Паўсюдны Касцёл (44)

Варта ведаць


   † Італія.  У італьянскім Турыне прайшоў другі этап 44-ай Агульнаеўрапейскай моладзевай сустрэчы, арганізаванай экуменічнай супольнасцю Тэзэ. Першы этап форуму праходзіў у анлайн-фармаце з 28 снежня 2021 па 1 студзеня 2022 года. Фізічна сабрацца разам маладым людзям з усёй Еўропы тады, як і годам раней, перашкодзіла пандэмія каранавіруса. Цяпер жа іх прымаюць сем’і і парафіі Турына. Сустрэча адбывалася ў абмежаваным фармаце: на 7 ліпеня ў буйнейшы горад П’емонта прыбылі ўсяго 150 валанцёраў і каля тысячы ўдзельнікаў. Для параўнання, у папярэдняй сустрэчы ў Вроцлаве ўдзельнічала 15 тысяч чалавек. Праграма форуму ўключала ў сябе супольную малітву, круглыя сталы, наведванне выстаў, музеяў, важных гістарычных і рэлігійных месцаў.

    † Паўднёвая Карэя. Карэйскія біскупы асудзілі законапраект аб эўтаназіі, які нядаўна паступіў у парламент. Прапанова прадугледжвае легалізацыю дапамогі ў суіцыдзе ў выпадку невылечнай хваробы. Арцыбіскуп П’ер Чунг Сун-Тэйк выступіў з заявай, у якой адназначна асудзіў законапраект. “Касцёл нагадвае, што святасць чалавечага жыцця непарушная, як іншымі, так і самім сабой, да апошняй хвіліны”, – напісаў старшыня Дыяцэзіяльнай камісіі жыцця. Ён падкрэсліў, што замест таго, каб скончыць жыццё, трэба шукаць спосабы паменшыць невыносныя пакуты, якія адчуваюць невылечна хворыя пацыенты.
   
   † Нікарагуа. Камуністычныя ўлады Нікарагуа выслалі з краіны манахінь з Кангрэгацыі Місіянерак Міласэрнасці. Рэжым Даніэля Артэгі ў рамках дзеянняў супраць Касцёла пазбавіў манахінь юрыдычнай аўтаноміі і забараніў усякую дзейнасць. Місіянеркі трымалі ў краіне дом для сірот, яслі для дзяцей з малазабяспечаных сем’яў, даглядалі старых. Цяпер іх прынялі ў дыяцэзіі Тыларан Ліберыя ў Коста-Рыцы, якая прапанавала сёстрам дапамогу.
   
   † Расія. У выдавецтве “Нестар-Гісторыя” выйшла навуковая манаграфія “«Graduale Romanum» 1974 г. Святочныя спевы Імшы: ад Сярэднявечча да Найноўшага часу. Пераклад, гісторыка-культурная інтэрпрэтацыя і літургічнае асэнсаванне сакральных тэкстаў. – Том 1. Ад Адвэнту да Пяцідзесятніцы”, забяспечаная ілюстрацыямі і нотамі. Паводле інфармацыі, размешчанай на сайце выдавецтва, дадзеная манаграфія ўяўляе сабой першую спробу перакладу на рускую мову асноўных спеваў “Graduale Romanum” выдання 1974 года ў кантэксце міждысцыплінарнага падыходу да аналізу сакральных тэкстаў, якія былі практычна нязменныя з перыяду Сярэднявечча да нашых дзён.