Паўсюдны Касцёл (8)

Варта ведаць

☞ Польшча. Скончыўся найбуйнейшы пасля вайны рамонт Марыяцкай базілікі ў Гданьску, які фінансаваўся ў асноўным Еўрапейскім саюзам. Рамонт, выдаткі на які склалі 19 мільёнаў 746 тысяч злотых, працягваўся больш за 3 гады і вёўся мясцовай парафіяй. У выніку праекта павялічылася турыстычная прывабнасць Марыяцкай базілікі, эстэтыка святыні і ўсяго Галоўнага горада. Асноўнай мэтай праекта было аднаўленне, кансервацыя базілікі і абарона яе ад заняпаду. Гэта дазволіла аднавіць першапачатковую каштоўнасць і захаваць культурную спадчыну храма для будучых пакаленняў.

    ☞ Танзанія. У краіне была створана дадатковая вышэйшая духоўная семінарыя, бо ў папярэдніх ужо не хапала месцаў. Гэта вынік пакліканневага буму, які пачаўся дзесяць гадоў таму і набірае абароты. У новай семінарыі, размешчанай у дыяцэзіі Кагама, на першы год фармацыі было залічана больш за 100 клерыкаў з цэлай краіны. Усяго новая структура зможа прыняць больш за 500 семінарыстаў. Большасць з іх – маладыя людзі адразу пасля заканчэння школы. Аднак развіццё акадэмічнага душпастырства спрыяе таму, што святарства абіраюць таксама асобы, якія навучаюцца на іншых факультэтах. Паступова павялічваецца таксама колькасць г. зв. сталых пакліканняў, але іх усё яшчэ адносна мала.
   
   ☞ Ірак. Каталіцкі Касцёл ў Іраку апублікаваў лагатып і слоган запланаванага на 5–8 сакавіка візіту папы Францішка ў гэтую краіну. Постаць Пантыфіка паказана на фоне карты Ірака з выразна адзначанымі рэкамі Тыгр і Еўфрат, а таксама пальмай. У верхняй частцы, над сцягамі Ватыкана і Ірака, размешчаны голуб – сімвал доўгачаканага міру пасля некалькіх гадоў крывавага канфлікту. Вакол яго на арабскай, курдскай і халдзейскай мовах напісаны лозунг папскага візіту – цытата з Евангелля паводле св. Мацвея: “Усе вы – браты” (Мц 23, 8), якая спасылаецца таксама на нядаўнюю энцыкліку папы Францішка “Fratelli tutti”.
   
    ☞ Японія. Значна зніжаецца ўдзел вернікаў у св. Імшах у раёне Токіа, дзе з-за павелічэння колькасці захворванняў на COVID-19 урад увёў надзвычайнае становішча. Яно працягнецца да 7 лютага. Ахоплівае плошчу 3-ох дыяцэзій, у якіх пражывае больш за 170 тысяч вернікаў, з якіх больш за палову – іншаземцы. Вернікі сталіцы і суседніх прэфектур амаль не маюць магчымасці ўдзельнічаць у Імшы ў буднія дні, але і ў нядзелю гэта дастаткова цяжка. Значна меншую прысутнасць вернікаў на Эўхарыстыі можна было заўважыць ужо на Каляды і Новы год.