Паўсюдны Касцёл (38)

Варта ведаць


   † Балівія.     Балівійскі Касцёл выказвае шкадаванне ў сувязі са смерцю 42-гадовага а. Уілберта Дазы OFM і заклікае разабрацца ў злачынстве, якое адбылося ў парафіі св. Францішка ў Санта-Крус. Генеральны сакратарыят Канферэнцыі біскупаў Балівіі ў сваім паведамленні выказаў шкадаванне і жах з нагоды гэтага злачынства. “Мы просім як мага хутчэй правесці яснае і дакладнае расследаванне, якое прывядзе да высвятлення тых страшных падзей. Перад абліччам росту ў Балівіі культуры гвалту, забойстваў жанчын, рабаванняў, марадзёрства і адсутнасці бяспекі для грамадзян, мы заклікаем усіх балівійцаў дзейнічаць на карысць культуры міру, у якой усе змогуць жыць у братэрстве”, – гаворыцца ў паведамленні балівійскага епіскапату.

    † Польшча. Агляд найкаштоўнейшага скарбу санктуарыя ў Чэнстахове здзейсніў праф. Кшыштаф Хмялеўскі з факультэта кансервацыі і рэстаўрацыі твораў мастацтва Варшаўскай акадэміі мастацтва, які на працягу многіх гадоў апекуецца гэтым незвычайным творам. Пагроза для абраза вынікае з самой яго матэрыі, бо ён напісаны на дошцы, адчувальнай да перападаў тэмпературы і вільготнасці, а стан драўніны ўплывае на пласты паліхрому, раствору і фарбы. Такая структура рэагуе пад уздзеяннем змены вільготнасці або тэмпературы навакольнага асяроддзя, кожны з кампанентаў змяняецца, што можа прывесці да раздзялення асобных слаёў і трэскання. Як паведаміў спецыяліст, стан абраза стабільны, улічваючы яго ўзрост і драматычную гісторыю – як старэйшую, так і навейшыя падзеі з часоў ІІ Сусветнай вайны, калі гаспадары святыні, айцы паўліны, былі вымушаны хаваць абраз. Умовы таго перыяду паўплывалі на якасць малярнага раствору, які стаў крохкім і “адчувальным”. Карыстаючыся нагодай, была заменена сукенка Маці Божай. Штогадовая праверка абраза Маці Божай Чэнстахоўскай праводзіцца з 1950 года. .
   
   † УКРАІНА. Марыупальскае аддзяленне каталіцкай дабрачыннай арганізацыі “Карытас Украіна” паведаміла пра трагічную гібель дзвюх сваіх супрацоўніц. Адзначаецца, што цэнтр каталіцкай гуманітарнай місіі, у якім хаваліся жанчыны, быў абстраляны танкамі. Разам з супрацоўніцамі арганізацыі загінулі пяць іх сваякоў. Кардынал Тагле заўважыў, што валанцёры, якія рызыкуюць сваім жыццём, выконваюць “святую справу”, сеючы праўду, справядлівасць, любоў і мір, якія зменяць свет. Ён запэўніў у малітве за гуманітарных работнікаў, якія гінуць у час баявых дзеянняў, падкрэсліваючы, што іх намаганні не будуць марнымі і абавязкова прынясуць плён.
   
   † ІТАЛІЯ. Улады краіны прынялі закон, які дазваляе выкарыстоўваць канфіскаваную ў мафіі маёмасць для размяшчэння бежанцаў з Украіны. На гэтыя мэты будуць перададзены 622 будынкі. У адпаведнасці з новым юрыдычным механізмам, аб’екты, якія не выкарыстоўваюцца і кіруюцца Агенцтвам па канфіскаваных актывах арганізаванай злачыннасці, сталі часова даступныя прэфектурам і муніцыпалітэтам. “Выкарыстанне канфіскаванай маёмасці набывае моцную сімвалічную каштоўнасць, паколькі нерухомасць, адабраная ў людзей, якія карыстаюцца насіллем, будзе перададзена яго ахвярам, якія ўцяклі ад ваенных дзеянняў”, – заявіла міністр унутраных спраў Лучана Ламаргезэ.