Паўсюдны Касцёл (7)

Варта ведаць

☞ Мадагаскар. Папа Францішак ахвяраваў 50 тысяч еўра, каб дапамагчы галодным рэгіёнам на поўдні Мадагаскара. Яны будуць накіраваны на патрэбы вязняў, у тым ліку жанчын, якія адбываюць турэмнае пакаранне разам са сваімі дзецьмі. Фінансавая дапамога будзе аказана 3-ом пэнітэнцыярным установам. Адмысловая дамова была заключана паміж прадстаўнікамі мясцовых улад, Апостальскім нунцыем у Мадагаскары арцыбіскупам Рока Гуальцьеры і арцыбіскупам Антананарыву Адонам Разанакалонам пасля іх сумеснага візіту ў турмы.

    ☞ Польшча. У касцёле ў Катавіцах узялі шлюб 2 пары бяздомных. У падрыхтоўцы да сакраманту, якая трывала некалькі месяцаў, нарачоным дапамаглі браты капуцыны з катавіцкага Залэнжа і сёстры калькуткі – Місіянеркі Любові. У вясельнае падарожжа маладажоны адправіліся ў пяцізорачны гатэль. Моніка з Ірэкам і Кася з Марыюшам жывуць у плачэўных умовах. Іх удалося забяспечыць цёплымі спальнымі мяшкамі і рознымі прадуктамі харчавання, а таксама нават замовіць пярсцёнкі. Да падрыхтоўкі і падтрымкі былі запрошаны сябры маладажонаў і ахвярадаўцы.
   
   ☞ Аўстрыя. З-за чарговага лакдаўна да 17 студзеня ўсе набажэнствы ў касцёлах краіны будуць праходзіць без удзелу вернікаў. Аднак святыні будуць адкрыты для індывідуальнай малітвы на працягу дня. Акрамя таго, у святочныя і будзённыя дні ў гэты перыяд можна будзе цэлебраваць літургію ў невялікай групе людзей пры захаванні пэўных умоў.
   
   ☞ Расія. Да барацьбы з пандэміяй каранавіруса далучаецца невялікая суполка католікаў, якіх у расійскім грамадстве ўсяго 0,5%. “Калі з меркаванняў бяспекі немагчыма звярнуцца ў бальніцу, мы спрабуем дапамагчы хворым у іх дамах, – расказвае Паола Пецы, арцыбіскуп Маскоўскі. – Вернікі клічуць нас, бо хочуць прыняць сакраманты, а таксама проста пагаварыць і памаліцца. Акрамя таго, мы аднавілі магчымасць удзелу ў Імшы праз інтэрнэт, арганізуем у сеціве шматлікія малітоўныя і фармацыйныя сустрэчы”.
   
    ☞ ЗША. 82-гадовы пацыент бальніцы ў Ланкастэры, штат Каліфорнія, быў забіты 37-гадовым суседам па бальнічным пакоі па той адзінай прычыне, што пачаў маліцца. Калі стары католік распачаў малітву, забойца схапіў кіслародны балон і ўдарыў яго. Пацярпелы памёр ад атрыманых раненняў наступнай раніцай. Віноўнік злачынства ўжо абвінавачаны ў забойстве на глебе нянавісці да веры.