Паўсюдны Касцёл (10)

Варта ведаць

☞ Паўднёвая Карэя. У Сеуле кардынал Андрэ Ём Су Чжун удзяліў прэзбітэрскія пасвячэнні 20-ці дыяканам. Сярод новых ксяндзоў ёсць таксама будучы місіянер, накіраваны на працу ў Лацінскую Амерыку. Пасвячэнні адбыліся з захаваннем санітарных абмежаванняў, уведзеных з-за пандэміі Covid-19. У цэлебрацыі ўдзельнічалі бацькі новапрэзбітэраў, іх пробашчы, а таксама дапаможныя біскупы і некалькі іншых канцэлебрантаў.

    ☞ Італія. Беатыфікацыя суддзі Расарыё Лаваціна адбудзецца 9 мая ў катэдральнай базіліцы Агрыджэнта на Сіцыліі. Юрыст быў забіты мафіяй 21 верасня 1990 года, а 22 снежня мінулага года папа Францішак абвясціў яго мучанікам. “Дата беатыфікацыі была абвешчана арцыбіскупам Агрыджэнта кардыналам Франчэска Монтэнэгра і арцыбіскупам коад’ютарам Алесандра Даміяна ў канцы сустрэчы, якая адбылася ў зале Яна Паўла ІІ у Палацы арцыбіскупа ў Агрыджэнта. У ёй прынялі ўдзел прадстаўнікі грамадзянскай, касцёльнай і судовай улады правінцыі і муніцыпалітэтаў Канікаці і Агрыджэнта”, – паведамляецца ў каталіцкім часопісе “Avvenire”. 9 мая стане датай, цесна звязанай з постаццю суддзі Лаваціна, але таксама са св. Янам Паўлам II і яго візітам у Агрыджэнта ў 1993 годзе.
   
   ☞ Мадагаскар. А. Педра Апека, які больш за 30 гадоў працуе на Мадагаскары, быў намініраваны на Нобелеўскую прэмію міру. Ён распачаў вялікую справу “Акамасоа” – Горад дружбы, стараючыся забяспечыць там лепшае жыццё сем’ям, якія жылі на сталічнай звалцы. Кандыдатуру каталіцкага місіянера прапанаваў прэм’ер-міністр Славеніі. А. Педра Апека – аргентынец са славенскімі каранямі. Ён належыць да Кангрэгацыі Ксяндзоў Місіянераў, называнай у народзе лазарыстамі. Яе мэта – перайманне Хрыста, які прапаведуе Евангелле бедным. Горад дружбы паўстаў у 1989 годзе, калі айцец пераканаў 70 сем’яў пакінуць звалку і стварыць разам з ім новую вёску ў раёне, ахвяраваным уладамі.
   
    ☞ Рым. Касцёл св. Калікста ў Рыме стаў прытулкам для бяздомных на перыяд зімовых халадоў. Супольнасць св. Эгідзія, якая размяшчаецца побач, зладзіла ў гэтым невялікім храме 15 “пакояў”, у якіх патрабуючыя могуць пераначаваць. Спачатку бяздомныя праходзяць тэст на наяўнасць COVID-19, ім вымяраецца тэмпература і выдаецца ахоўная маска. Таксама прадугледжаны вячэра і сняданак. Падобныя прытулкі супольнасць св. Эгідзія арганізавала таксама ў іншых месцах Рыма.