Дарога ў Рым

Ватыкан

Фотарэпартаж
Малітва за семінарыю 3-12 верасня 2010 г. выкладчыкі і клерыкі ВДС з Гродна паломнічалі ў Рым, каб разам падзякаваць Богу за 20 год існавання семінарыі, а таксама каб выпрасіць новыя і шматлікія прызванні да службы Богу і людзям. Падчас побыту ў Рыме Яго Эксцэленцыя біскуп Аляксандр Кашкевіч суправаджаў семінарыйную супольнасць.
    На працягу 9 дзён пілігрымы наведалі базыліку св. Марка ў Венецыі, магілу св. Антонія ў Падве, санктуарый св. Францішка і св. Клары ў Асыжы, чатыры галоўныя базылікі ў Рыме, базыліку Ружанцовай Божай Маці ў Пампеі, магілу св. а. Піо, а таксама іншыя мясціны. Як зазначыў ксёндз-рэктар Юзаф Станеўскі: “Гэта было паломніцтва да вытокаў і да сведкаў веры”. Супольнасць нашай семінарыі вярнулася з Рыма нязвыкла ўзбагачаная Божымі ласкамі, а таксама з благаславеннем Святога Айца Бэнэдыкта XVI на чарговыя гады святарскага выхавання.

8 верасня падчас генеральнай аўдыенцыі ў зале Паўла VI Бэнэдыкт XVI звярнуўся да пілігрымаў з Гродна з такімі словамі: “Вітаю выкладчыкаў і алюмнаў Вышэйшай духоўнай семінарыі з Гродна, якія ў Рыме адзначаюць 20-ую гадавіну паўстання семінарыі. Няхай Божая Маці, нараджэнне якой сёння мы ўспамінаем, апякуецца семінарыяй у Гродне, а таксама ўсімі прысутнымі тут. Ад усяго сэрца я благаслаўляю Вас”.

    На заканчэнне паломніцтва – у Чанстахове – нашая семінарыя атрымала з рук а. Ізыдора Матушэўскага, генерала айцоў-паўлінаў, сапраўдную копію абраза Чанстахоўскай Божай Маці.

    Падчас пілігрымкі клерыкі III года навучання ў семінарыі атрымалі сутаны ў падзямеллях базылікі св. Пятра, ля магілы апостала і Божага слугі Яна Паўла II. Яго Эксцэленцыя ксёндз-біскуп Аляксандр Кашкевіч быў галоўным цэлебрантам урачыстай св. Імшы. Ён даверыў маладых алюмнаў апецы Божага слугі Яна Паўла II.