Паўсюдны Касцёл (39)

Актуальна - Варта ведаць


   † Германія. Клопат пра людзей, якія пакутуюць ад дэменцыі, і іх сваякоў – галоўная тэма сёлетняга нямецкага Экуменічнага тыдня на карысць жыцця. Яго адкрылі ў Лейпцыгу 30 красавіка 2022 года католікі і лютэране. Агульнанацыянальная кампанія праходзіла да 7 мая пад дэвізам “Пасярод жыцця з дэменцыяй”. Шматлікімі мерапрыемствамі Цэрквы прыцягвалі ўвагу да становішча людзей з гэтым сіндромам і іх сваякоў, а таксама садзейнічалі гуманнаму падыходу да іх. Падчас інаўгурацыйнага набажэнства ў лютэранскім храме св. Мікалая ў Берліне віцэ-старшыня нямецкага каталіцкага епіскапату біскуп Франц-Ёзэф Бодэ заявіў, што годнасць чалавека не залежыць ні ад яго здароўя, ні ад разумовых здольнасцей, ні ад магчымасці самавызначэння.

    † Сірыя. Хомсе прайшла сустрэча сірыйскай моладзі пад патранажам Супольнасці Тэзэ. Такое мерапрыемства праводзілася ў краіне ўпершыню. У ім удзельнічала каля 800 маладых людзей ва ўзросце ад 18 да 25 гадоў. Палова з іх з Хомса, астатнія – з іншых сірыйскіх гарадоў. Усіх прымалі мясцовыя сем’і. Нягледзячы на намаганні, самім братам з Тэзэ не ўдалося прыехаць у Хомс. Аднак яны падрыхтавалі праграму і малітвы. Ад іх імя сустрэчай кіраваў французскі езуіт кс. Вансан дэ Бакудрэ, які вось ужо тры гады з’яўляецца моладзевым душпастырам у Хомсе.
   
   † Францыя. Рэканструкцыя Нотр-Дам дэ Пары ўступае ў самую далікатную фазу. “Мы спадзяёмся, што да канца 2024 года Сабор Нотр-Дам дэ Пары будзе зноў адкрыты для вернікаў і наведвальнікаў, – прызнаўся пробашч парыжскай катэдры ў інтэрв’ю Vatican News. – Мы пачынаем трэці этап рэканструкцыі, самы далікатны. Перабудуем скляпенне над нефам і ўмацуем іншыя яго часткі. Вядуцца працы над формай даху і аднаўленнем шпіля. Усе тры будоўлі праводзяцца адначасова. Спадзяёмся, што ў канцы 2024 года можна будзе ўвайсці ў катэдру”.
   
   † Іспанія. У краіне адбываюцца напады на хрысціян. За Вялікі тыдзень зафіксавана 19 выпадкаў. Самай складанай атакай была рэклама, якую выкарыстала на плакатах па ўсёй Іспаніі сетка Burger King, здзекуючыся з Вялікага тыдня. Для папулярызацыі іх найноўшага прадукту – гамбургера без мяса – у крыху змененай форме былі выкарыстаны словы Пана Езуса з Апошняй Вячэры: “Бярыце і ешце з гэтага ўсе. Гэта не ўтрымлівае мяса. 100 працэнтаў вегетарыянскі. 100 працэнтаў смаку. Big King Vegetal”. Пасля палемікі, выкліканай рэкламай, і байкоту кампаніі, да чаго заклікалі ў сацыяльных сетках, Burger King папрасіў прабачэння за свае дзеянні і абвясціў аб зняцці антыхрысціянскай рэкламы.