Паўсюдны Касцёл (30)

Варта ведаць


   † Лацінская Амерыка. Старшыня Касцёльнай асамблеі краін Лацінскай Амерыкі і Карыбскага басейна (CELAM) арцыбіскуп Мігель Кабрэхас Відартэ заявіў аб далейшых намаганнях па стварэнні сеткі абароны жыцця. Іерарх заклікаў мясцовыя Касцёлы рэгіёна пацвердзіць сваё пакліканне быць “адвакатамі справядлівасці і абаронцамі бедных”. Ён звярнуў увагу на тое, што ўрачыстасць Божага Нараджэння з’яўляецца прывілеяванай нагодай для сузірання таямніцы Сына Божага, які прыходзіць, каб збавіць нас і зрабіць вестунамі надзеі.

    † Італія. З-за чарговай хвалі пандэміі каранавіруса катэдра ў Фларэнцыі зачыняе дзверы для турыстаў. У выніку выпадкаў COVID-19 і неабходнага карантыну сярод персаналу сабор Санта-Марыя-дэль-Фьёрэ не зможа прымаць наведвальнікаў. Літургія ў катэдры працягнецца згодна з планам. Пакуль невядома, колькі будзе доўжыцца цяперашняя сітуацыя і калі зноў можна будзе наведаць святыню. Катэдра ў Фларэнцыі з’яўляецца рэзідэнцыяй мясцовага арцыбіскупа. Яе кансэкраваў у 1436 годзе папа Яўген IV. Па даўжыні галоўнага нефа гэта чацвёрты ў Еўропе храм пасля базілікі св. Пятра ў Ватыкане, англіканскай катэдры св. Паўла ў Лондане і катэдры Нараджэння НПМ у Мілане.
   
   † Польшча. Адказваючы на заклік папы Францішка адчыніць дзверы для мігрантаў, якія прыбываюць у Еўропу, Сталая рада Канферэнцыі епіскапату Польшчы запэўніла ў гатоўнасці дапамагаць мігрантам і бежанцам, якія прыбываюць у іх краіну. У паведамленні нагадвалася, што гэты від дапамогі імігрантам, якія ўжо жывуць і працуюць у Польшчы, на працягу многіх гадоў прапануе “Карытас”. “Гэтая дапамога будзе працягвацца і развівацца”, – запэўнівае арцыбіскуп Гандэцкі. Таксама біскупы просяць усіх суайчыннікаў маліцца за патрабуючых мігрантаў у Еўропе і ва ўсім свеце.
   
   † Індыя. Урад Індыі заблакіраваў сёстрам Маці Тэрэзы магчымасць атрымліваць сродкі з-за мяжы, матывуючы гэта тым, што яны не выконваюць мясцовае заканадаўства. Цяжкасці сясцёр Маці Тэрэзы з’явіліся пасля шэрагу нападаў на хрысціян у некаторых частках Індыі з боку правых індуісцкіх груповак, якія абвінавачваюць святароў і Касцёлы ў прымусовым навяртанні. Місіянеркі любові пацвердзілі ў заяве, што ўрад не замарозіў іх рахункі, але дадалі, што іх просьба аднавіць ліцэнзію на атрыманне дапамогі з-за мяжы не была ўхвалена.