Cетка Граху. Лянота

Сетка граху

Вольга Пінкевіч, аўтар рубрыкі Мяне заўсёды здзіўляла, чаму галоўных грахоў толькі сем. Здаецца, што зусім няшмат. Але калі ўспомніць, што ні адзін з іх не “працуе” паасобку, то ўсё становіцца на свае месцы.
Галоўныя грахі – гэта зла­чынцы, якія прыцягваюць да “супрацоўніцтва” найбольшую колькасць іншых грахоў. Зараз мы зможам у гэтым упэўніцца.
    Часта я заўважала здзіўленне лю­дзей з таго, што лянота ўвогуле лічыцца грахом. Гультай нібы нічога дрэннага не робіць: ляжыць сабе на канапе і нікога не чапае. Ага! Зараз! Галоўныя грахі – гэта грахі-спакусіцелі, без якіх не абыходзіцца аніякае злачынства на духоўнай вайне. Таму гэтых грахоў толькі сем. Бо менавіта гнеў можа стаць прычынай забойства, прычынай крадзежы – прагнасць, а непаслухмянасці – пыха і лянота.
    Лянота, дарэчы, самая непрык­метная і на першы погляд незаслужана ўнесеная ў гэты спіс. Яна вельмі лёгка ўваходзіць у нашае жыццё, бо мы яе не баімся. Бо мы з ёю настолькі звыкліся, што лічым яе прысутнасць нормай. Бо яна суправаджае нас на працягу цэлага дня: ад ранішняга ўставання да самай ночы. І барацьба з ёю пачынаецца адразу ад сігналу будзільніка. І, паверце, нездарма.
Лянота псуе ўсё, што бачыць на сваім шляху. Яна знішчае цела. А цела – гэта святыня Святога Духа. Недахоп руху аслабляе здароўе і фізічную моц, і часам пакутуюць ад гэтага цэлыя нацыі (вы ж разумееце, пра што я?)! Кажуць, лянота – рухавік прагрэсу. Мы згодныя вынайсці і зрабіць усё, што заўгодна, абы толькі нічога не рабіць. Аўтамабіль, ліфт, замова ежы па тэлефоне, хуткае харчаванне, мікрахвалёвая печ, пральная машына, пульт да тэлевізара – усё гэта вынікі прагрэсу... Я не кажу, што гэта дрэнна. Дрэнна тое, што не мае меры. А лянота меры не мае. І атрымліваецца, што мы ўжо выкарыстоўваем яе “адкрыцці” дзе трэба, і дзе не трэба, і вельмі хутка трапляем да яе ў абдымкі.
    Лянота нішчыць інтэлект. Лягчэй жа паглядзець тэлевізар, чым пачытаць кнігу.
    Лянота нішчыць таленты. Лягчэй жа прасядзець вечар у інтэрнэце за праглядам навін, чым узяцца за напісанне кнігі сваёй мары.
    Праз ляноту мы прапускаем нядзельную св. Імшу, ранішнюю ці вячэрнюю малітву. Так самы несур’ёзны на першы погляд грэх аддаляе нас ад нашага літасцівага Айца.
    Праз ляноту мы крыўдзім нашых родных: бабулю ці дзядулю, тату ці маму, мужа ці жонку, не дапамагаючы ім у самых простых, штодзённых рэчах.
    А што мы можам атрымаць, уступіўшы ў барацьбу са сваёй лянотай? Мы ўсяго толькі можам стаць больш дасканалымі: больш адукаванымі, пунктуальнымі, прыемнымі ў зносінах. Больш багатымі, бо не палянуемся знайсці працу і працаваць на вынік. Вызваленне ад ляноты робіць чалавека прыгажэйшым, больш спартыўным, лёгкім на пад’ём. Але галоўнае – заўсёды гатовым дапамагчы. А значыць, больш мілым Богу. А ці не гэта самае галоўнае?