Паўсюдны Касцёл (41)

Варта ведаць


   † Германія.  Цудатворны абраз Багародзіцы Развязвальніцы Вузлоў, які знаходзіцца ў касцёле св. Пятра ў нямецкім Аўгсбургу, атрымаў у падарунак ад папы Францішка карону. Святы Айцец вельмі цэніць вобраз Марыі, які ўпершыню сустрэў у 1980-ых гадах падчас візіту ў Аўгсбург. Ён прывёз копію іконы ў Аргентыну і як арцыбіскуп Буэнас-Айрэса папулярызаваў яе ў мясцовым Касцёле. Абраз Багародзіцы Развязвальніцы Вузлоў быў выкананы каля 1700 года ў стылі барока, верагодна, Ёганам Георгам Мельхіёрам Шмітнэрам. Маці Божая на ім развязвае вузлы белага пояса, які трымаюць два анёлы.

    † Італія. Як заявіў новы старшыня італьянскага епіскапату, Касцёл у Італіі пойдзе сінадальным шляхам, які не скончыцца цяперашнім Сінодам. Звяртаючыся да італьянскіх біскупаў, кардынал Матэа Дзупі нагадаў пра сацыяльны кантэкст, у якім сёння знаходзіцца Італія. Ён згадаў пра наступствы пандэміі і вайны ва Украіне, заклікаючы не забывацца пра ахвяр войнаў у іншых рэгіёнах свету. Іерарх хоча, каб Касцёл у Італіі ішоў сінадальным шляхам, і ён не павінен скончыцца Cінодам, які зараз адбываецца ў Касцёле. Галоўнае ў сінадальнасці, як лічыць новы старшыня, – уменне слухаць. Касцёл павінен умець чуць і балючыя рэчы.
   
   † Індыя. Католікі ў Індыі вітаюць першага кардынала-даліта. Сярод прызначаных кардыналаў быў арцыбіскуп Хайдарабада, які паходзіць з далітаў, найніжэйшай касты ў Індыі. Прызначэнне кардыналам арцыбіскупа Энтані Пулі з’яўляецца прэцэдэнтам. “Гэта вялікая радасць для далітаў, іх пачулі”, – сказаў а. Боско, езуіт, які працуе на карысць гэтай супольнасці. Прызначэнне арцыбіскупа Пулі адбылося пасля дзесяцігоддзяў пратэстаў каталіцкіх груп далітаў, якія патрабавалі доступу для людзей з іх асяроддзя да вышэйшых пасад у Касцёле. Пратэсты ўзмацніліся, калі ў сакавіку група католікаў-далітаў у паўднёвым штаце Тамілнад выступіла супраць прызначэння Фрэнсіса Калісты арцыбіскупам архідыяцэзіі Пондычэры-Кадалор, паколькі ён не паходзіў з іх супольнасці. Таксама гучала патрабаванне стварыць у каталіцкім Касцёле абрад індыйскіх далітаў.
   
   † Аўстрыя. У зале Моцарта Венскага канцэртнага дома (Konzerthaus) чатыры святары з розных старон свету заспявалі на карысць будаўніцтва шпіталя ў Мазамбіку. У канцэрце пад назвай “Gott-sei-Dank” (Дзякуй Богу) выступілі: ураджэнец Індыі францысканец Мануэль Сандэш, а. Стэфан Эгву з Нігерыі, а. Джэром Амбарузі, які паходзіць з Румыніі, і філіпінец кс. Марсэла Сахульга. Музычнае кіраўніцтва ўзяў на сябе Эліяс Стэйскал з Папскай місіянерскай справы “missio”.