках Эўхарыстыя нараджаецца, таму зразумела, што ў гэтых руках павінна быць таксама ўлада адпушчэння він.Асвячальная моц рук святара – гэта вялікі цуд, які існуе на зямлі. Усё, што святар бярэ ў свае рукі, усё, чаго ён дакранаецца, ён можа асвяціць. Гэта Божая моц. Лепш за ўсё мы можам гэта ўбачыць падчас святой Імшы, калі ў руках святара хлеб і віно перамяняюцца ў Найсвяцейшае Цела і Найсвяцейшую Кроў Збаўцы. Святар таксама можа асвяціць многія іншыя рэчы, ваду, стравы, зёлкі, дамы, аўтамабілі... І чалавека. Аднак, трэба памятаць, што асвячэнне залежыць ад таго, хто прымае гэтую ласку. Святар асвячае і бласлаўляе. Самай галоўнай функцыяй святара з’яўляецца перамяненне хлеба і віна, а таксама перадача самога Бога ў сэрца іншага чалавека. Гэта сутнасць святарскага паклікання.
    Святар атрымлівае Божую моц падчас таго, як біскуп ускладвае на яго рукі. Праз сакрамант святарскіх пасвячэнняў сэрца чалавека, які яго прымае, пазначаецца вечнай святарскай адзнакай. Разам з пячаткамі, якія ў нас пакідаюць хрост і сакрамант канфірмацыі, святарства – трэці знак, які будзе трываць вечна.
    Акрамя гэтага, у святарскія рукі Бог уклаў адказнасць за Божы закон і за сумленне. Чым прыгажэйшае і больш дасканалае сумленне, тым большая вартасць чалавека. Сутнасць у тым, што эгаізм увесь час хоча падпарадкаваць сабе сумленне. Таму Бог абвясціў закон. Ён хацеў, каб чалавек мог звярнуцца да закону і праверыць, наколькі добра функцыянуе яго сумленне. Бог даў нам закон – спіс норм, прыкладаў. Ён сказаў: калі вы хочаце будаваць супольнасць на ўзроўні, калі вы самі хочаце быць шчаслівымі, будзьце верныя гэтым мерам. Так, як чалавек можа фальсіфікаваць вагу тавараў, ён можа фальсіфікаваць і запаведзі. А святар асаблівым чынам адказны за тое, каб людзі ведалі Божы закон. Ён з’яўляецца ахоўнікам гэтага закону.
    Уся тактыка зла ў апошнія гады накіравана на тое, каб сказаць: усе парушаюць закон, таму давайце яго зменім. Ва ўсіх дыскусіях адносна Божага закону людзі ўвесь час патрабуюць прыстасаваць яго да сваіх жаданняў, змяніць меры, бо яны і так парушаюцца. Бог не чакае ад чалавека, што на працягу ўсяго свайго жыцця ён будзе ідэальна выконваць закон. Ён ведае, што мы грэшныя і слабыя. Ён спадзяецца, што мы ўсвядомім, што дрэнна будуем, бо не бяром у разлік нормы. Святар адказны за перадачу Божага закону. Гэта не Касцёл, а Бог устанавіў свой закон, а святар мае ўладу рэгуляваць людскія сумленні, калі хтосьці прыходзіць да яго нібы з сапсаванымі вагамі і просіць дапамагчы іх парамантаваць.
   
    Кожны святар з’яўляецца чалавекам
    Кожны святар мае сумленне – свае вагі. Можа здарыцца, што і яго сумленню будзе неабходны рамонт. Так, як урач дапамагае пацыентам, а сам хварэе, святар можа парамантаваць тысячы вагаў, а яго асабістыя будуць сапсаванымі. Ён можа рабіць гэта добра, таму што рамантуе не паводле асабістага сумлення, а паводле Божых наказаў.
    Давайце паглядзім на святара як на чалавека, які, падобна ўсім, стараецца захаваць Божы закон. Яму не заўсёды гэта ўдаецца. Тады ён сам ідзе са сваім сумленнем, як з вагамі, да іншага святара і просіць выправіць яго.
    Калі мы ўбачым прарочую харызму святарства, тады нас не здзівіць факт, што святар, нават калі ён перажывае цяжкасці, гаворачы аб Дэкалогу, будзе казаць: “не грашы”. Будзе казаць, бо ён абвяшчае Божы закон. Святар стаіць пры гэтай Божай меры і гаворыць: “я няшчасны, бо не выконваю Божых запаведзяў, але вы выконвайце іх, каб не стаць такімі ж няшчаснымі, як я”. Ён падводзіць людзей не да сябе, а да Божага закону.
    Калі хтосьці робіць замах на Божы закон, ён хоча ўдарыць, перш-наперш, у таго, хто з’яўляецца ахоўнікам гэтага закону. Лягчэй за ўсё ён можа зрабіць гэта, калі дакажа, што ахоўнік закону сам парушае яго, тады навучанне губляе сваю пераканаўчую сілу. Таму Езус, маючы на ўвазе настаўнікаў і ахоўнікаў Божага закону, выразна сказаў: “Выконвайце ўсё, што вам скажуць, а ўчынкаў іх не пераймайце”. Здабыццё святасці для святароў такое ж цяжкае, як і для свецкіх асоб.
   
    Актуальнасць паслугі святара
    Хацелася б закрануць некалькі актуальных спраў. Па-першае, святарскае пакліканне спалучана з найбольшай адказнасцю, якая існуе на зямлі. Гэта адказнасць за вечны лёс чалавека. Няма ніводнай настолькі вялікай адказнасці, як святарская. Святар перажывае балючы разлад, які плыве з двух крыніц: са ўсведамлення святасці і дасканаласці Бога, якога ён павінен абвяшчаць, і з уласнай слабасці, нясталасці і грэшнасці. Пасудзіна гліняная, але ў яе Бог змясціў незвычайныя скарбы. У сувязі з тым, што людзі спачатку бачаць пасудзіну, а толькі потым адкрываюць яе змест, святар перажывае разлад паміж сваёй слабасцю і святасцю, якой ён служыць. Крыніца разладу крыецца таксама ў супастаўленні Божага аб’яўлення з праўдай аб чалавеку. Святар як чалавек добра разумее ўсе чалавечыя адносіны. У многіх сітуацыях ён падобны да ўрача, які ведае, што дадзенага чалавека можна вылячыць толькі дзякуючы сур’ёзнай, складанай аперацыі, але не можа пераканаць яго пайсці на гэтую аперацыю. Такая бездапаможнасць святара перад людскімі хваробамі балюча мучае.
    Чарговая актуальная з’ява – цэлібат у святарстве. У рымска-каталіцкім Касцёле святары закліканы адмовіцца ад сужэнскага жыцця, прымаючы жыццё ў цэлібаце. Касцёл у гэтым выпадку кіруецца клопатам пра тое, каб гэтая чалавечая пасудзіна, у якой Бог змясціў вялікія дары, была як мага больш дасканалай. Гаворка аб тым, каб святар у сваім жыцці абвяшчаў перавагу духа над целам. Гэта рэлігійная прычына. Другая прычына гарамадская. Святар, які мае жонку і дзяцей, звязаны сямейнай сувяззю, ён не можа прысвяціць сябе выключна служэнню дзеля збаўлення іншых. Ён разрываецца паміж абавязкамі мужа і бацькі, а таксама святарскімі абавязкамі. Дзве гэтыя прычыны паўплывалі на тое, што рымска-каталіцкі Касцёл увёў закон спалучэння цэлібату са святарствам. Трэба дадаць, што для сталага чалавека цэлібат не з’яўляецца складанасцю, бо сталасць праяўляецца ў гармоніі цела з духам. Многія свядома і дабравольна выбіраюць жыццё без сужэнства для мэт выключна часовых, асаблівым чынам грамадскіх. Праблемы з’яўляюцца тады, калі на цэлібат рашаецца нясталы чалавек.
    Дэмаралізацыя, якая ідзе ад святара, самая цяжкая на зямлі. Побач з ёй можна змясціць дэмаралізацыю дзяцей бацькамі. Але дэмаралізацыя ўпісана ў гісторыю святарства і Бог згадзіўся на гэта. Так Пётр тройчы адракаецца ад Хрыста, а Іуда здраджвае Яго. Дрэнны прыклад, пададзены святаром, з’яўляецца выпрабаваннем веры для свецкіх асоб.
    Трэба задумацца, ці прыходжу я да Хрыста, які знаходзіцца ў святарскіх руках, ці толькі да рук. Калі гэтыя рукі дэмаралізуюць, трэба ўбачыць скарб, які знаходзіцца ў іх. Але наш хрысціянскі абавязак – зрабіць святару заўвагу. У многіх выпадках такая заўвага з’яўляецца бласлаўленнем.
    Ёсць яшчэ адна праблема, на якую хацелася б звярнуць увагу. Гэта ўзрастаючая хваля антыклерыкалізму. Ахвярай становіцца духоўны стан, які няслушна атаясамліваюць з Касцёлам. Духавенства не цікавіцца антыклерыкалізмам, бо яно і так павінна выконваць тое, што яму належыць, нягледзячы на настрой, які пануе ў грамадстве. Антыклерыкалізм з’яўляецца пагрозай для свецкіх людзей, бо парушае давер да святара. Такая яго мэта.
    Справа пакліканняў таксама перажывае пэўны крызіс. Усё менш тых, хто хоча бескарысліва адказаць на цудоўную любоў Бога, хто з пакорай хоча адказаць на голас Бога, які яго кліча: “Вось я – Ты клікаў мяне!” або “Вось я, пашлі мяне”. Сучаснаму чалавеку, і нават больш – сучаснаму Касцёлу як ніколі раней, хіба, патрэбны святары, якія будуць выконваць місію Хрыста да канца свету. Усе мы – цэлы Касцёл – павінны аб гэтым нястомна маліцца. Гэта нашае заданне і выраз нашага клопату пра сакрамант пасвячэнняў, клопату пра Касцёл і свет.
    На заканчэнне хацелася б паставіць пытанне: ці існуе ў нашым жыцці раўнавага паміж малітвай за святароў і іх крытыкай? Калі гэтая раўнавага існуе, то крытыка слушная. Гаворка не аб тым, каб не крытыкаваць святара, калі ў яго жыцці ёсць нешта вартае крытыкі, але аб тым, ці адпавядае гэтая крытыка духу Евангелля.